Рассказываем, кто стал победителем районного конкурса патриотической песни “Песни юности наших отцов»

Культура

На мінулым тыдні ў Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў раённы этап конкурсу “Песні юнацтва нашых бацькоў”, які збірае на сцэне маладых выканаўцаў Віцебшчыны ўжо ў 32-і раз.

Удзельнікаў сёлета было сем, двое з іх дэбютавалі ў конкурсе, аднак неаднойчы да гэтага выходзілі на сцэну.

Марыя Радзюш другі год працуе ў школе мастацтваў і з’яўляецца ўдзельніцай калектыву “Натхненне”. Выйшлі на сцэну і тры старшакласніцы. Неўпершыню ў гэтым творчым спаборніцтве Глыбачанскую школу прадставілі Насця Сяліцкая і Даша Краснова. Рэпертуар дзяўчатам дапамагалі падбіраць матулі, якія таксама любяць музыку. А Вераніка Сіротка, якая займаецца вакалам у Ільюшынскім СДК пад кіраўніцтвам Алега Іванова, прымае ўдзел у многіх мерапрыемствах, але ж выступленне ў конкурсе “Песні юнацтва нашых бацькоў” было для яе дэбютным.

Не маглі прапусціць мерапрыемства і прадстаўніцы раённага цэнтра культуры Крысціна Войсет і Вікторыя Гулюта. Віка, якая раней працавала ў Дэпартаменце аховы, прызналася, што сцэна для яе ўсё ж бліжэй, чым электрасхемы, і гэта адчувалася ў кожнай ноце.

Не абышлася праграма і без вопытных вакалістаў – такіх як Марына Фядосава. “Музыка – маё жыццё! Школа мастацтваў, Наваполацкі каледж, сталічны ўніверсітэт, работа ў раённым цэнтры культуры… Апошнія пяць год працую ў раёне газазабеспячэння, але з творчасцю не развітваюся: прадстаўляю прадпрыемства на галіновых і раённых конкурсах. У мяне і сям’я музычная: старэйшы сынок ужо саліраваў у садку, малодшаму толькі год, але, відаць, што ён таксама галасісты! Спяваю кожны дзень – за уборкай, гатаваннем. А на гэты конкурс ішла з простай мэтай: выйсці на сцэну і атрымаць задавальненне!” – падзялілася з намі Марына.

Арганізатары праграмы запісалі арыгінальныя відэазастаўкі, якія ажыўлялі выхад артыстак на сцэну. Дарэчы, рабілі яны гэта двойчы: акрамя песень савецкіх часоў ацэньвалася і выкананне беларускіх хітоў.

Журы, у склад якога ўваходзілі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Пётр Алексяёнак, загадчык сектара культуры Лідзія Шкаруба і першы сакратар райкама БРСМ Вікторыя Глінская, няпроста вынесці вердыкт. Падводзячы вынікі, Пётр Аляксандравіч адзначыў высокі ўзровень выканання, падзякаваў удзельніцам за творчасць і ўручыў заслужаныя ўзнагароды. “Бронза” дасталася Дашы Красновай, “срэбра” – Марыне Фядосавай, а “золата” – Вікторыі Гулюта, якая і прадставіць раён на наступным этапе конкурсу.

Анастасія ПОЛАЗАВА.
На здымку: В.Гулюта, М.Фядосава, М.Радзюш, П.Алексяёнак, К.Войсет, В.Сіротка, А.Сяліцкая, Д.Краснова.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *