Старшыня райвыканкама С.С.Шамовіч сустрэўся з жыхарамі аграгарадка Вялікія Дольцы. Вяскоўцы абмеркавалі з кіраўніком раёна многія тэмы, агучылі хвалюючыя іх пытанні.
Ключавой стала тэма паштовага абслугоўвання, а таму на сустрэчу была запрошана і начальнік Полацкага вузла паштовай сувязі В.М.Закрэўская. Ужо даволі працяглы час аддзяленне ў аграгарадку не працуе з-за адсутнасці работніка, а насельніцтва абслугоўваецца мотадастаўкай. Такую часовую меру кіраўніцтва Полацкага РВПС мела намер зрабіць пастаяннай практыкай, закрыўшы паштовае аддзяленне. Аднак ні кіраўніцтва раёна, ні сельвыканкам з жыхарамі такое рашэнне не падтрымалі. У аграгарадку, дзе пражывае больш трохсот чалавек, пошта несумненна вельмі запатрабавана. Хоць мотадастаўка і аказвае многія паштовыя паслугі, усё ж гэта нязручна чакаць у вызначаны час машыну, асабліва працуючым людзям, каб выпісаць газеты, атрымаць пасылку ці нават купіць тавары, якія пошта прапануе ў добрым асартыменце. Вузлу сувязі даручана прыняць дадатковыя меры па пошуку работніка і закрыцці вакансіі, а для паляпшэння ўмоў працы (менавіта гэты фактар для патэнцыяльных кандыдатаў на пасаду з’яўляецца стрымліваючым), рашыць пытанне перамяшчэння пошты ў будынак амбулаторыі агульнай практыкі, дзе пасля рэарганізацыі ёсць вольныя памяшканні з выдатнымі ўмовамі і цэнтральным ацяпленнем.
Задаволена просьба адміністрацыі Вялікадолецкай школы аб перамяшчэнні ў прыгаданы будынак сельскай бібліятэкі. Цяперашняя яе дыслакацыя ў школьных сценах стварае пэўныя нязручнасці як для вучэбнага працэсу, так і непасрэдна для сельскіх чытачоў з-за строгага прапускнога рэжыму ў школе. Ажыццявіць перавод плануецца ўжо да пачатку мая.
Не абышлося без пытанняў дарожнай тэматыкі. У прыватнасці, хвалюе вяскоўцаў зарастанне дарог драўнінна-хмызняковай расліннасцю. Дарэчы, якраз днямі філіял “Ушацкае ДРБУ-105” атрымаў у арэнду мульчар, які на працягу месяца на тэрыторыі раёна будзе займацца выдаленнем кустоўя ўздоўж дарог. Названай дарожнай арганізацыі даручана ўдзяліць увагу больш якаснай расчыстцы і грэйдзіраванню дарог. Пыталіся вялікадальчане і пра завяршэнне асфальтавання аўтадарогі Р-29 “Ушачы-Докшыцы-Вілейка”. Абнаўленне пакрыцця праводзілася на трасе часткова летась, на сёлета ў планах ДЭУ-37 значыцца асфальтаванне яшчэ двух участкаў дарогі – ад 7,8 да 11-га кіламетра і ад 37 да 38 км.
Прасілі жыхары аграгарадка ўнесці змены ў рух аўтобусаў. У прыватнасці, хаця б раз на тыдзень вярнуць адменены рэйс “Ушачы-Касары” з адпраўленнем у абедзенны час. Да аграгарадка штодня ідуць аўтобусы, але час адпраўлення ў другой палове дня не для ўсіх зручны. Просьба аб арганізацыі рэйса ўжо разгледжана ўчасткам “Ушачы” АТП№6, у раскладзе хутка з’явіцца такі рэйс па серадах, аднак праз некаторы час будзе прааналізавана яго запатрабаванасць пасажырамі.
Ёсць нараканні ў вяскоўцаў на асартымент у магазіне філіяла аблспажыўтаварыства, а таксама на якасць ушацкага хлеба. Пытанне ўзята на кантроль.
Нераўнадушныя жыхары аграгарадка хвалююцца пра парадак на грамадскіх тэрыторыях, а таму абурае іх тое, што асобныя грамадзяне выкідваюць смецце дзе прыйдзецца. Жыллёва-камунальная гаспадарка па даручэнні кіраўніка раёна больш актыўна зоймецца работай па заключэнні дагавораў на вываз смецця, а раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя будзе праводзіць рэйдавыя мерапрыемствы па выяўленні несанкцыянаваных звалак. Таксама мясцоваму сельгаспрадпрыемству ўказана ўтрымліваць у належным стане прылягаючыя тэрыторыі ля фермы “Міхалкаўшчына” і машыннага двара.
Сяргей Сцяпанавіч у рамках візіту ў Вялікія Дольцы наведаў амбулаторыю агульнай практыкі, а таксама азнаёміўся з асартыментам у магазіне кааператараў.
Вольга КАМАРКОВА.

