Аўдыторыя 1 “А” класа Ушацкай школы. Урокі тут ужо завершаны, аднак дамоў ніхто не спяшаецца – наперадзе факультатыў па маляванні. Назіраю за тым, як малыя жвава рыхтуюць альбомы ды фарбы, з якой акуратнасцю перабіраюць пэндзлікі, наперабой абмяркоўваюць тэму мінулых заняткаў… І адкуль, падумалася, у канцы вучэбнага дня ў іх столькі энергіі? Аднак калі да дошкі выйшла Вікторыя Сяргееўна Сокал, здаецца, і ў мяне самой заблішчэлі вочы.
– Памятаеце, што гэта такое? – дэманструючы колеравае кола, звярнулася да вучняў малады педагог. – А хто зможа паказаць найлепшыя спалучэнні тонаў? Сёння яны нам спатрэбяцца – будзем начны горад маляваць…
Хаця ў сістэме адукацыі ўраджэнка Полацка працуе першы год, умее зацікавіць дзяцей, да кожнага знайсці падыход, правільна арганізаваць калектыўную работу. Калі справа па душы, інакш проста быць не можа!
“Творчы калейдаскоп”, “Фактурны арт”, “Майстраняты”, “Рознакаляровыя далонькі” – гурткі, якія вядзе ў цэнтры дзяцей і моладзі В.Сокал, наведвае зараз звыш сотні хлопчыкаў і дзяўчынак, у пераважнай большасці малодшакласнікаў. Факультатывы ж для самых маленькіх яна праводзіць непасрэдна ў дзіцячых садах райцэнтра. На занятках займаюцца маляваннем, лепкай, працуюць з паперай. Адзінае, шкадуе Вікторыя, для керамікі, якую асвоіла ў каледжы, у такім узросце ранавата.
Сама В.Сокал з маляваннем у дзяцінстве была на “Вы”: справіцца са школьнымі заданнямі звычайна дапамагала маці. Але без творчасці сябе не бачыла – спявала ў хоры, іграла на фартэпіяна, наведвала курсы акцёрскага майстэрства, марыла стаць дызайнерам.
– Разумеючы, што наўрад ці змагу паступіць на спецыяльнасць, дзе такі вялікі конкурс, абрала іншую, таксама цікавую, – расказвае малады спецыяліст. – Пасля дзевяці класаў прайшла падрыхтоўчыя курсы і стала студэнткай Віцебскага тэхналагічнага каледжа, адвучылася на мастака-настаўніка. На прапанову ўладкавацца ў суседні Ушацкі раён, дзе стала педагогам дадатковай адукацыі, згадзілася ахвотна.
– У калектыве сустрэлі вельмі цёпла, – прызнаецца Вікторыя. – Дырэктар Ірына Васільеўна Бугрова дапамагла ў вырашэнні жыллёвага пытання, арганізацыйных момантаў. У практычнай жа дзейнасці карыснымі падказкамі дзеліцца вопытны спецыяліст Наталля Анатольеўна Шарыпа.
Вольнага часу ў дзяўчыны нямнога, але і яго запаўняе творчасцю. Калі малюе, расслабляецца, ды і паэксперыментаваць з гуашам ці акрылам любіць – глядзіць тэматычныя відэаўрокі ў інтэрнэце. Асвойвае гітару, пачала пісаць песні – ужо другі альбом рыхтуе… Аказваецца, Вікторыя – яшчэ і паэт, кампазітар, сольны выканаўца. У тэксты сваіх лірычных песень стараецца ўкладваць як мага больш сэнсу. У першым альбоме, які атрымаў назву “Сем стадый прыняцця”, аўтарка разважае на тэму пачуццяў чалавека, які па розных прычынах губляе блізкіх. Гэта не пра дынаміку, якую звычайна абірае сучасная моладзь, а пра глыбокую душэўную філасофію.
Свае песні В.Сокал размяшчае ў акаўнтах у сацсетках. Знайсці яе можна пад нікам “Skolkodashmne”.
Ці плануе Вікторыя штосьці мяняць? Пакуль адназначна не! На Ушаччыне, якая ёй палюбілася, у калектыве аднадумцаў ёсць усё неабходнае для самарэалізацыі і далейшага развіцця.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

