Инженер по профессии, ”экономист» из-за интереса. Владимир Степанович Папков отметил свой 75-летний юбилей

Общество

Учора Уладзімір Сцяпанавіч Папкоў адзначыў 75-гадовы юбілей. Не хацелася адкрываць узрост, бо не пасуецца ён да гэтага жвавага падцягнутага мужчыны, які кожную хвіліну з інструментам у руках. Самым розным – ад дрэваапрацоўчага станка да швейнай машынкі.

Хаця самы хадавы, канечне, – зварка. Без яе не было б усіх тых выгод, што маюцца ў дагледжаным доме на вуліцы Дуброўскага ў гарпасёлку. Шчытавы, абкладзены цэглай – тыпавы з тых, што будаваў прамкамбінат, у якім амаль 20 гадоў адпрацаваў Уладзімір Сцяпанавіч. Эканаміста пераманіў да сябе з фінансавага аддзела райвыканкама тагачасны дырэктар М.Б.Казлоўскі. А праз паўтара года яго пераемнік С.Л.Крышнёў угаварыў заняць яго пасаду – галоўнага інжынера. Зусім іншы профіль, аднак Уладзімір Сцяпанавіч пагадзіўся. Хоць значна прыбавілася абавязкаў – не любіў сядзячую работу. За гэты час ужо ведаў вытворчасць не толькі ў лічбах. Дапытлівы па натуры, да ўсяго даходзіў сам, а профіль прамкамбіната паказваў мне на сваіх узорах. Брызентавы рукзак з мноствам кішэняў і маланак, чахол для вуды з усімі прыстасаваннямі. Пры адсутнасці майстра даводзілася рамантаваць машынкі швейнага цэха – любой мадэлі, і калі знаёмы аддаў стары апарат – навучыўся шыць, прычым са шчыльных тканін. Абіўка на канапе – таксама самаробная, як і наогул гэта мяккая мэбля. І не столькі таму, што ў сям’і выхоўвалася трое дзяцей і лішнімі грошы не былі, а больш з-за цікаўнасці. Канапа з фігурнай спінкай з трох частак (падгледзеў узор у часопісе “Канструктар”) у раскладзеным выглядзе становіцца амаль квадратнай 1,90 на 1,80 і любімым месцам адпачынку ўнучак. А вось і табурэт з разнымі ножкамі. У дрэваапрацоўчым цэху прамкамбіната выпускалі шафы, сталы, дзверы і нават шчытавыя домікі. Ад А.А.Казіцкага пераняў майстэрства разной апрацоўкі. Уладзімір Сцяпанавіч дастае з гаража самаробны складаны станок. “Некалі тут матацыкл з каляскай з запасам станавіўся, а зараз сам ледзь праходжу, – падсмейваецца над сваёй запаслівасцю майстар-самавучка. У гаражы з кожным годам усё больш становіцца апаратаў, прылад, запчастак – сваіх і сыноў. Для эканоміі месца, а сядзіба знаходзіцца ўсяго на 7 сотках, многае ў складаным відзе. Уезд у гараж пад полікарбанатавым навесам за некалькі секунд ператвараецца ў альтанку – здымаюцца прымацаваныя збоку стол і лаўкі, шчыльна зацягваецца штора на роліках.
Забетанаваныя дарожкі па ўчастку, спускі-прыступкі заліваліся з дапамогай самаробнай бетонамяшалкі. Участак апрацоўваецца сабраным з нуля трактарком і зваранымі прыладамі, прычэпам. Летняя душавая кабіна, лазня пад дахам дома, сцёкі вады ў бочкі – прадумана літаральна ўсё.

Так Уладзімір Сцяпанавіч і ператварыўся ў інжынера па прафесіі, а “эканаміста” – па цікаўнасці. Пры гэтым тэхнар, які скончыў Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум і працаваў бухгалтарам і эканамістам у калгасах “Гігант” і імя Кірава, а таксама аддзеле па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю РАУС, зусім не “жалезны”. “Ён як толькі падымаецца, ужо нешта мурлыча пад нос,” – расказвае пра чарговае мужава хобі Тамара Мікалаеўна. Яны 53 гады разам, а гарэзлівыя агеньчыкі ў вачах і жартачкі пры зносінах нікуды не зніклі. Выдатнае пачуццё гумару таксама аб’ядноўвае. Ну а пра захапленне Уладзіміра Сцяпанавіча спевамі мы ведалі. У хор народнага клуба “Ветэран” адзінаццаць гадоў таму яго заманіў былы калега С.А.Тарасеня. І ён рады, што аказаўся ў складзе выдатнага дружнага калектыву.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *