Врач Великодолецкой амбулатории общей практики Алла Николаевна Криштопенко представит Ушаччину на республиканском форуме «Женщина и будущее деревни»

Общество

Яшчэ адзін новы праект у Год беларускай жанчыны мы вырашылі прысвяціць ушачанкам, якія сваёй пяшчотай і душэўнасцю, талентам і прыгажосцю робяць гэты свет больш дасканалым. Шчырыя працаўніцы, выдатныя матулі, самабытныя творцы… Пад такую характарыстыку падпадае ледзь не палова насельніцтва раёна, і як тут выбраць самых дастойных… Зрэшты, мы ўпэўнены, што з кандыдатурай для нашага першага аповеду пагодзяцца літаральна ўсе.

Хоць слова “доктар” – мужчынскага роду, уласцівыя жанчынам дабрыня і спагада ў лячэнні не менш важныя, чым усе прэпараты. І кожны, хто звяртаўся да ўрача агульнай практыкі Алы Мікалаеўны Крыштопенкі, ведае, што яна – сапраўдны прафесіянал. Разам са спадарожнікам жыцця і калегам па медыцынскай справе Аляксандрам Уладзіміравічам яны працуюць у Вялікадолецкай амбулаторыі агульнай практыкі. Размеркаваліся пасля медінстытута на Ушаччыну – малую радзіму мужа, і хоць маглі працягнуць кар’еру ў любой гарадской клініцы, засталіся ў месцы, да якога прыраслі душой.

Урач агульнай практыкі, а тым больш на сяле, дзе немагчыма экстранна сабраць кансіліум, павінен разбірацца ва ўсім і ўмець аператыўна прымаць рашэнні. Памылку тут не схаваеш, бо ўсе вакол – знаёмыя, фактычна родныя. Не забываюцца і ўрачэбныя перамогі: кожны мясцовы прыгадае, як Аляксандр Крыштопенка адчайна змагаўся за жыццё трохгадовага малыша, якога дасталі са дна сажалкі. Хлопчык выжыў, вырас, у яго двое дзетак, жонка, якая, дарэчы, працуе медсястрой у ЦРБ.

Нямала ўратаваных жыццяў і на рахунку гераіні артыкула. Напрыклад, за некалькі год, калі Ала Мікалаеўна выконвала ў райбальніцы абавязкі кардыёлага, неаднойчы па яе накіраванні ўшачанам ставілі кардыястымулятары – своечасовая дапамога папярэдзіла трагічныя зыходы. А выяўленыя на ранняй стадыі рэўматоідныя артрыты дазволілі спыніць у пацыентаў хуткае прагрэсіраванне хваробы. Зараз жа ў дадатак да асноўнай работы ў амбулаторыі яна вядзе ў ЦРБ прыём у якасці педыятра. “Не скажу, што гэта для мяне складана: за столькі год вясковай работы набыла вялізны вопыт у лячэнні пацыентаў усіх узростаў”, – зазначае жанчына. А па тым, як хутка яна наладзіла кантакт з Машай Цвяцінскай, якая прыйшла на прыём у момант нашай размовы, было бачна, што гэта спецыялізацыя ўрачу даспадобы. Мякка, з мацярынскімі інтанацыямі ў голасе яна пераканала дзяўчынку, што ёй трэба палячыцца ў бальніцы – і тая нават не засмуцілася.

Дзейнасць Алы Крыштопенкі адзначана медалём “За працоўныя заслугі. Яна – лаўрэат прэміі імя Героя Савецкага Саюза З.Тусналобавай-Марчанкі, якую прысуджаюць жанчынам за высокі маральны прыклад ва ўмацаванні сям’і і выхаванні дзяцей.

“Цікава, а сярод пацыентаў ёсць такія, хто выказвае жаданне трапіць на прыём менавіта да жанчыны?” – пытаюся ў Алы Мікалаеўны. “Вядома ж! – усміхаецца яна. – Некаторыя лічуць гэта больш камфортным. А ўвогуле ў нас з мужам на тэрыторыі абслугоўвання склалася ўстойлівая “база прыхільнікаў” – у кожнага свая”.
За 33 гады праз клапатлівыя рукі гэтага сямейнага дуэта праходзіць ужо трэцяе пакаленне землякоў.

“Наша Ала Мікалаеўна – проста залаты чалавек! Здаецца, зусім нядаўна мяне мама да яе на прыём вадзіла, потым – я сваю дачушку, а цяпер і сынок пад наглядам гэтага доктара расце”, – падзялілася з намі жыхарка Касароў Паліна Бугаёва. А яе аднавяскоўка Надзея Дарашкевіч зазначае, што менавіта прыклад гераіні артыкула натхніў яе дачку Святлану атрымаць медыцынскую спецыяльнасць.

Прынамсі, і старэйшы сын Крыштопенкаў Андрэй абраў гэту сферу справай свайго жыцця і зараз выконвае абавязкі намесніка галоўнага ўрача ў цэнтральнай гарбальніцы Жлобіна. А вось малодшы Руслан стаў праграмістам. Вышэйшую адукацыю атрымала і дачка Алена – аднак найперш вырашыла “папрацаваць мамай”: у іх з мужам чацвёра дзетак. “А яшчэ ж і ў старэйшага двое: уяўляеце, якія мы багатыя дзядуля і бабуля!” – з гонарам кажа Ала Мікалаеўна.

…Напрыканцы размовы вяртаемся да тэмы, якую закраналі ў пачатку: ці правільным усё ж аказаўся іх выбар застацца ў вёсцы? “Канечне! Мы тут патрэбныя і паважаныя. А што да бытавых умоў – дык чым яны горшыя за гарадскія? У мяне вунь і пральная машына ёсць, і пасудамыечная… Мы бачым, што ўжо зараз далецкія вёскі пачынаюць прыглядаць жыхары мегаполісаў – нямала тых, хто сюды перасяляецца. Агучваюцца планы па развіцці рэгіёну, стварэнні новых вытворчасцяў – і канечне, я мару, каб яны ажыццявіліся”, – разважае мая суразмоўца.

Больш глыбока прааналізаваць гэту тэму, выказаць свае меркаванні А.Крыштопенка зможа падчас рэспубліканскага форуму “Жанчына і будучыня вёскі”, які пройдзе на наступным тыдні ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Менавіта ёй выпаў гонар прадставіць на ім наш раён. Ну а мы з гэтай нагоды дазволім сабе абыграць яго назву: у нашых вёсках дакладна ёсць будучае, пакуль у іх жывуць такія жанчыны!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *