Дом, где живёт детство: детский сад №1 г.п. Ушачи отметил 50-летний юбилей

Общество

Дзіцячы сад №1 г.п.Ушачы, які некалі быў адзінай дашкольной установай у райцэнтры, мае даўнюю і вельмі багатую гісторыю. Паўстагоддзя ж таму ўпершыню адчыніліся дзверы новага будынка і ў яго сценах загучалі дзіцячыя галасы. Такі час для гісторыі – усяго імгненне, а для многіх пакаленняў выхаванцаў, былых і сённяшніх работнікаў – незабыўная падзея, якая дорыць цудоўныя ўспаміны, натхняе на новыя здзяйсненні.

У мінулую пятніцу па-святочнаму ўпрыгожаная дашкольная ўстанова сустракала шматлікіх гасцей. Дарэчы, не толькі прымала віншаванні ды падарункі, але і дзялілася імі – спецыяльна да юбілею была выраблена сувенірная прадукцыя, накрыты салодкі стол.

Пра такую асаблівую гасціннасць і цеплыню, якія пануюць у дзіцячым садзе №1, казаў у прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў. Ён шчыра падзякаваў калектыву за годнае выкананне прафесійных абавязкаў і ад імя раённага кіраўніцтва ўручыў установе заслужаную ўзнагароду, а таксама грашовы сертыфікат на набыццё тэхналагічнага абсталявання.

Нямала добрых слоў калегам – прадстаўнікам самай лепшай, на яе думку, прафесіі – адрасавала Людміла Васільеўна Давыдава. Ганаровымі граматамі ад аддзела па адукацыі райвыканкама, начальнікам якога з’яўляецца, узнагародзіла загадчыка ўстановы Вікторыю Міхайлаўну Кляшторную, а таксама спецыялістаў, работа якіх часта неапраўдана застаецца ў цені. Гаворка – пра повараў Ганну Генадзьеўну Быкаву і Кацярыну Сяргееўну Барэйка, памочніка выхавацеля Марыну Уладзіміраўну Сарокіну і загадчыка гаспадаркі Наталлю Арсенцьеўну Федарэнка. Парадаваліся ўсе і сертыфікату ад аддзела на набыццё мяккага інвентару, а таксама падарунку ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Г.Ягораў, В.Кляшторная.

Канечне, не забыліся ў гэты дзень пра ветэранаў педагагічнай працы. Ажно тры дзесяцігоддзі – з 1983-га па 2013-ы – узначальвала калектыў дзіцячага сада Людміла Ягораўна Федарэнка, 27 гадоў адпрацавала тут метадыстам Надзея Пятроўна Мялешка – яны і трымалі слова. Як адзначылі, многае змянілася ў апошні час: палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы, але ж значна зменшылася напаўняльнасць груп – раней у кожнай было па 30-40 дзяцей, як зараз у цэлым садку! Разам з тым нязменным засталося галоўнае – прафесіяналізм работнікаў, іх жаданне стаць для выхаванцаў сябрамі, стварыць у садку па-дамашняму ўтульную абстаноўку. І ў гэтым выступоўцаў падтрымалі былыя выхавацелі Тамара Паўлаўна Залатухіна, Тамара Уладзіміраўна Малашкевіч, Галіна Іванаўна Краснова, Галіна Уладзіміраўна Віннік, памочнікі выхавацеляў Алена Афанасьеўна Радзіеўская, Галіна Віктараўна Апёнак, Надзея Міхайлаўна Бондал, якія гэтак жа завіталі на мерапрыемства.

Сёння дзіцячы сад №1 – гэта 36 выхаванцаў трох груп, а таксама калектыў з 23 улюбёных у сваю справу прафесіяналаў, дзевяць з якіх – педагогі. На базе ўстановы працуе першы клас Ушацкай школы, а гэта яшчэ 22 хлопчыкі і дзяўчынкі.

Творчы нумар ад работнікаў і выхаванцаў.

 

Пра сваё даўняе сяброўства з дзіцячым садам расказалі мнагадзетныя бацькі Вячаслаў і Наталля Сакаловы. Так, у свой час ушачанка сама наведвала гэтую ўстанову. А пасля і ўсіх сваіх чацвярых дзяцей сюды прынцыпова аддалі – атрымалася, што ўжо 12 гадоў ходзяць.

З вершаванымі пажаданнямі, падарункамі прыйшлі да калег прадстаўнікі адміністрацыі дашкольных устаноў з райцэнтра. Музычныя сюрпрызы падрыхтавалі выпускнікі сада-юбіляра Назар Сакалоў і Мікіта Волах, Вячаслаў Бакан і Ілья Барысёнак. Дарэчы, і цяперашнія выхаванцы не адседжваліся – прадэманстравалі ўменне спяваць і танцаваць, расказваць вершы, трымацца на сцэне. Настальгічныя ноткі дадала мерапрыемству прэзентацыя рэтра-фотаздымкаў. Ну а калі ў фінале работнікі сада разам з дзецьмі заспявалі “Маленькую краіну” па матывах песні Н.Каралёвай, многія ў зале не змаглі стрымаць слёз.

В.М.Кляшторная падзякавала ўсім за ўвагу і віншаванні, паабяцаўшы, што калектыў будзе і надалей рабіць усё магчымае, каб трымаць марку сада №1 у раёне, быць сапраўды першым ва ўсім.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *