На мінулым тыдні ва Ушачах адкрылася яшчэ адна гандлёвая кропка. Яна мае загадкавую назву “У Маркуса” і прызначана для гаспадароў дамашніх гадаванцаў. Дарэчы, ёсць даныя, што іх у сваіх дамах і кватэрах трымаюць больш паловы сем’яў, так што новая крама дакладна зацікавіць многіх.
Ва ўсялякім разе ў час нашага візіту ў заамагазін (а размешчаны ён у цэнтры гандлю і паслуг па Фрунзэ, 19-1) тавар на паліцах разглядалі некалькі наведвальнікаў. Ушачанін Аляксандр Дуброўскі падзяліўся з намі, што яму нядаўна падарылі пародзістае шчаня, ёсць і дарослы сабака, таму і вырашыў пазнаёміцца з асартыментам. Зазірнула ў краму і Валянціна Пугачова – уладальніца швейнай майстэрні “З іголачкі”, што знаходзіцца па-суседстве: “Люблю жывёл: у мяне і коцік, і сабачка дома. А ўвогуле мы рады, што ў нашым будынку з’явіўся яшчэ адзін магазін”.
Напэўна, самы час прадставіць чытачам гаспадыню крамы Кацярыну Стрыжонак (на здымку). “Мы з мужам – ураджэнцы Ушацкага раёна, і хоць жывём у сталіцы, на малой радзіме бываем часта. З сабой у падарожжы пастаянна бралі любімага ката Маркуса, яму ў вёсцы вельмі падабалася, вось толькі корму, да якога прывык, тут не прадавалі. Тады і нарадзілася ідэя адкрыць у райцэнтры магазін з больш шырокім, чым у сеткавых кропках, асартыментам… На жаль, нашага Маркуса ўжо няма, але ён застаўся з намі – у назве магазінчыка і на яго шыльдзе. І мы хочам паспрыяць таму, каб іншыя хвастатыя прыгажуны мелі смачнае і карыснае харчаванне, раслі здаровымі і прыносілі радасць людзям”, – паведаміла нам Кацярына.
Набыць тут можна сухія і вільготныя кармы прэміум-рацыёнаў, латкі і напаўняльнікі, посуд, цацкі, кіпцюраточкі, ляжанкі і многае іншае. Вядома ж, асартымент будзе пашырацца. “У нас, напрыклад, цікавіліся шампунем для сфінксаў, павадкамі для кошак – апошнія мы наўмысна не заказвалі, бо калі аднойчы выйшлі пагуляць па Кублічах з Маркусам “на вяровачцы”, вяскоўцы ўзнялі нас на смех і параілі “не здзекавацца з коціка”, – з усмешкай тлумачыць Кацярына. Цікава, што раней на працягу 10 год яна працавала… у казіно, так што знойдзе падыход да любога кліента. Тым больш што гаспадары дамашніх гадаванцаў – людзі, як правіла, не менш азартныя і захопленыя. Зрэшты, як і самі прадпрымальнікі, якія не баяцца рызыкнуць і распачаць у глыбінцы новую справу.
Наталля БАГДАНОВІЧ.


