Ветеран труда ДРСУ-105, бывший кадровик организации Надежда Павловна Качан и сегодня держит в памяти сотни биографий

Общество

Днямі свой 92 дзень нараджэння сустрэла Надзея Паўлаўна Качан. Ветэран працы ДРБУ-105, былы кадравік арганізацыі і сёння трымае ў памяці сотні біяграфій, а закладзены ёй улік годна захоўваецца і працягваецца. Гэта прадпрыемства можна без перабольшвання назваць эталонным у раёне па ўшанаванні былых работнікаў – кожны з іх атрымлівае на юбілеі віншаванні і падарункі. Ну а размова з Н.П.Качан аказалася экскурсам у гісторыю раёна, бо яе працоўны шлях звязаны са станаўленнем многіх арганізацый Ушаччыны, а сама жанчына – прадстаўніца пакалення, якое вітаміны атрымлівала з лебяды і крапівы, падлеткамі хадзіла за плугам і ніколі ў жыцці не ведала адпачынку.

“Маё багатае дзяцінства”

Надзея скончыла дзесяць класаў, што тады было рэдкасцю. За сярэднюю адукацыю ў 1940-м увялі плату ў 150 рублёў, і многія з яе 8 “В” Ушацкай школы спынілі навучанне: у калгасах грошай не плацілі ўвогуле. “Мы ж былі багатыя, маці – партыйная яшчэ да вайны, працавала сакратаром Сарочынскага сельсавета і мела рэальны заробак, ды і бацька хоць і інвалідам, аднак вярнуўся з фронту – лапці, у якіх мы, трое дзяцей, хадзілі ў школы ў Славені, Слабаду, Бікальнічы, а потым райцэнтр, плёў ён сам. Ды і за плуг маці ўжо не станавілася, мы ў яго ў вайну запрагалі карову, якой я кіравала. Самы страшны час – канечне, Вялікая Айчынная, у 1944-і мы пастаянна жылі ў зямлянках. Пахавалі і малодшага брата – ён хварэў на адзёр, а ўсіх жанчын з дзецьмі сагналі на мароз глядзець на расстрэл аднавяскоўца Анатоля Лобуса. Страшны эпізод, хоць юнаку і ўдалося ўцячы ў блізкі лес. У час прарыву блакады мы аж да чыгункі дайшлі, а потым немцы назад прыгналі – у Броўчыне два тыдні ў лагеры трымалі. Аднак вярнуліся ў свой дом – наша вёска Крыжы ўцалела.

“Муж узяў маё прозвішча”

Пачуццём гумару, жывым ды з вострым народным выразам валодае ўсё старэйшае пакаленне – без яго б, напэўна, не выжылі. Вось і Надзея Паўлаўна – віртуоз гэтага жанру. “Качан – маё дзявочае прозвішча. Ды і мужа на сваё перавяла, – смяецца жанчына. – Трэба ж было ў Рагуцкіх адшукаць адзінага з такім жа, хоць у калгасе імя Жданава сотні людзей працавалі. Толькі ў адных Вуглах, згодна перапісу, у якім удзельнічала, пражывала 97 чалавек”.

Пасля курсаў бібліятэкараў яна аказалася загадчыкам толькі што пабудаванага клуба вёскі і каля дзесяці год пражыла са свекрывёй. А потым купілі ва Ушачах недабудаваны дом. Віктар Аляксандравіч уладкаваўся вадзіцелем і кранаўшчыком у Сельгастэхніку, яна ж пайшла тэлефаністкай на пошту. За камутатарам удзень знаходзілася два чалавекі, якія і злучалі работнікаў арганізацый паміж сабой і Лепелем – райцэнтрам на час скасавання раёна. “Лініі пастаянна занятыя, а ўсім трэба тэрмінова – званкоў было шмат, хоць у насельніцтва зусім не было дома апаратаў. Калі “хуткую дапамогу” выклікаць ці пажарных, ішлі ў тыя ж сельсаветы, канторы, а ў начны час тэлеграфісткі адбівалі тэрміновыя паведамленні”, – расказвае жанчына. Потым вызвалілася месца касіра ў Сельгастэхніцы, з якой яе пераманілі ў толькі што створанае ПМК-50.

Зарплату выдавала на палях

Тры бухгалтары і касір размяшчаліся ў вагончыку – ні памяшкання канторы, ні гаражоў яшчэ не было. А вось барак існаваў, з якога пасля рассялялі меліяратараў. Першыя іх аб’екты – Усая, Стаі, Завячэлле, Рубанікі. Зараблялі, асабліва экскаватаршчыкі, многа. Працавала ж больш сотні чалавек, а штат пастаянна пашыраўся, таму грошы Н.П.Качан атрымлівала ў прамым сэнсе слова мяшкамі. Напэўна, таму што большасць работнікаў былі вясковыя – выдавалі яе непасрэдна на аб’екце ў канцы працоўнага дня. “Прыязджалі на бензавозе да 18 гадзін. За намі амаль заўсёды трактар ішоў, каб выцягваць. Асфальту па раёне не было наогул, ды і дарог – як зараз, таму вярнуцца маглі і пад раніцу. Памятаю, заходжу дамоў ў чатыры ночы, а муж з дзецьмі не спяць, непакояцца, што нешта здарылася. Аднойчы зламаліся і па лесе з грашыма пешшу ішлі, Васіль Іванавіч Касяк тады манціроўку ўзяў у якасці абароны касы. Ад турмы мяне выратаваў толькі цуд: пералічыць суму дасканала не магла, пачакі ж не ўскрывалі. А калі б нехта сапраўды напаў… Ды і сейфу ў арганізацыі не існавала – грошы на ноч я дамоў прыносіла. Аднак нястачы ніколі не было, а маё хаджэнне па грані спынілі супрацоўнікі аддзела барацьбы з крадзяжамі сацыялістычнай уласнасці – атрымалі тады наганяй за такую работу з наяўнымі. Ды і муж забараніў рызыкаваць”, – прыгадвае Надзея Паўлаўна самы экстрэмальны перыяд жыцця, які закончыўся пераходам у ДРБУ-105.

Хадавыя – грунтавыя

Адзіная дарожная арганізацыя была крыху меней за ПМК-50, аднак пад 80 чалавек працавала. У штаце – пераважна рознарабочыя, якія былі заняты на ўкладцы гравійных дарог, высечцы кустоў і жылі ў вёсках ля тых аб’ектаў, што абслугоўвалі: на вялікадолецкім, жарскім, іншых участках. З тэхнікі – трактары і некалькі машын, на якіх перавозілі выключна пясок з толькі што адкрытага кар’ера “Звонь”, а ў снежныя, як сёлета, зімы – расчыстка і падсыпка. Дарогі па раёне – пераважна грунтавыя, лічы што ніякіх. Н.Качан прыгадвае, што па Калінінскай заўсёды гразлі трактары, якія везлі трасту на льнозавод, у Арэхаўне насупраць школы месца наогул “грэбляй” называлася. Брукоўка існавала толькі па Школьнай, Каранеўскага ва Ушачах, ды ад Вашкова да Баравых. Пазней распачалося будаўніцтва асфальтавага завода, летам набіралі сезонных работнікаў, а яшчэ эфектыўна працавала ўласная будаўнічая брыгада, што забяспечвала дарожнікаў жыллём. Спрэчак “за метры” ніколі не было, наадварот, нават саступалі сваю чаргу іншым. Паступова пачалі з тэхнікумаў прысылаць кваліфікаваных спецыялістаў, так і засталіся на Ушаччыне Міхаіл Дзмітраніца, Ірына Клямяценка, Алена Собаль.

Надзея Паўлаўна акрамя касіра была яшчэ і кадравіком (з пашырэннем арганізацыі гэтую стаўку выдзелілі асобна), заставалася і нязменным касірам прафсаюзнай арганізацыі. “Да Новага года не 260-270 падарункаў рыхтавалі, а на 5 болей – практыкавалася ў нас своечасова не паведаміць пра нараджэнне чарговага дзіцяці. У савецкі час абавязкова накіроўвалі да нас на працаўладкаванне людзей, што вызваліліся з турмы: і на аб’ектах за такімі настаўнічалі брыгадзіры Мікалай Кісель, Васіль Зелянік і абавязкова загадчык майстэрні Цімафей Леснічэнка. Многіх, як дырэктара Міхаіла Іларыёнавіча Карнеева, бухгалтара Валянціну Пятроўну Пахілку прыгадваю з цеплынёй. Дружны калектыў быў, і экскурсіі арганізоўвалі, і з брыдкаслоўем змагаліся – нават штрафы ўводзілі за нецэнзурную лексіку. Толькі не дапамагала – хоць усю зарплату забяры”, – жанчына зноў прыгадвае жартоўныя эпізоды.

У яе выдатная памяць, якая захоўвае не толькі пазітыўнае. Яна, доўгажыхар, пахавала сына і вельмі рана – дачку. Цяпер так называе сацыяльнага работніка Таццяну Фамёнак. “Да 88 сама градкі капала. А цяпер вось ледзь хаджу з хадункамі. Калі з пераломам ляжала, Танечка мяне да сябе дамоў забірала, каб без нагляду не пакідаць, муж яе таксама дапамагае, ён для мяне як унук. І вялікі дзякуй Прэзідэнту за існаванне такой патрэбнай для пажылых службы”, – шчыра кажа пры развітанні ветэран.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *