Масленіца – адно са старажытных святаў, якое захавала папулярнасць і шырока адзначаецца ў нашы дні. У мінулыя выхадныя ва ўсіх рэгіёнах краіны развітваліся з зімой і сустракалі вясну, падтрымалі даўнюю традыцыю і ўшачане, сабраўшыся на цэнтральнай плошчы.
Настрой быў па-сапраўднаму вясновы, грэла сонейка, а ў паветры ўжо нібы лётаў пах вясны.
У народзе Масленіца спрадвечна лічылася самым сытным святам, і пачастункаў дакладна хапіла ўсім.
Блінамі на розны густ, з усякімі начынкамі: грыбамі, каўбасой, варэннем – усе віды нават і не пералічыць – частавалі ўшачан гаспадыні з культустаноў раёна. Прапаноўваў гарачую гарбату, юшку і іншыя пачастункі народны калектыў “Прысмакі”.
А колькі было розных гульняў ды відовішчаў! Цікавай праграмай парадавалі культработнікі: знайшлося ў ёй месца традыцыйным абрадавым спевам і танцам, вясёлым сцэнкам, прыпеўкам. Дзецям і дарослым прапанавалі шмат конкурсаў. Напрыклад, можна было прадэманстраваць спрыт у баі мяшкамі на бервяне, праверыць трапнасць у кіданні імправізаваных сняжкоў. Попытам карысталася і катанне на ўпрыгожанай званочкамі ды стужкамі павозцы.

Не праходзілі ўдзельнікі свята міма сувеніраў, вырабленых майстрамі Дома рамёстваў, гурткоўцамі аддзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Асаблівай падзеяй стаў конкурс на лепшую масленічную ляльку, які праводзіўся ўпершыню. Шэсць калектываў раёна прадставілі сваіх “прыгажунь” – яркіх, высокіх, у пярэстых сукенках і хустках. Журы ацэньвала не толькі знешні выгляд, але і тое, як удзельнікі прэзентавалі работу: хтосьці суправаджаў выступленне песняй, жартам, а нехта – невялікай гісторыяй пра сваю ляльку. Усе каманды падышлі да справы творча, але найбольш уразіў нумар сацработнікаў – менавіта яны і сталі пераможцамі.

Кульмінацыяй мерапрыемства, канечне, было спальванне чучала Зімы. Лічыцца, што гэты рытуал сімвалізуе не толькі провады халоднага адрэзка года, але і тое, што ў вогнішчы гараць нашы няўдачы і ўвесь негатыў, сабраны за зіму.
Анастасія ПОЛАЗАВА.

