У халодны час птушкам бывае няпроста здабыць сабе ежу: насенне пакрываецца снегам, ягады на дрэвах і кустах заканчваюцца, а насякомыя хаваюцца. Ускладняе пошук корму і тое, што ў моцныя маразы амаль уся іх энергія ідзе на падтрыманне тэмпературы цела. Такім чынам, кармушкі значна павялічваюць птушыныя шансы на выжыванне зімой.
Ва Ушацкім лясгасе вырашылі зрабіць для крылатых насельнікаў цэлую птушыную сталовую (на здымку). Да годнай справы падключылі і малышоў з дашкольнага лясніцтва “Баравічок”, якія разам з дарослымі паўдзельнічалі ў вырабе кармушак. Ну а стыльную драўляную канструкцыю змайстраваў лясгасаўскі ўмелец Дзмітрый Пашкевіч. Устанавілі ж яе на экалагічнай сцяжыне, што непадалёк ад Ушацкага лясніцтва.
Пабывалі там і мы: ацанілі тое, як удала ўпісаўся новы элемент у дызайн аб’екта – дарэчы, зімой сцяжына вельмі маляўнічая, а лесаводы знаходзяць час, каб прачышчаць дарожкі, так што па ёй можна прагуляцца, а заадно прыхапіць корм, каб папоўніць рэсурсы птушынай сталоўкі. Мы, канечне, таксама гэта зрабілі. Нагадаем, што карміць птушак можна семкамі сланечніка (нясмажанымі і несалёнымі), прасянымі, аўсянымі, ячнымі крупамі, арэхамі, крошкамі падчарсцвелага батона, несалёным салам.
Дапамагчы птушкам суровай зімой можа кожны, калі павесіць кармушку ля дома, на вытворчай тэрыторыі. Напрыклад, юныя лесаводы з “Баравічка” пастаянна клапоцяцца пра падкормку крылатых, што жывуць ля Глыбачанскай школы (на здымку). Фарміраванне беражлівых адносін да прыроды – важны напрамак не толькі дзейнасці дашкольнага лясніцтва, а і ўвогуле выхавання дзяцей.
Не застаюцца суровай зімой без увагі і дзікія жывёлы. Маразы для іх не настолькі страшныя, як глыбокі снег – тыя ж алені, а тым больш казулі не могуць дакапацца да зямлі, каб паласавацца бруснічнікам ды леташняй травой.
Толькі ў угоддзях лясгаса налічваецца каля паўтысячы капытных, і работнікі паляўнічай гаспадаркі арганізоўваюць для іх “харчовую падтрымку” на 13 падкормачных пляцоўках. У асноўным у рацыёне – адходы зерня. Маюцца ў лясах і кармушкі-салонцы: іх папаўняюць круглы год, бо жывёлы маюць патрэбу ў мінеральных рэчывах, якія робяць іх больш устойлівымі да захворванняў. Зімой жа ў пошуках солі яны часта выходзяць на трасы, якія дарожнікі пасыпаюць адпаведнай сумессю, а лясныя салонцы дазваляюць зменшыць такія небяспечныя падарожжы.
Дарэчы, на Віцебшчыне падкормачны перыяд доўжыцца аж 135 дзён, тады як у паўднёвых рэгіёнах – 90.
Наталля БАГДАНОВІЧ.


