Будущее за коттеджами

Общество

Як і ва ўсёй рэспубліцы, актуальнай для нашага раёна з’яўляецца праблема жылля для насельніцтва. Сёння ў спісе маючых патрэбу ў ім значыцца 690 грамадзян, з іх 460 – жыхароў райцэнтра. Ідзе актыўнае будаўніцтва шматпавярховых дамоў па вуліцы Віцебскай гарадскога пасёлка. Увод іх у строй паступова разгружае чаргу стаячых на ўліку прэтэндэнтаў на кватэры. І ўсё ж яна змяншаецца не так хутка. Прыязджаюць спецыялісты розных галін з іншых рэгіёнаў, з’яўляюцца новыя сем’і, частцы існуючых сем’яў з падрастаннем дзяцей і мнагадзетным сем’ям патрэбна расшырэнне жылой плошчы. 

– А ці ёсць магчымасць самім жадаючым наблізіць час наваселля за кошт будаўніцтва ўласных дамоў? – Безумоўна, ёсць, – адказаў на пытанне карэспандэнта старшыня Ушацкага сельвыканкама В.І.ШНІТКО. – У нашым сельсавеце за кошт ушчыльнення і ўпарадкавання населеных пунктаў за два апошнія гады паявілася 39 свабодных участкаў, прызначаных для ўзвядзення індывідуальнага жылля. Займелі гаспадароў – 15, на некаторых распачаты будаўнічыя работы. Дарэчы, усім, хто стаіць на ўліку чаргавікоў і мае патрэбу ў жыллі, зямельныя ўчасткі выдзяляем бясплатна. Не адмаўляем нікому з іх ні ва ўчастках, ні ў месцы выбару. Такім чынам набыў зямельны надзел у вёсцы Замошша жыхар г.п. Ушачы В.С.Малішэўскі. Праўда, ахвотнікаў на самастойнае будаўніцтва жылля з ліку стаячых на чарзе пакуль мала. 14 участкаў былі прададзены праз правядзенне аўкцыёнаў. На працягу 2009-2011 гадоў праведзены 4 такія распрадажы, выручана 52048 тысяч рублёў. Атрыманыя сродкі пайшлі на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, могілак, рамонт дарог, пешаходнага моста праз раку Ушача, на фарміраванне новых участкаў. – А як з выдзяленнем зямельных надзелаў пад індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва ў цэлым па раёне? Па гэтым пытанні даў тлумачэнні начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама А.А.КРАСЬКО. – З мая 2009 года, калі ў рэспубліцы было дадзена права набываць свабодныя ўчасткі пад жыллёвую забудову ўсім жадаючым, выкарысталі яго ў нашым раёне 67 грамадзян, у тым ліку 13 чалавек – з ліку стаячых на ўліку ў выканкамах на атрыманне жылля. Зразумела, што апошнім участкі выдзяляліся па іх выбары без аплаты. Для іншых жадаючых прыдбаць надзелы быў арганізаваны 21 аўкцыён, пад які трапілі 54 участкі. Агульная сума выручкі склала 235,3 мільёна рублёў, якія залічаны ў бюджэт раёна. Варта падкрэсліць, што ніякай чаргі на выдзяленне зямельных участкаў пад жыллёвую забудову няма. – А якія дакументы патрэбны для набыцця ўчастка? – Трэба толькі адно: пасля аб’яўлення аўкцыёну звярнуцца ў адпаведны сельвыканкам з пашпартам для рэгістрацыі. Самыя запатрабаваныя і дарагія ўчасткі былі ў вёсцы Калкі Вяркудскага сельсавета, якія пайшлі з малатка за 25 і 22 мільёны рублёў. За 20 мільёнаў рублёў выкуплены сёлета свабодны надзел зямлі на аўкцыёне ў вёсцы Ветча Вялікадолецкага сельсавета. Мінімальная цана ўчастка склала 3 мільёны рублёў. – Бачна, з выдзяленнем свабодных участкаў для індывідуальнай жыллёвай забудовы праблем у раёне няма. А як справы з іх асваеннем, з узвядзеннем жылля? – пацікавіліся мы ў начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, галоўнага архітэктара раёна Г.В.ДЫММАН.

– У 2009 годзе, – паведаміла яна, – у раёне быў пабудаваны 21 індывідуальны жылы дом, агульнай плошчай 3241 квадратны метр, летась – 11 дамоў з плошчай 1381 квадратны метр. Не ўведзены, але ў стадыі будаўніцтва знаходзяцца яшчэ 56 індывідуальных жылых дамоў, “замарожана” будоўля на 39 дамах па розных прычынах. – Мабыць, асноўныя з іх – недахоп будматэрыялаў і сродкаў? – Што датычыцца лесу і іншых будаўнічых матэрыялаў, то тут, практычна, праблем няма: усяго гэтага для забудоўшчыкаў у раёне дастаткова. Складаней з грашовымі сродкамі, бо не ўсе жадаючыя будавацца маюць высокі заробак. Але ім прапануюць дапамогу ўсе банкаўскія ўстановы, якія даюць на пэўных умовах грашовую пазыку. Для забудоўшчыкаў, што стаяць на ўліку і маюць патрэбу ў жыллі, крэдыт ільготны: пад адзін працэнт гадавых з растэрміноўкай пагашэння 40 гадоў. Так што гэта даволі прымальна амаль для кожнага, хто сур’ёзна падыходзіць да перспектывы паляпшэння дабрабыту сваёй сям’і. Усё больш папулярнымі становяцца крэдыты і сярод іншых забудоўшчыкаў, праўда, пад больш высокія працэнты. Па нашых дадзеных гэтую магчымасць выкарыстала большасць з іх. – Самыя запатрабаваныя свабодныя ўчасткі, мабыць, побач з райцэнтрам? – Безумоўна. У гарпасёлку сканцэнтравана значная частка насельніцтва раёна, і многія жыхары, як адзначалася вышэй, маюць вострую патрэбу ў жыллі. Таму ўсё большы размах набывае масавая забудова ўскраін гарпасёлка індывідуальнымі катэджамі. Вызначыліся шэсць асноўных кварталаў забудовы. Найбольш прывабным для жадаючых стаць навасёламі (некаторыя ўжо сталі імі) з’яўляецца мікрараён на месцы былога аэрадрома, дзе ёсць асноўныя камунікацыі. Практычна цалкам забудаваны ўжо катэджамі вуліцы Авангардная, капітана Хрыпача, Фрунзе, Дружба. Асвойваюць індывідуальныя забудоўшчыкі і ўчасткі ў кварталах за РВУ “Ушачырайгаз”, у раёне лясгаса, “прымерваюцца” да будучага мікрараёна вуліц Дуброўскага і Азёрнай. Плануем сёлета распрацоўку новага квартала ў паўднёва-ўсходняй частцы былога аэрадрома. – Пэўна, не абыходзіцца і без праблем? – Любыя новабудоўлі так ці інакш без іх не бываюць. Ды і не толькі ў нас, на Ушаччыне. Спачатку ўся ўвага забудоўшчыка сканцэнтравана на ўзвядзенні жылога дома. А з яго паяўленнем паўстаюць праблемы развіцця інфраструктуры, забеспячэння элементарных бытавых зручнасцей. Адзін са шляхоў вырашэння – стварэнне адпаведных кааператываў. Свае паслугі навасёлам і ўсім уладальнікам індывідуальных жылых дамоў сёння прапануюць, у прыватнасці, чатыры кааператывы па газіфікацыі, створаныя ва Ушачах, Арэхаўне і ў Градзянцы. За індывідуальным катэджным будаўніцтвам – будучыня. Гэта пераканаўча дэманструе вопыт развітых краін свету.

Гутарку вёў П.ПРАТАСЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *