От БелАЗа до виртуальной АЭС: что можно посмотреть на выставке достижений «Моя Беларусь» в Минске

Калейдоскоп

У сталіцы праходзіць маштабная выстава дасягненняў “Мая Беларусь” – адна з галоўных пляцовак зімы. Экспазіцыя ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры “БЕЛЭКСПА” аб’ядноўвае галоўныя поспехі краіны ў эканоміцы, навуцы, культуры, медыцыне, тэхналогіях. Наведвальнікі могуць убачыць Беларусь у мініяцюры – ад індустрыяльных флагманаў да культурных і турыстычных сімвалаў рэгіёнаў.

Гэта своеасаблівае падарожжа па краіне, якое ўключае інтэрактыўныя тэматычныя зоны, маштабныя інсталяцыі і фотазоны, віртуальныя знаёмствы з рэгіёнамі, экспанаты прамысловасці і тэхнікі, прэзентацыю турыстычнага патэнцыялу Беларусі, дзіцячыя актыўнасці ў выглядзе эксперыментаў, віртуальных квэстаў і гульняў. Перадаць магчымасці і ўсю атмасферу вялізнай выставы некалькімі радкамі проста немагчыма! Уражаннямі аб ёй мы папрасілі падзяліцца работнікаў Ушацкага лясгаса, якія нядаўна пабывалі ў “Белэкспа”.

– Адразу хочацца сказаць: ніколькі не пашкадавалі, што прысвяцілі выхадны дзень такой паездцы ў сталіцу – экспазіцыя выклікала пачуццё гонару за дасягненні нашай краіны. Арганізавана яна на самым высокім тэхнічным узроўні, дастойна і з размахам, – адзначае намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Вераніка Пацэйка. – Велічны сімвал беларускага машынабудавання – “БелАЗ” заняў галоўную пазіцыю ля ўваходу ў выставачны цэнтр. Гэта першая з лакацый, дзе ўсе наведвальнікі выставы абавязкова робяць на яго фоне памятныя фота. Велізарная інсталяцыя – карта Беларусі з галоўнымі аб’ектамі ў фае прыцягвае асаблівую ўвагу турыстаў. Неперадавальныя эмоцыі выклікала віртуальная экскурсія па Беларускай АЭС. Надзеўшы спецыяльныя акуляры, мы перанесліся на атамную станцыю і “ўбачылі” яе работу знутры.

Нікога не пакіне абыякавым інтэрактыўная інсталяцыя пра беларускі лес, дзе можна прайсці праз усе поры года: напрыклад, завітаўшы ў зіму, адчуць холад і хрумст снегу пры руху, а зазірнуўшы ў лета – пагрэцца пад сонечнымі прамянямі, пачуць пах кветак і шум рэчкі. Спадабаліся ўсе тэматычныя зоны, дзе даведаліся пра тэхніку бяспекі, згулялі ў шахматы з робатам, паспрабавалі аказаць медыцынскую дапамогу і прымерылі на сябе роль стаматолага, пабывалі за рулём сімулятара трактара, танка і праверылі трапнасць у стральбе.

Штодня тут праходзяць тэатральныя пастаноўкі, паказы мультфільмаў, пазнавальныя лекцыі, майстар-класы і дэгустацыі.

Падрыхтавала
Вольга КАМАРКОВА.

Выстава “Мая Беларусь” працуе да 23 лютага з аўторка па пятніцу з 11 да 20 гадзін, у суботу, нядзелю і святочныя дні – з 11.00 да 21.00. (г.Мінск, вул. Паўліны Мядзёлкі, 24). Уваход БЯСПЛАТНЫ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *