Как прошли соревнования среди организаций района «Ушачская лыжня».

Cпорт

Лепшыя каманды спаборніцтваў.

Аматары зімовых відаў спорту сёлета змаглі, як кажуць, адвесці душу – і ў апошні дзень лютага на трасе спартыўнага свята “Ушацкая лыжня” многія ўдзельнікі паказвалі высокія хуткасці і прыгожую тэхніку. Ну а тыя, у каго не хапіла часу патрэніравацца, імкнуліся кампенсаваць гэта стараннасцю і самааддачай.

На старт выйшлі сем каманд з дзевяці арганізацый, знайшліся і тыя, хто пажадаў выступіць толькі ў асабістым заліку. Традыцыйна самую працяглую дыстанцыю пераадольвалі спартсмены да 30 гадоў. Хлопцы беглі тры кіламетры, і па-за канкурэнцыяй тут аказаўся прадстаўнік МНС Міхаіл Ярмош, а вось на астатніх прызавых месцах апынуліся Арцём Байцоў і Максім Казачонак з ТАА “Твестуба ПРА”.

Увогуле гэту каманду, якая дэбютавала на спаборніцтвах, хочацца адзначыць асобна. На прадпрыемстве працуе толькі 30 чалавек, і пяцёра з іх у гэты дзень выйшлі на старт – у тым ліку і ветэран спартыўнай сферы Леанід Севярын, які не так даўно заняў пасаду намесніка кіраўніка таварыства. “Калі пачаў збіраць каманду, з задавальненнем высветліў, што ў нас працуюць некалькі выпускнікоў Вялікадолецкай школы – а вядома, што Уладзімір Лапіцкі робіць лыжніка літаральна з кожнага вучня”, – патлумачыў спартыўны энтузіяст. У ліку такіх – і работніца “Твестубы ПРА” Людміла Стрыжонак: паўтара кіламетра яна літаральна праляцела, не пакінуўшы саперніцам шансаў.

“Срэбра” і “бронзу” ў самай маладой узроставай групе заваявалі Марыя Харак (прадстаўніца раённага цэнтра культуры, які ў гэты раз аб’яднаўся з выратавальнікамі) і Анастасія Хамёнак з УП ЖКГ.

Удзельнікі і балельшчыкі.

У заліку лыжнікаў 30-39 год абодва “золата” забралі навічкі спаборніцтваў – Антон і Ірына Крэміс. Відавочна, што нам захацелася бліжэй пазнаёміцца з пераможцамі. Як аказалася, Антон Уладзіміравіч, які летась быў прызначаны намеснікам начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях, у юнацтве наведваў лыжную секцыю ў родным Полацку, ну а яго жонка гэты спартыўны від асвоіла пад уплывам мужа. Катаюцца на лыжах і іх дачушкі – пры тым што малодшай няма яшчэ і трох годзікаў.

“На Ушаччыне нам вельмі падабаецца! Атрымалі арэндную кватэру і рады, што будзем жыць у райцэнтры з такой выдатнай прыродай і спартыўным комплексам”, – падзяліўся з намі А.Крэміс.

Дастойную канкурэнцыю на лыжні яму склаў і заваяваў “срэбра” лясгасавец Іван Міхаль, выхаванец яшчэ аднаго паважанага ў раёне педагога – Віктара Акулёнка. Ветэран спартыўнай сферы якраз даваў старт удзельнікам і прыгадаў, што ў іх Маладолецкай школе амаль усе паказвалі высокія вынікі ў лыжах і лёгкай атлетыцы – спартыўнай залы не было, займаліся ў асноўным на вольным паветры, а гэта дадавала загартоўкі! Дарэчы, вучаніцай Віктара Іванавіча была і Святлана Захарава з каманды ЦРБ, якая заваявала “срэбра”. “Бронзу” ў гэтым узросце здабыла Юлія Казак з раёна газазабеспячэння.

У забегу лыжніц 40-49 год мала хто сумняваўся ў перамозе педагога дзіцячай школы мастацтваў Ганны Бабянок. Кампанію на п’едэстале ёй склалі Таццяна Маковіч з райвыканкама (гэтыя арганізацыі аб’ядналіся ў адну каманду) і Марына Паршонак з райгаза (“бронза” і “срэбра” адпаведна). У мужчын гэтага ўзросту не было роўных Сяргею Ціханёнку, другое месца заваяваў газавік Дзмітрый Кулагін.

Добры настрой быў на старце ва ўдзельнікаў групы 50 плюс. “Эх, каб мне паляўнічыя лыжы выдалі, дык я б дакладна даў жару!” – гумарыў Уладзімір Шах з ЦРБ. Зрэшты, і ў бегавых ён выступіў добра – на срэбраны медаль. “Золата” ж тут узяў Мікалай Несцярэнка, які спаборнічаў у асабістым заліку. Дастойна выглядалі на трасе Марыя Аўласенка і Раіса Качан – яны прынеслі ЦРБ і лясгасу першае і другое месцы.

А.Байцоў, М.Казачонак.

Асаблівай жа павагі заслугоўвае кампанія “каму за 60”, куды заявіліся сямёра лыжных аксакалаў. Канечне, фаварытам тут быў лясгасавец Васіль Бяльковіч – хоць і зазначыў ён, што званне кандыдата ў майстры спорту па лыжах атрымаў аж 40 год таму, аднак жа талент часу не падуладны! Васіль Фаміч не толькі апярэдзіў сапернікаў па забегу, а і стаў адным з лепшых па хуткасці сярод усіх лыжнікаў. “Дыстанцыя ў адзін кіламетр для мяне будзе праблемнай”, – уздыхнуў перад стартам Аляксандр Пасканенкаў. Але тут жа з усмешкай працягнуў: “Вось каб 10 км бегчы – я б сябе паказаў!” У часы маладосці мужчына выступаў за зборныя інстытута і завода, стартаваў у паўмарафонскіх гонках, а зараз ужо неўпершыню прыязджае ва Ушачы з Садкоў, каб далучыцца да лыжнага свята. Трасу, падрыхтаваную пад каньковы стыль, ён пераадольваў класічным і не на сучасных пластыкавых лыжах, а на любімых рарытэтных “Целяханах” – што аднак не перашкодзіла самаму ўзроставаму ўдзельніку гонкі здабыць “срэбра” ў асабістым заліку. Важныя балы сваім камандам прынеслі камунгасавец Павел Пашкоў і намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў. Дастойна выглядалі на лыжні Мікалай Фядосенка, Леанід Севярын, а таксама Юрый Акудовіч – майстар спорту па турызме, які спецыяльна прыехаў з дальняй вёскі Ветча, каб упершыню паўдзельнічаць ва “Ушацкай лыжні”.

Нямала было ля трасы і балельшчыкаў. Ушачане Сяргей і Вера Кароткія, напрыклад, прызналіся, што прыйшлі падтрымаць прадстаўнікоў сваіх любімых калектываў цэнтра культуры і школы мастацтваў. І падвядзенне агульнакамандных вынікаў парадавала абаіх.

На трэцюю прыступку п’едэстала ўзнялася зборная райвыканкама і ДШМ. “Срэба” заваявала каманда ЦРБ. Ну а перамогу атрымалі выратавальнікі і культработнікі. Зрэшты, як ні банальна гэта прагучыць, прайграўшых на лыжным свяце насамрэч не было!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *