
Ва Ушачах адбылося выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У цэнтры ўвагі – вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у Віцебскай вобласці і, у прыватнасці, пытанні эфектыўнасці дзейнасці сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, актуальныя праблемы ў ахове здароўя, стан спраў у абласным цэнтры, а таксама работа эканомікі рэгіёну.
Скаргаў стала менш
Аналізуючы вынікі праведзенага 4 лютага членамі Савета Рэспублікі адзінага дня прыёму грамадзян і юрыдычных асоб у Віцебскай вобласці, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава канстатавала, што колькасць зваротаў і скаргаў ад жыхароў Віцебшчыны зменшылася – іх зарэгістравана 760, што на 19% менш, чым у папярэднім годзе. У той жа час у цэлым па краіне сітуацыя істотна не змянілася – сенатарам паступіла каля 7700 зваротаў. Найбольшую актыўнасць праявілі жыхары Віцебска, Наваполацка, Аршанскага раёна. Адзінкавыя пытанні былі з Расонскага, Сенненскага, Бешанковіцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Колькасць калектыўных зваротаў практычна ў два разы менш (29) папярэдняга года. Спектр тэм – традыцыйны: больш за ўсё пытанняў звязана з работай ЖКГ (26%), навядзеннем парадку, сістэмай аховы здароўя. І хоць у цэлым Віцебская вобласць выгадна адрозніваецца на фоне іншых рэгіёнаў краіны, усё ж звяртаюць на сябе ўвагу асобныя факты, звязаныя з праяўленнем абыякавасці на месцах да праблем людзей. Характэрныя прыклады знайшліся ў аграгарадку Межава Аршанскага раёна, Буева Віцебскага, непасрэдна ў абласным цэнтры, дзе назапасіўся вялікі пласт праблем, звязаных, у тым ліку са станам жылфонду.
За мінулы год сенатарамі праведзена 740 прыёмаў грамадзян, 362 прамыя лініі, каля 2 тысяч сустрэч у калектывах і з насельніцтвам. Усе звароты трымаюцца на кантролі да моманту вырашэння.

Законы павінны ісці ад жыцця
“Прэзідэнт патрабуе ад нас, парламентарыяў і дэпутатаў усіх узроўняў, уважлівых адносін да людзей, вырашэння іх праблем. І другое, пра што заўсёды кажа кіраўнік дзяржавы, – законы павінны ісці ад жыцця”, – сказала Наталля Качанава і нагадала, што зацверджаны план падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2026 год. У тым ліку, прадугледжана работа над законапраектам “Аб змяненні закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”. У сувязі з гэтым старшыня Савета Рэспублікі заклікала ўсіх зацікаўленых падумаць над прапановамі, якія дазволяць зрабіць гэтую працу больш эфектыўнай.
Хоць рабоце са зваротамі грамадзян у Беларусі надаецца вялікая ўвага, аднак, як паказвае практыка, менавіта ўважлівага стаўлення і інфармацыйна-растлумачальнай работы сярод насельніцтва часта і не хапае кіраўнікам і службовым асобам у зносінах з людзьмі.
Наталля Качанава арыентавала прадстаўнікоў мясцовых улад на тое, што трэба дапамагаць людзям, калі іх патрабаванні законныя і абгрунтаваныя.
Не ўсё можна вырашыць імгненна
На пасяджэнні прагучалі даклады, прысвечаныя розным аспектам работы мясцовых органаў улады са зваротамі. Так, начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі адзначыў, што ад грамадзян часта паступаюць пытанні, якія так ці інакш звязаны з кадрамі: “За апошнія 5 гадоў укамплектаванасць урачамі вырасла на 3%, сярэднімі медработнікамі – на 2%. Колькасць мэтавых месцаў значна павялічана, адкрыта вячэрняя форма падрыхтоўкі медсясцёр, ажыццяўляецца набор навучэнцаў на базе 9 класаў. Таксама грамадзяне звяртаюцца з праблемай чэргаў у паліклініках, даступнасцю меддапамогі на вёсцы”.
Старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў расказаў, што тэматыка паступіўшых зваротаў ахоплівае шырокі спектр праблем, але большасць датычыцца сферы ЖКГ. Такіх жыхары абласнога цэнтра на працягу 2025 года накіравалі 1887, што складае практычна 60% агульнай колькасці. Аналіз дазволіў выявіць найбольш вострыя – гэта рамонт і ўтрыманне жылфонду. Сапраўды, каля 40% інжынерных сетак у падвалах дамоў Віцебска маюць павышаны знос, у сувязі з чым адбываюцца частыя аварыйныя сітуацыі. З улікам гэтага ў горадзе рэалізуецца праграма “Падвал”. У рамках яе на працягу мінулага года былі выкананы работы па бягучым рамонце і замене інжынерных і малых сетак у 76 шматкватэрных жылых дамах. Паралельна па ўсіх накірунках вядзецца актыўная тлумачальная работа з насельніцтвам.
Добраўпарадкаванне працягнецца
Асобна Наталля Качанава закранула тэму добраўпарадкавання і стварэння камфортных умоў для жыцця ў невялікіх населеных пунктах. На жаль, не ўзорнымі прыкладамі ў Віцебскай вобласці ў гэтым плане з’яўляюцца пасёлак Обаль і самы маленькі горад Беларусі Дзісна. “Папрокі і прэтэнзіі іх жыхароў слушныя. І так пакідаць сітуацыю нельга. Трэба ствараць умовы, каб людзі заставаліся жыць і працаваць!” У якасці станоўчага прыкладу Наталля Іванаўна прывяла Дзятлава Гродзенскай вобласці – невялікі гарадок, дзе пражывае ўсяго сем тысяч насельніцтва, але вакол парадак, чысціня і прыгажосць, створана добрая інфраструктура і працоўныя месцы.
Год добраўпарадкавання завершаны, але работы будуць працягвацца – гэтаму важнаму аспекту і далей удзяляецца вялікая ўвага.
Прыступаць да канкрэтных спраў!
У пасяджэнні прымалі ўдзел не толькі сенатары, а і кіраўніцтва вобласці, дэпутаты розных узроўняў з раёнаў Віцебшчыны, а таму Наталля Іванаўна нагадала ўсім аб выкананні задач, абазначаных Кіраўніком дзяржавы на VII Усебеларускім народным сходзе і не аднойчы агучаных у ходзе праведзеных апошнім часам нарад: “Пачалася новая пяцігодка, планы, якія сёння стаяць перад мясцовымі органамі ўлады, кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый, дэпутацкім корпусам, ніколі не былі простымі. Каб сёння жыць у міры і спакоі, мы павінны працаваць – эканоміка перш за ўсё. Пра гэта кажа Прэзідэнт. Вы павінны дакладна разумець, што прыйшоў час канкрэтных спраў і адказнасці кожнага за тое, што адбываецца ў нашай краіне. А для вас канкрэтна – на тэрыторыі, на прадпрыемстве, у арганізацыі, там, дзе вы працуеце і дзе ёсць ваша зона адказнасці. Віцебшчыне за апошнія гады выдзелена намнога больш сродкаў на сельскую гаспадарку, культурныя аб’екты і іншыя напрамкі, чым іншым абласцям. Але гэтая дзяржаўная падтрымка не дае сваіх вынікаў. Пакуль вы самі не пачнеце варушыцца, нічога не атрымаецца. Справа гонару, каб Віцебская вобласць запрацавала, як трэба!”
Вольга КАМАРКОВА.

