Добры сацработнік лепш за дальняга родзіча. З такой інтэрпрэтацыяй вядомага выслоўя дакладна будуць згодны падапечныя Алены Віктараўны Вашчанкі.
У сацыяльную службу жанчына прыйшла не адразу. Атрымаўшы спецыяльнасць тавараведа, пачала кар’еру ў вясковай краме, камфортна адчувала сябе і ў сферы культуры, якой прысвяціла 15 год – паспела нават папрацаваць мастацкім кіраўніком у велічным Глыбачанскім СДК савецкіх часоў. Калі ж давялося шукаць новую справу, тагачасны старшыня мясцовага сельсавета Людміла Вялюга падказала: “Ідзі, Лена, у сацработнікі, у цябе дакладна атрымаецца!”
І сапраўды, працавітая і спагадлівая, яна адразу заваявала прыхільнасць састарэлых і знямоглых жыхароў Глыбачкі і навакольных вёсак. Пра сваіх бабулек яна можа расказваць бясконца – з цеплынёй і мяккім гумарам: “Памятаю, як у першым класе мы дапамагалі ладзіць мерапрыемства па ўшанаванні перадавікоў саўгаса. Я бойка прадэкламавала са сцэны верш: “Чупрынская Ніна Сямёнаўна – цялятніца ўдалая! Не чалавек, а золата. У ёй сэрца – вечна молада!” Што цікава, менавіта гэтая жанчына стала маёй першай падапечнай – узгадвалі з ёй неаднойчы той канцэрт. Пашчасціла мне дапамагаць нашаму вядомаму мастаку Дзям’яну Уладзіміравічу Крупеню – выдатны суразмоўца, які яскрава расказваў пра ваенныя часы і бясконца маляваў – пакуль мог трымаць у руках пэндзаль. У памяць пра яго мне засталіся некалькі карцін, падораных аўтарам. А якім неардынарным быў Яўген Васільевіч Аксяновіч! Чалавек вельмі эрудзіраваны і па-добраму няўрымслівы, да апошніх дзён пісаў артыкулы для розных выданняў. Патэлефануе мне на золку: “Віктараўна, зайдзіце хутчэй, трэба тэрмінова заказное пісьмо ў “АіФ” адправіць!” Увогуле ў кожнага з маіх падапечных ёсць таленты. Валянціна Іванаўна Каваленка – прызнаны кветкавод і пекар. Святлана Іванаўна Маслюк – кулінар-эксперыментатар: вы б толькі паспыталі яе сунічнае варэнне з белым шакаладам, а якія іконы вышывае!”
Алена Віктараўна здзівіла мяне тым, што на памяць ведае дні нараджэння ўсіх сваіх “падшэфных”. Радасна паведаміла, што ў самых старэйшых з іх Раісы Лукінічны Лашкевіч і Зінаіды Кузьмінічны Жогаль нядаўна з’явілася электраацяпленне – і бабулькам камфортна, і сацработніку прасцей. Гэтай зімой клопатаў, канечне, хапіла: у той жа Лукінічны калодзеж перамярзаў, ломам давялося прабіваць, ды і з расчысткай снегу спраў дадалося.
А ўвогуле на цяжкасці Алена Віктараўна асабліва не скардзілася – наадварот, з удзячнасцю прыгадала, што прадуктамі глыбачанцаў забяспечваюць тры крамы і пошта, хоць раз на тыдзень, але працуе аптэка. Бачна, што работу сваю яна любіць. І нядзіўна, што словы з памятнага верша, вынесены ў загаловак гэтага артыкула, землякі цяпер прамаўляюць у яе адрас.
“Канечне, стамляемся за дзень: фізічных сіл шмат патрабуецца, не толькі гаспадарку спраўляем, але ж і значныя адлегласці пераадольваем. Калі, напрыклад, даглядала пажылую пару ў Кавалеўшчыне, зімой пешшу хадзіць даводзілася. Але цяпер з гэтым праблем не будзе: дзеці электрасамакат падарылі, вясной пачну асвойваць”, – усміхаецца Алена Віктараўна. Няпростым быў яе жаночы лёс: у 26 год на возеры патануў муж, двух малышоў давялося гадаваць адной, але выраслі яны дастойнымі. Пра стараннага механізатара Уладзіміра Вашчанку мы неаднойчы пісалі ў газеце: даваў нагоду, займаючы першыя месцы ў раённым спаборніцтве.
Калі ж Алена Віктараўна даведалася, што вылучана на прэмію “Чалавек года Віцебшчыны”, была моцна здзіўлена: маўляў, не робіць жа нічога звышнатуральнага, а тут такая пашана!
“Лічу, што гэта адзнака дзейнасці ўсёй нашай сацыяльнай службы, у якой працуюць добрыя, сардэчныя людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу ў складанай жыццёвай сітуацыі. І канечне, мы і надалей пастараемся апраўдваць давер землякоў”, – зазначае жанчына.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

