Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь не абмяжоўваюцца толькі кабінетнай работай і кожны месяц працуюць у сваіх акругах – сустракаюцца з жыхарамі, вывучаюць работу сацыяльнай сферы, прамысловага сектара. Сабраную інфармацыю аналізуюць, каб потым пры неабходнасці ініцыіраваць яе абмеркаванне ў Парламенце. Наш дэпутат Аляксандр Стома правёў на мінулым тыдні ва Ушачах прыём грамадзян і “прамую тэлефонную лінію”.
Жыхар раёна выказаў незадаволенасць наконт нізкага тэмпературнага рэжыму ў памяшканні аўтавакзала ва Ушачах. Зварот узяты на кантроль.
Мнагадзетная маці пажадала сустрэцца з Аляксандрам Мікалаевічам, каб выказаць яму шчырую падзяку за дапамогу ў арганізацыі аказання медыцынскай дапамогі яе сыну. Такія моманты адлюстроўваюць дзейснасць работы народных абраннікаў з насельніцтвам і вельмі прыемныя для іх.
“Невялікая колькасць зваротаў сведчыць аб тым, што многія пытанні вырашаюцца на мясцовым узроўні. Сёння грамадзянам прадастаўлены шырокія магчымасці, каб агучыць сваю праблему ці пытанне як кіраўніцтву рэгіёну, так і дэпутатам, сенатарам падчас сустрэч у калектывах, прыёмаў, “прамых ліній”, – адзначыў Аляксандр Мікалаевіч.
З кіраўніцтвам раёна парламентарый абмеркаваў актуальныя пытанні жыццядзейнасці і перспектывы развіцця Ушаччыны ў цэлым. Старшыня райвыканкама С.С.Шамовіч акрэсліў асноўныя моманты распрацаванай асобнай канцэпцыі стварэння турыстычнага кластара, якая прадугледжвае ўзвядзенне новых аб’ектаў для адпачынку, аказання турпаслуг. Для гэтага ў нас ёсць ідэальныя ўмовы і ўнікальная прырода, патрэбны інвестары, якія дапамогуць увасобіць амбіцыйныя планы ў жыццё.
* * *
У час рабочай паездкі ў раён А.М.Стома сустрэўся з моладдзю і старшакласнікамі – ва Ушацкай школе пад эгідай райкама БРСМ адбыўся адкрыты дыялог “УНС: час канкрэтных спраў!” У нефармальнай абстаноўцы абмеркаваны стратэгічна важныя пытанні – будучыня беларускай дзяржавы і дабрабыт яе грамадзян. Фундаментальным пасылам сустрэчы сталі словы кіраўніка дзяржавы аб тым, што, нягледзячы на непрадказальнасць сучаснага свету, будучыня нашай краіны знаходзіцца выключна ў руках яе жыхароў і залежыць ад асабістага ўкладу кожнага. Росквіт і развіццё, да якіх мы імкнемся, не могуць быць вынікам намаганняў толькі аднаго чалавека. А аб’яднаўшыся, мы зможам дасягнуць пастаўленых мэт.
У цэнтры ўвагі былі ключавыя моманты Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Парламенту, асноўныя тэзісы праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на бліжэйшую пяцігодку. Моладзь актыўна задавала пытанні, а Аляксандр Мікалаевіч даваў парады з вышыні ўласнага вопыту. Напрыклад, кажучы пра дэмаграфічную бяспеку, прывёў лічбу, што яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму беларускія дзяўчаты ўпершыню станавіліся мамамі ў 20-21, зараз жа рашаюцца на пашырэнне сям’і толькі ў 29-30. У яго сям’і першынец з’явіўся на свет яшчэ ў студэнцкія гады – аб чым яны з жонкай не пашкадавалі. Калі ж меркаваць, што спачатку трэба зрабіць кар’еру, а потым думаць пра дзяцей, – можна згубіць час. Тым больш што ў нашай краіне для сямей з дзецьмі прадугледжана адчувальная дзяржаўная падтрымка.
Вольга КАМАРКОВА.


