24 февраля — День рождения народного поэта, нашего знаменитого земляка Рыгора Бородулина

Главное

Рыгор Барадулін – адзін з вядомых сучасных майстроў слова. Ён носіць высокае званне народнага паэта Беларусі, якое было нададзена яму ў 1992 годзе. “Чараўнік слова з Ушачаў” – назваў гэтага паэта Пімен Панчанка. Рыгор Барадулін, быццам ювелір, граніць радок, стварае ўражанне лёгкасці пісьма. Пра такіх паэтаў гавораць, што яны маюць талент з ласкі Божай.  

Жыццё і творчы плён Радзіма Рыгора Іванавіча Барадуліна

Ушаччына, адзін з маляўнічых куткоў Віцебскай зямлі. Тут ён нарадзіўся на хутары Верасоўка. Барадулін неяк прызнаўся, што горад для яго – часовае месца жыхарства, а родны ўшацкі кут – мясціны, дзе ён адчувае сябе нязмушана і ўтульна. Сэрца паэта глыбока і моцна зраслося з ушацкімі дарогамі, пяскамі, дрэвамі, азёрамі… На гэтай крэўнай еднасці з зямлёй бацькоў трымаецца свет барадулінскай паэзіі: “Без ушацкіх азёр, як сухмень, задыхаўся”; “Пясок Ушач – пачатак мой і скон…”.

Дзіцячай радасці будучы паэт спазнаў небагата. На Ушаччыну прыйшла вайна, якая падчас блакады навечна забрала бацьку Івана Рыгоравіча (1944), прынесла нялёгкую напаўсіроцкую долю. І ў суровую блакаду, і ў цяжкія пасляваенныя гады хлапчука сагравала матчына сэрца. Ёй, любай маці Акуліне Андрэеўне, паэт пакланяецца ўсё сваё жыццё, абагаўляе яе вобраз, выказвае сыноўнюю ўдзячнасць матчынай хаце, матчынаму слову, матчыным песням, матчыным рукам, матчынаму цяплу і самаахвярнасці:

Каб на сівярах не марозна было, Каб збілася з ног снегавеяў конніца, Пакінула мне на зямлі Цяпло Акуліна Андрэеўна – Вогнепаклонніца… (“Вогнепаклонніца”)

У 1954 г. Рыгор Барадулін скончыў Ушацкую сярэднюю школу і падаўся на вучобу ў Мінск. Міхась Стральцоў згадваў, як Барадулін часта запрашаў у свой студэнцкі пакой і чытаў з блакноціка новыя вершы, а яшчэ тое, як асабліва захоплена смакаваў народнае слова. На студэнцкія гады прыпадае і пачатак творчага самасцвярджэння паэта ў літаратуры. Першы яго зборнік “Маладзік над стэпам” (1959) стаў прыкметнай з’явай у тагачаснай паэзіі, пра маладога тады аўтара загаварылі як пра цікавага і арыгінальнага творцу. А далей былі сустрэчы з кнігамі Р. Барадуліна “Рунець, красаваць, налівацца!” (1961), “Нагбом” (1963), “Неруш” (1966), “Адам і Ева” (1968) і некаторымі іншымі.

Уваходзіны Рыгора Барадуліна ў літаратуру прыпалі на другую палову 1950-х – 1960-я гады. Гэта быў час “адліжны”, пасля ХХ з’езда партыі, які ўзяў у краіне курс на рэфармаванне савецкай сістэмы і дэмакратызацыю грамадскага жыцця. 1960-я гады былі спрыяльныя для развіцця мастацтва слова. Сярод пісьменнікаў “новай хвалі” прыкметна вылучыўся самабытны голас Рыгора Барадуліна. Сваёй творчасцю ён эстэтычна ўзвышаў тагачасную паэзію, якая доўгі час хварэла на агульшчыну і гладкапіс, паглыбляў лірыка-інтымны і філасофскі свет беларускага верша, абнаўляў формы і прыёмы версіфікацыі.

Пасля заканчэння БДУ паэт працаваў у рэдакцыях беларускіх часопісаў “Бярозка”, “Беларусь”, “Полымя”, выдавецтве “Беларусь”, а, пачынаючы з 1972 г., больш дваццаці гадоў аддаў плённай працы ў рэспубліканскім выдавецтве “Мастацкая літаратура”. За гонар лічылася, калі кнігу маладога аўтара браўся рэдагаваць Р. Барадулін, а яшчэ было больш ганарова, калі Рыгор Іванавіч пісаў і прадмову, бласлаўляючы на ўзлёце ў вышыні роднай літаратуры.

Самым галоўным у жыцці для Р. Барадуліна заўсёды заставалася творчасць. У 1970–1990-я гг. ім створаны не адзін дзесятак паэтычных кніг – “Рум” (1974), “Абсяг” (1978), “Вечалле” (1980), “Амплітуда смеласці” (1983), “Маўчанне перуна” (1986), “Самота паломніцтва” (1990), “Міласэрнасць плахі” (1992), “Евангелле ад Мамы” і інш. Што і казаць, паэтычных кніг выйшла нямала. Не заўсёды, як вядома, колькасць пераходзіць у якасць. Аднак такога і не бывае, каб усе паэтычныя тэксты ў зборніку мелі аднолькавую мастацкую вартасць.

Асабліва шмат паэт зрабіў на ніве мастацкага перакладу, ён выйшаў у шырокі свет еўрапейскай і сусветнай літаратуры. Дзякуючы творчым намаганням Р. Барадуліна ў перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі Амара Хаяма, Яна Райніса, Федэрыка Гарсія Лоркі, Габрыэлы Містраль, Барыса Пастарнака, Стэфана Паптонева, Івана Драча і інш. Паасобныя творы многіх паэтаў свету склалі кнігі перакладчыка “Кахаць – гэта значыць…” (1986).

Рыгор Барадулін напісаў шмат твораў і кніжак для маленькіх чытачоў (найбольш поўна яго дзіцячая паэзія сабрана ў зборніку “Ішоў коця па канапе”, 1997). Ён выдаў кнігі гумару і сатыры (“Дойны конь”, “Станцыя кальцавання”, “Прынамсі”, “Мудрэц са ступаю” і інш.). Усё гэта сведчыць, што талент Барадуліна надзвычай шматгранны.

Маці, радзіма, прырода

Тэме маці ў паэзіі Р. Барадуліна прысвечаны дзесяткі твораў – паэма “Куліна”, вершы “Не ведаючы тэорыі вольных вершаў…”, “Мама”, “Маме на васьмідзесяцігоддзе”, “Веды”, “Багіня” і інш. Да вобраза Акуліны Андрэеўны паэт звяртаецца амаль у кожнай сваёй кнізе. Бо надзвычай шмат звязана з ёй, роднай матуляй, шчымлівых і радасных згадак пра мінулае: пра выратаванне ў блакаду, разам перажытыя цяжкія пасляваенныя дні, сустрэчы ў матчынай хаце. У матчынай душы, па-народнаму чуйнай і спагаднай, песеннай і духоўна багатай, паэт бачыць галоўную аснову жыцця і свету. Вобраз маці для Р. Барадуліна – галоўны цэнтр духоўнага прыцягнення. Штодзённы сялянскі побыт вясковай жанчыны бачыўся паэту як свет мудрага беларускага ладу жыцця.

Радзіма – адна з цэнтральных і скразных тэм барадулінскай паэзіі. Усё тое, што складае яе непаўторнае аблічча – “спадчыннае возера” Вечалле, рэкі і рачулкі, матчына хата, народная песня, – стала для Р. Барадуліна асновай паэтычнага мыслення. Ён прызнаецца, што “сын зямлі” і глядзіць “яе вачмі… на свет сягоння” (верш “Я – сын зямлі”). У паэме “Вяртанне ў першы снег”, вершах “Заінелая Ушаччына”, “Смага”, “Трыпціх Ушаччыны”, “Вытокі”, “Лісток ушацкай восені”, “Зноў дома…” і шматлікіх іншых выяўляецца глыбокае духоўнае паяднанне душы паэта з радзімай свайго дзяцінства, прыродай роднага краю, з усім тым, што надало глыбінны сэнс яго жыццю. Зямля бацькоў для паэта – самая вялікая і галоўная каштоўнасць жыцця.

Між тым у творчасці Р. Барадуліна вельмі багата твораў пра экзотыку іншых краін, ён часта вандраваў па блізкім і далёкім замежжы. Але заўсёды паэт вяртаўся ў сваіх думках да родных вобразаў, роднага краю. Раніца ў Кітаі яму ўбачылася шэраю перапёлкай, якая “ад расы крыло абтрасае”. Гэтая маленькая птушка выклікае пачуццё шкадавання ў шырока вядомай народнай песні “Перапёлачка”. Згадваецца шэрая перапёлка ў вершы “Яна адна, зямля вякоў…” (зборнік “Маўчанне перуна”). Яна быццам сімвал песеннай беларускай зямлі.

Мова, слова, гук

Тэма роднай мовы, яе лёсу хвалявала Р. Барадуліна, пачынаючы ад вершаў “Неруш”, “Мая мова” ў зборніку “Неруш”. Паэт заўсёды адчуваў глыбокую духоўную еднасць з мовай беларускага народа. “Мова перадаецца з дыханнем матчыным… Слова ідзе з вякоў у вякі. І словам вякі жывыя”, – гаворыць паэт. Верш “Неруш” (1965) Р. Барадулін напісаў у перыяд, калі ў савецкай краіне быў узяты курс на “зліццё нацый і моў”. Тады пачала ўсталёўвацца ідэя адзінай мовы як сродку міжнацыянальных зносін. Розным народам, у тым ліку беларусам, прапаноўвалася ў камуністычным грамадстве адмовіцца ад роднай мовы. Р. Барадулін, як і іншыя паэты ў той час, цудоўна разумеў значэнне, першаснасць і прыярытэт роднага слова ў духоўным жыцці беларускага народа. Мова – спрадвечны, непарушны скарб яго душы, унікальная, нічым незаменная каштоўнасць.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *