Ежедневно-на такси, а по праздникам – на тракторе. Будни многодетной мамы и передовой телятницы ушачанки Алины Клачёк

Общество

Запытайцеся ў любога дасведчанага, і вам скажуць, што самы цяжкі перыяд у жывёлагадоўлі – на ясельнай групе. І менавіта яе, дзе ўтрымліваецца 55 гадаванцаў узростам да трох месяцаў, перадалі Аліне Іванаўне Клачок. Яна ўжо на заслужаным адпачынку, аднак сёлета распачынае ўсё наноў: угаварылі, бо падымаць на ногі будучы статак давяраюць самым адказным. А кіраўніцтва “Вялікадолецкага” ведае, што яна не спазніцца, не возьме самавольна адгул, не кіне, нават калі стоміцца.

“Сёння ў нас папаўненне – “хлопчык”. Лямпу падключыла, каб абсыхаў, нумар ужо атрымаў, а мянушку – яшчэ не. Хаця, я даю іх толькі самым адметным. На Алёнку адгукаецца маленькае, але вельмі гарэзлівае цяля. А гэтага бычка назаву Капрызуляй – напалохаў, не хацеў самастойна піць малодзіва, ды ці зонду спужаўся, ці прагаладаўся, але адумаўся і ўжо смокча з соскі. У большасці гэты рэфлекс адразу развіты як трэба”, – Аліна Іванаўна расказвае толькі пра адзін рабочы момант, а ён, між тым, вельмі характэрны – да кожнага з пяці з паловай дзясятка цялят догляд – выключна індывідуальны.

Ранішні расклад жанчыны нязменны і летам, і зімой. Толькі выязджае яна цяпер на паўгадзіны раней, у палове шостай, бо намнога цяжэй круціць педалі веласіпеда. Тры разы на дні пераадольвае адлегласць ад Касароў да фермы “Цыганок” – набягае дваццаць кіламетраў. Мабыць, ад пастаянных фізічных нагрузак у свае 56 яна такая стройная і маладжавая. А ў жывёлагадоўлі “практыкаванняў” на любыя групы мышцаў хапала заўсёды, асабліва зімой. “Калі пачынала працаваць, у маразы інструментамі акрамя віл і вядзёр станавіліся ламы і секачы. Кармы раней раздавалі не “Гаспадаром”, а выключна ўручную, як і чысцілі фермы, – прыгадвае Аліна Іванаўна. – Качагарку тапілі, каб была цёплая вада. Улетку пры любым надвор’і – на вуліцы. І нават калі з’явілася “малочнае таксі”, а стаяла яно на цялятніку групы дарошчвання, фізічнай працы меней не стала. Апарат хоць і на колах, аднак перамяшчаць яго па ферме аднаму не па сілах, бо ўмяшчаецца 200 літраў і яшчэ 70 – для напаўнення контуру”.

Сярэднясутачныя прывагі на групе А.Клачок за студзень склалі 689 грамаў – гэта добры паказчык, які адпавядае тэхналагічным патрабаванням.

Цяпер А.Клачок “ездзіць на таксі” па прафілакторыі. У яго раніцай залівае малако, а пасля раздачы камбікорму – ваду, што і складае рацыён малых цялят. Хаця нованароджаныя маюць спецпаёк – да 5 дзён ім падаюць выключна малодзіва, а пасля пераводу на агульны стол ласуюць ільняным кісялём. Гадзіну гатуе яго Аліна Іванаўна на плітцы, каб страўнікі малых хутчэй адаптаваліся да новай ежы. І кожны рабочы дзень абавязкова пачынаецца з абходу клетак, выяўлення хваравітых, якіх выходжвае разам з ветурачом і загадчыцай фермы. “Многа розных рэцэптаў з’яўляецца, ну а мы праверанымі метадамі карысталіся – лекавымі травамі. Вельмі хвалююся, калі нездаровыя, высвятляюцца ж прычыны гібелі кожнай галавы”, – расказвае жывёлавод, якая меркавала стаць паляводам.

У пінскім вучылішчы, калі і пазнаёмілася з хлопцам з Кампучыі, а зараз адным з узорных механізатараў “Вялікадолецкага” Ра Вутхам, яна атрымлівала прафесію агародніка. Там жа ўсіх абучалі кіраваць трактарам. Атрымаць правы дзяўчына не імкнулася, ну а ездзіць умее і садзіцца за штурвал даводзілася, хаця і нячаста – “па святах”, калі разам з мужам аказваліся дома і апрацоўвалі агарод. Было гэта даўно, з дзецьмі-малышамі, а цяпер за мотаблок сядзе любы з сыноў. Адзін з трох, Вадзім, застаўся дома і працуе разам з маці сямейным падрадам без выхадных. Абавязкі яны дзеляць так, каб нехта заставаўся ля цялят.

Нароўні з традыцыйнымі клёцкамі ці дранікамі ў іх сям’і перавагу аддаюць кампучыйскім стравам – рысу і мясу, якое моцна аздабляюць вострымі прыправамі і імбірам.

Як вырасцілі пяцёра дзяцей? Гэта самы складаны перыяд. Трое сыноў нарадзіліся ў часы перабудовы з 1991-га па 1995-ы, калі і дапамогі былі маленькія, непараўнальныя з цяперашнімі, ды і іх затрымлівалі, як і заработную плату. Нават хлеб даводзілася браць у магазіне ў доўг. Выручала толькі вялізная падсобная гаспадарка – на стале былі ўласныя малако, мяса, агародніна. І ў дэкрэтным адпачынку Аліна таксама не затрымалася. Дапамагчы не было каму: малодшая з семярых дзяцей, яе маці не стала, калі дзяўчына яшчэ не скончыла вучобу. У 1996-м яна ўжо выходзіць на работу, прычым не ў сталовую саўгаса “Касары”, дзе працавала раней, а даглядчыцай на групу дарошчвання.

У 6 раніцы ні яе, ні мужа ўжо не было дома. Старэйшы сын, якому зараз 35, апранаў малых і вёў у сад і школу, якія, на шчасце, былі праз дарогу. Усе трое па чарзе даілі карову, спраўляліся з гаспадаркай – вельмі самастойнымі раслі. Аліна Іванаўна можа пералічыць па пальцах дні, калі яны разам збіраліся за абедам ці вячэрай. Такое здаралася вельмі-вельмі рэдка – на Новы год ці калі яе выхадны супадаў з мужавым. Цяпер, вярнуўшыся з фермы, можа і прылегчы адпачыць. На падворку – толькі трусы і куры. Мыць бялізну і адзенне ўручную не трэба, у доме – паравое ацяпленне, ды і вячэру гатуе не заўсёды – такі падарунак часта дорыць Вадзім ці малодшая Ганна – адзінаццацікласніца Вялікадолецкай школы, якая мяркуе пайсці па слядах старэйшай сястры – студэнткі Віцебскага ўніверсітэта.

Пенсію А.Клачок аформіла ў 53 гады. Такую прывілею маюць маці, якія выхавалі пяцёра дзяцей і зарабілі працоўны стаж у сельскай гаспадарцы не меней 10 гадоў. У Аліны Іванаўны ён больш чвэрці веку.

З хатніх фізічных практыкаванняў, што засталіся з часоў маладосці – нарыхтоўка дроў. З піламі шчыруюць мужчыны, ну а яна дапамагае пераносіць калодкі. Умее літаральна ўсё, так што выраз “Каня на скаку спыніць…” – дакладна пра Аліну Іванаўну – кіравала не толькі жалезнымі, але і неаднойчы жывымі. Ну а веды па аграноміі не разгубіла: родзіць у яе ўсё, нават такія рэдкія расліны, як кавуны і земляны арэх.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *