Чем живёт районная ветеранская организация Ушаччины?

Общество

Н.Глінская, Л.Шарыпенка, Н.Лемяшова.

Хто з партрэтамі бацькоў-пераможцаў ідзе ў калоне на 9 Мая і першымі галасуе на выбарах, каго не трэба ўгаворваць наведаць выставу і пусціцца нават у далёкія падарожжы? Канечне, самую ўзроставую і самую актыўную частку насельніцтва – нашых ветэранаў працы. Вось і на справаздачна-выбарчую канферэнцыю раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў яны сабраліся з усіх куткоў Ушаччыны.

Жанна Кірылаўна Літвін і Тамара Ільінічна Галай працавалі ў свой час у розных сферах – адна прадстаўляе ветэранскую пярвічку ДРБУ-105, а былая настаўніца – вёскі Мосар, аднак сустрэўшыся яшчэ перад РДК, актыўна абмяркоўвалі жыццё-быццё і сакрэты даўгалецця. Жанна Кірылаўна акрамя таго што тры разы на тыдні наведвае заняткі аздараўленчага клуба для пажылых “Імпульс”, дык яшчэ і сочыць, каб за дзень абавязкова прайсці дзесяць тысяч крокаў. Абедзве сышліся на тым, што галоўнае – умець абыходзіць стрэсы і вырашаць праблемы па меры іх паступлення. Далучылася да тэмы і Мая Васільеўна Секан, якая сістэматычна плавае і нават купаецца ў снезе. “Зямля і любімыя кветкі насычаюць энергіяй”, – лічыць намеснік старшыні ветэранскай арганізацыі Ніна Іванаўна Лемяшова. Многа розных сакрэтаў маладосці прагучала, а абагульніць усе можна адным выразам, які называюць актыўнай жыццёвай пазіцыяй. І Кацярына Фёдараўна Касцюковіч з Двор Пліна, і Нэлі Генадзьеўна Гедрэвіч з Сарочына, і Святлана Мікалаеўна Салаўёва з Кубліч, як і іншыя старшыні пярвічак – актывісткі па жыцці, якія ўмеюць і свой быт зрабіць насычаным нават у залатым узросце, і іншым дапамагчы. Маглі не ісці на мерапрыемства Лідзія Міхайлаўна і Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец, аднак былы лідар арганізацыі асноўным заўсёды лічыў рэальны клопат аб пажылых, таму і справаздачу Н.Васілеўскай слухаў вельмі ўважліва.

За патрыятычнае выхаванне моладзі і данясенне праўды аб Вялікай Айчыннай вайне асобна падзякаваў удзельнікам канферэнцыі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнак. Пётр Аляксандравіч адзначыў неабыякавасць, ініцыятыўнасць старшыні ветэранскай арганізацыі і павіншаваў Ніну Аляксандраўну Васілеўская з пераабраннем (на здымку).

Спяшаўся на сустрэчу з унукам Пётр Мечыслававіч Мажэйка, але ж як член савета ветэранаў, не мог прапусціць мерапрыемства.
Не пакінуць сам-насам з праблемай ніводнага пенсіянера – гэта, бадай, адна з асноўных мэт арганізацыі. За справаздачны перыяд з 2022 па 2026 год з рознымі просьбамі звярнулася больш сотні чалавек. І па запытах ветэранскай арганізацыі былі ўбраны аварыйныя дрэвы на могілках гарпасёлка, абсталяваны металічныя поручні да дома па Садовай і лаўкі па накірунку да бальніцы па Савецкай, больш дакладнай стала работа паштовай сувязі ў Дубраўцы і Касарах, кропкава закрываліся праблемныя пытанні па асартыменце магазінаў на вёсках і паслугах камунальнікаў ва Ушачах.

На пліты мемарыяльнага комплексу “Прарыў” занесены тры прозвішчы загінуўшых воінаў, а адно – у электронную версію кнігі “Памяць”. Ветэранская арганізацыя ініцыіравала выпуск кніг з успамінамі ўшачан-партызан, адшукала звесткі пра ўраджэнца вёскі Анікеўшчына Мікалая Варанко. Вядзецца догляд за брацкай магілай расстраляных яўрэяў і партызан-падпольшчыкаў Машчовых.

А.Рудасаў, У.Корабаў, С.Клопаў.

Менавіта дзякуючы старшыні ветэранскай пярвічкі вёскі Дубраўка Алене Захараўне Кучко ў свой час з’явіўся абеліск з імёнамі закатаваных мірных жыхароў вёскі Усая. На жаль, ні яна, ні Ганна Барысаўна Троцкая з аграгарадка Арэхаўна, якія выконваюць грамадскую нагрузку ўжо 19 і 15 год, не змаглі па стане здароўя прысутнічаць на мерапрыемстве, таму ўзнагароды ім уручалі дома. Н.Васілеўская адзначыла і іншых самых паважаных па стажы (ад 15 да 18 год) лідараў пярвічак. Гэта Ніна Васільеўна Кірпічонак з Вяркуд, Тамара Іванаўна Макрыдзіна з Жар, Людміла Сафонаўна Пацэйка са Слабады, Таццяна Віктараўна Аўтух з Ільюшына, Людміла Міхайлаўна Шарыпенка з ЦРБ.

Пра вельмі многія канкрэтныя справы ветэранскай арганізацыі мы пісалі на старонках газеты. Гэтыя матэрыялы, як і выступленні дэлегатаў канферэнцыі мелі на мэце адно – даказаць, што наколькі пагодлівай і цікавай будзе восень жыцця – залежыць толькі ад нас саміх. Пераканалі ў гэтым ветэраны і пасля канферэнцыі – выключна ўласнымі сіламі падрыхтаваўшы цудоўны канцэрт. А былі ў ім не толькі нумары народнага харавога калектыву “Ветэран”, але і танцы ад пажылых наведвальнікаў ТЦСАН.

І прыемна бачыць, што рады ветэранаў маладзеюць. Толькі пайшла на заслужаны адпачынак, а пазаўчора ўжо дэбютавала ў складзе хору Ірына Уладзіміраўна Клямяценка з ДРБУ-105. Валянціну Дзмітрыеўну Краснову з “Беларусбанка” змяніла Ірына Іванаўна Купрыянава, а ў нядаўнім кіраўнік насенінспекцыі Галіна Мікалаеўна Кашко ўжо паспела аб’яднаць жыхароў свайго Градзянца з суседняй вёскай Ваўчо.

Што можна дадаць, гледзячы на такую актыўную гвардыю? Толькі адно – далучайцеся, ветэраны працы ўмеюць жыць цікава і насычана!

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *