Цікава, з гумарам прайшла ў раённай бібліятэцы сустрэча з самадзейным мастаком Сяргеем Каплеўскім. Наш зямляк, які зараз жыве ў Віцебску, пагадзіўся на прапанову загадчыка сектара абслугоўвання і інфармацыі Галіны Талстой расказаць пра захапленне і прадставіць свае работы на суд гледачоў. А сярод іх быў і прызнаны мастак Міхаіл Багдановіч. Вердыкт мэтра акварэлі супаў з адчуваннямі іншых удзельнікаў – карціны светлыя, дынамічныя – майстэрскія.
Насамрэч акварэлі Сяргея Міхайлавіча ўжо бачыла даволі шырокае кола гледачоў – свае работы ён змяшчае ў сацсетках і атрымлівае не проста пазітыўныя, а хвалебныя водгукі. Гэта падбадзёрвала, як і цікавы выпадак. Каб параўнаць сябе з іншымі аўтарамі, ён час ад часу заходзіць у віцебскую мастацкую майстэрню. А аднойчы ўбачыў на сцяне сваю работу і падышоў да супрацоўніцы ўстановы з пытаннем, хто аўтар акварэлі. Жанчына не назвала прозвішча, аднак паведаміла, што гэта работа вельмі вядомага мастака. Сяргей Міхайлавіч не стаў пераконваць у зваротным, ну а ўшацкім гледачам з гумарам паведаміў, што яны цяпер таксама могуць казаць, што былі на выставе са знакамітым мастаком.
Пісаць жа ён пачаў усур’ёз усяго тры гады таму. Жонка Святлана на той час ужо адкрыла цырульню, і сцены яе меркавалі завесіць акварэльнымі работамі. Некалькі з іх захавалася з яго даўняй настаўніцкай калекцыі – уласных, а таксама вучнёўскіх. Справа ў тым, што і ў сельскай школе Лепельскага раёна, дзе распачынаў настаўніцкую біяграфію, і ў Мосарскай, і ў Глыбацкай васьмігодцы акрамя сваіх асноўных прадметаў – геаграфіі і біялогіі – з-за недахопу спецыялістаў выкладаў маляванне. І на сцяне ў матуліным доме, і ў салоне вісяць акварэльныя работы яго школьнікаў. Зусім простыя, як кветкі з мыльных пузыроў (адпрацоўвалі і такую тэхніку), аднак празрыстыя, светлыя, дынамічныя. У ілюзіі руху і ёсць магія акварэлі – статычнае ператвараецца ў рухомае.
Аловак Сяргей Міхайлавіч пачаў трымаць у руках таксама яшчэ ў дзяцінстве – бацька Міхаіл Канстанцінавіч вельмі добра маляваў маслам і прыцягваў да вырабу дапаможнікаў сына. У свой час Сяргей нават меркаваў аб паступленні на мастацка-графічны факультэт. Талент, канечне, перадаўся, а вось атрымаць навыкі дапамог “Ютуб”, дзе ў відэароліках пакрокава апісваюцца самыя розныя тэхнікі. На выставе вісіць нацюрморт – замах на імпрэсіяністаў, выкананы толькі двума колерамі.
“Мне не хапае майстэрства, таму каб адлюстраваць гарадскі пейзаж – праводжу за мальбертам па 3-4 гадзіны некалькі дзён, ну а вясковы магу скончыць за адзін “прысест”, – адказваў мастак на пытанні гледачоў. Вера Эдуардаўна Кароткая прыгадала пра цудоўныя даўнія фларыстычныя работы С.Каплеўскага і яго ўдалыя селекцыйныя эксперыменты. Ірына Навагродская ўспамінала сумеснае настаўніцтва ў Мосарскай школе, а калега па Ушацкай Людміла Мікалаеўна Цяцерка ўсё пачутае на імпрэзе паклала на рыфмаваныя радкі.
На любы сур’ёзны занятак, а тым больш асваенне новага патрэбны час – з 2019 года, калі пасля работы на Поўначы Расіі выйшаў на пенсію, у С.Каплеўскага ён ёсць. Аднак віноўнік вечарыны зрабіў вельмі правільную выснову: “Наш вольны час – у нас у галаве. Чым бы мы ні займаліся, калі занятак вельмі натхняе, мы абавязкова знойдзем яго”.
Быў у гэты вечар і абмен памятнымі падарункамі. М.Багдановіч падзяліўся прафесійнымі алоўкамі мінулага стагоддзя, бібліятэка – сувенірнай прадукцыяй з выявамі Ушач і землякоў, а С.Каплеўскі перадаў калектыву каляндар на 2026 год, у якім кожны месяц прадстаўлены яго акварэллю. Год міне, а рэпрадукцыі будуць радаваць вока.
Вольга Караленка.

