Майя Пацейко — женщина, которая кардинально изменила свою профессиональную деятельность

Общество

У Год беларускай жанчыны мы распачынаем адмысловы праект, у рамках якога будзем расказваць пра нашых зямлячак, што ў сваіх прафесіях, захапленнях, жыццёвых выпрабаваннях праяўляюць сілу, мужнасць, цвёрдасць характару і іншыя рысы, не надта ўласцівыя паняццю “слабы пол”.

Гераіняй нашага першага аповеду стане жанчына, якую ведаюць многія ўшачане: за 40 год праз клапатлівыя рукі выхавацеля дзіцячага сада Маі Леанідаўны Пацэйкі прайшлі сотні малышоў. І, згадзіцеся, даволі нечаканым аказаўся паварот яе працоўнага лёсу, калі больш года таму жанчына згадзілася ўзначаліць раённую арганізацыю таварыства выратавання
на водах.

“Гэта толькі на першы погляд здаецца, што сферы – супрацьлеглыя: і ў рабоце з дашкольнікамі, і ў зносінах з рыбакамі ды матросамі трэба знайсці правільны падыход і адказна выконваць свае абавязкі. Дарэчы, у Віцебскай вобласці сярод калег (а іх – каля 40) я – не адзіная жанчына”, – тлумачыць наша суразмоўца.

“Але, мабыць, у час рэйдаў па вадаёмах іншы раз гучыць саркастычнае: “Вы плаваць хоць умееце?” – пытаемся ў Маі Леанідаўны. У адказ – абаяльная ўсмешка: “Напэўна, мне шанцуе, але за час работы ў таварыстве не пачула ніводнага крыўднага слова! А плаваю я, дарэчы, добра: з маленства ля рэчкі жыла”.

Яна па жыцці – актывістка. У Старынкоўскай васьмігодцы была старшынёй камсамольскай арганізацыі, ва Ушацкай школе, дзе завяршала вучобу, – камсоргам класа. Як і ўсе вясковыя дзеці – звыклая да працы: абавязкі па гаспадарцы меў кожны з шасці дзяцей сям’і Севярын. Спартыўная: займалася лёгкай атлетыкай, лыжамі – у многім пад уплывам старэйшага брата Леаніда, які мэтанакіравана рыхтаваўся да паступлення ў інстытут фізкультуры.

Сама ж Мая са справай жыцця вызначылася не з першай спробы. Скончыўшы вучылішча, уладкавалася кантралёрам АТК на віцебскай фабрыцы КІМ, дзе ёй даручылі сачыць, ці якасна пашыты цяльняшкі. Чорна-белыя палоскі мітусіліся ў вачах – такі манатонны працэс для няўрымслівай дзяўчыны быў невыносным. А вось работа выхавацеля, якую ёй прапанавалі пасля вяртання ва Ушачы, адразу захапіла, яна з “чырвоным дыпломам” завочна скончыла педвучылішча. З цеплынёй прыгадвае выдатны калектыў сада №2, загадчыц Ларысу Міронаўну Фаміну, Людмілу Андрэеўну Напрыенка, наватарскія методыкі, па якіх яны працавалі. “Памятаю кожнага свайго малыша! Узгадваю, напрыклад, як маленькі Арсеній Гардзіёнак, перайначыўшы маё імя і імя па-бацьку, кранальна называў мяне “МаЯ Лідаўна”! І калі зараз іду па пасёлку, а былыя выхаванцы і іх бацькі пры сустрэчы сардэчна вітаюцца, абдымаюць мяне – радуюся, што прысвяціла жыццё годнай справе!” – прызнаецца жанчына.

Лёс падрыхтаваў ёй і вельмі цяжкія выпрабаванні. На парозе сваёй шаснаццатай вясны з-за трагічнага выпадку пайшла з жыцця яе дачушка – гэты боль не суцішыцца ніколі, і ў іх доме ёсць куточак з іконамі, дзе Мая Леанідаўна штодня ўзносіць малітвы за супакой яе душы… Але моцны характар, падтрымка старэйшай дачкі і ўнукаў, родных і сяброў дапамагаюць жанчыне захоўваць святло ў сэрцы.І як раней, яна цалкам аддаецца даручанай справе.

“На нечаканую прапанову заняць вакансію старшыні раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах згадзілася не адразу. Параілася з блізкімі, пагутарыла з тагачасным кіраўніком абласной арганізацыі Аляксандрам Мясаедавым, які падбадзёрыў: “Вузкія жаночыя плечы іншы раз нават больш трывалыя, чым шырокія мужчынскія!” – прызнаецца Мая Леанідаўна.

Скрупулёзна вывучыла патрабаванні і найперш пайшла па прадпрыемствах – знаёміцца. Калі ўпершыню выступала з прафілактычнымі гутаркамі ў мужчынскіх калектывах – вельмі хвалявалася, але ўсе ўспрынялі яе добразычліва. “Папярэджаннем гібелі на вадзе займаецца не толькі наша арганізацыя – працуем па плане сумесных дзеянняў з райаддзеламі ўнутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях, і хачу сказаць, что з прадстаўнікамі гэтых структур заўсёды знаходзім агульную мову!” – адзначае наша суразмоўца.

Самая ж гарачая пара ў старшыні таварыства – купальны сезон, які доўжыцца з пачатку мая да канца верасня. На гэты час Мая Леанідаўна заступае на пасаду старшага матроса-выратавальніка, і ў падначаленне да яе трапляюць чацвёра работнікаў выратавальнага паста гарадскога пляжа на Вечаллі. Штораніцы яна адкрывае працоўную змену і праводзіць з імі інструктаж. “Канечне, мае матросы і самі ўсё ўмеюць і ведаюць: у Паўла Прашковіча, напрыклад, за плячамі 11 купальных сезонаў, выключнай адказнасцю вылучаецца Генадзь Кулянок, але яны ставяцца да мяне вельмі паважліва! Я ў сваю чаргу прыслухваюся да іх парад, а калі летам на пляжы адпачывалі арганізаваныя групы дзяцей, мы разам ладзілі для іх віктарыны, конкурсы, рухомыя гульні – дарэчы аказаліся мае педагагіныя навыкі!” – усміхаецца жанчына.

Ну а калі вылучаць сур’ёзны аспект дзейнасці паста, то варта падкрэсліць, што за мінулы сезон тут не дапусцілі ніводнага надзвычайнага здарэння.
Ёсць і абавязках старшыні і такая руцінная працэдура, як збор узносаў. Карыстаючыся выпадкам, Мая Леанідаўна папрасіла падзякаваць усім арганізацыям раёна за разуменне, з якім яны ставяцца да неабходнасці фінансавай падтрымкі таварыства. А плён яго дзейнасці відавочны: штогод супрацоўнікі пастоў выратоўваюць больш 200 беларусаў.

Нямала спраў у таварыства і зімой. У гэтыя марозныя дні Маю Леанідаўну можна нярэдка сустрэць на азёрах. “Правяраем таўшчыню лёду, тлумачым рыбакам, якія не дбаюць пра сваю бяспеку, што ў іх арсенале абавязкова павінны быць выратавальная камізэлька, вяроўка, крукі. Калі ж не ўдаецца “дастукацца” да мужчын, гутару… з іх жонкамі (я ж у раёне амаль усіх ведаю). І некаторыя па маёй падказцы на 23 лютага падарылі сваім мужам камізэлькі”, – на пазітыўнай ноце завяршае нашу размову гэта мудрая і светлая жанчына.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *