В Ушачах состоялось открытие магазина «Фермер»

Общество

На гэтым тыдні ў гарпасёлку адкрыўся яшчэ адзін прадуктовы магазін. З-за натоўпу людзей складана было разгледзець тавар на шчыльна закладзеных прылаўках. Ды і не знаёмы ўшачане з новым асартыментам, таму гаспадыні кропкі Алене Іванаўне Шаўчэнка даводзілася рэкламаваць прадукцыю і адказваць на пытанні.

“Усё мяса – ахалоджанае, свіная галава – з языком і вушамі, каму не хопіць рэбраў па 6 рублёў, зможаце купіць пазней – сёння падвязуць яшчэ 150 кілаграмаў. Звярніце ўвагу на 10-працэнтны тварог, без вільгаці, выдатна падыходзіць пад замарозку, а таксама на гатовыя вырабы – сасіскі з індычкі, цялячыя, курыныя… Жадаеце каўбаскі накшталт “Ад бабулі”?

Паспрабуйце “Хатнюю”. А вось свежыя раю не варыць, а адразу на патэльню, і не праколваць”, – Алене Іванаўне кожнай новай партыі пакупнікоў даводзілася паўтараць, што гэта натуральны фермерскі прадукт.

Адрозненне і перавага ад астатніх мясных лавак менавіта ў паходжанні свініны, птушкі і паўфабрыкатаў з іх. Яны паступаюць з розных куткоў Беларусі ад буйных прыватных вытворцаў, а мяса рыхтуецца як на падворках. Напрыклад, свіная шкурка абсмажаная, а не апрацаваная парай. А за тры гады работы А.Шаўчэнка прадэгуставала і ведае літаральна ўсё пра тое, чым гандлюе: “Шукаю не проста таннае, а абавязкова якаснае. Напрыклад, ёсць фермеры, якія гадуюць і свіней, і курэй, зразумела, было б выгадна браць у адным месцы, аднак мне не спадабалася іх птушка, таму завожу з другіх месцаў”.

У першы дзень у “Фермеры” працавала сама гаспадыня і два прадаўца, а за тры гадзіны апусцелі не толькі паліцы, але і халадзільнікі – прадалі паўтары тоны мясных вырабаў. Попытам традыцыйна карысталіся фаршы, субпрадукты, Юлія Аляксандраўна Башун ледзь паспявала выносіць са склада дадатковыя порцыі. Ажыятаж першых дзён, канечне, спадзе і ўстановіцца звычайны рытм, але можна прадказаць стабільную цікаўнасць да “Фермера”, бо завоз тавару будзе практычна штодзённы.

Працаваць “Фермер” будзе з аўторка па суботу без абеду з 9 да 18 гадзін. Пенсіянераў пры прад’яўленні пасведчання чакае 3-працэнтная скідка.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *