«Сердце отдаю людям»: Анна Лышко стала победительницей областного этапа конкурса «Женщина года-2026»

Общество

Учора ў Віцебску ўшаноўвалі пераможцаў абласнога этапу конкурсу “Жанчына года-2026”. Прыемна адзначыць, што такога высокага звання ўдастоена і наша зямлячка Ганна Карлаўна Лышко – спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Ушацкага раёна адзначана ў намінацыі “Сэрца аддаю людзям”.

Яна з ліку тых, для каго прафесія – неад’емная частка жыцця. Нават пасля самага насычанага, плённага дня Г.К.Лышко не перастае думаць пра справы цэнтра – аналізуе, ці ўсё магчымае зрабіла для людзей, плануе, чым яшчэ можа дапамагчы.

– Гэта ў мяне ад бацькоў, – расказвае ўраджэнка Глыбоччыны. – Тата быў лесніком, маці – работніцай калгаса. Фізічнай працы яны не баяліся – заўсёды трымалі вялікую падсобную гаспадарку, ды і бліжніх усяляк падтрымлівалі – начлегам і прадуктамі, нарыхтоўкай сена, дроў і апрацоўкай прысядзібных участкаў, дастаўкай да цягніка… Бачачы, з якой павагай адносяцца да іх аднавяскоўцы, калегі ды сваякі, мы з братам на іх раўняліся. Даваць, а не прымаць заўсёды імкнулася і я.

Пасля заканчэння сельскай васьмігодкі Ганна паступіла ў Маладзечанскі палітэхнікум на модную ў той час спецыяльнасць “тэхналогія кансервавання”. Установу скончыла з чырвоным дыпломам і на размеркаванні выбрала край, што бліжэй ад дома – стала тэхнікам-тэхнолагам на Ушацкім агароднінасушыльным заводзе.

З таго часу прайшло ўжо больш 40 гадоў, але ж прапіску жанчына мяняць не стала: настолькі спадабаліся ёй нашы мясціны! Тут выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок, а зараз дапамагае з унукамі, якіх ужо сем.

Атрымала завочна вышэйшую адукацыю, амаль два дзесяцігоддзі адпрацавала ў спажыўкааперацыі, 14 гадоў аддала дзяржаўнай службе ў аддзеле эканомікі райвыканкама, загсе. Але ж самай важнай, лёсавызначальнай для сябе Г.К.Лышко называе работу ў сацыяльнай сферы. Так, з 2013-га па 2018-ы яна была спецыялістам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне – прызначала землякам пенсіі і дапамогі. Ну а потым яе назначылі намеснікам дырэктара ў ТЦСАН. Не пабаялася ў 52 гады перавучыцца – атрымала другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “сацыяльная работа”.

– Ганна Карлаўна – самы вопытны і надзейны спецыяліст, душа калектыву! – кажа дырэктар цэнтра Кацярына Васільеўна Коршун. – З любым пытаннем, просьбай можна прыйсці да яе – і абавязкова падкажа, параіць. Да кожнага чалавека яна ўмее знайсці падыход, падтрымаць у няпростай сітуацыі. Сваё сэрца, сапраўды, аддае людзям…

Прымае ўдзел Г.К.Лышко і ў грамадскім жыцці Ушаччыны: культурна-масавых мерапрыемствах, дабрачынных акцыях, у тым ліку ад Беларускага саюза жанчын.

– Нават не сумняваліся ў поспеху, калі прапанавалі кандыдатуру Ганны Карлаўны на ўдзел у конкурсе “Жанчына года”, арганізатарам якога выступае БСЖ. Яна гэтага адназначна дастойная! – сцвярджае старшыня раённай арганізацыі прыгаданага аб’яднання Дзіна Міхайлаўна Садоўская. – І я вельмі рада, што пра ўшачанак – клапатлівых і пяшчотных, нераўнадушных і таленавітых – ведаюць за межамі раёна.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *