Ореховская средняя школа названа в числе 15 лучших учреждений образования области

Общество

Заўтра сваё прафесійнае свята адзначаць людзі, якія аказваюць важкі ўплыў на лёс кожнага з нас, бо менавіта педагогі ў многім фарміруюць наш светапогляд, дапамагаюць выбраць справу жыцця. Аб дасягненнях ушацкіх настаўнікаў і педагагічных калектываў наша перадсвяточная гутарка з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Інай Фёдараўнай Сыроўчанкай.

– Ведаю, што днямі дэлегацыя педагогаў раёна пабывала на абласным свяце, прысвечаным Дню настаўніка і 75-годдзю прафтэхадукацыі Віцебскай вобласці. Якія ўражанні атрымалі ад гэтай падзеі?

– Гэта было яскравае і запамінальнае свята, у праграму якога ўваходзіла работа шматлікіх тэматычных пляцовак, выстаў, адлюстроўваючых дасягненні ўстаноў прафтэхадукацыі рэгіёна, галоўнай жа яго падзеяй стала ўрачыстае пасяджэнне, на якім губернатар вобласці М.М.Шарснёў і начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама І.А.Шчурок ушанавалі лепшых педагогаў Віцебшчыны. Нам жа было вельмі прыемна, што сярод іх адзначыліся і ўшачане. Арэхаўская сярэдняя школа была названа ў ліку 15-ці лепшых устаноў адукацыі вобласці – гэты рэйтынг складаўся на аснове аналізу ўсіх накірункаў дзейнасці, а сярод крытэрыяў ацэнкі былі якасць ведаў вучняў, работа з бацькамі, грамадскасцю, падрыхтоўка да навучальнага года, ажыццяўленне інавацыйных праектаў. Узнёслыя эмоцыі адчула наша дэлегацыя і калі на высокую сцэну для ўзнагароджання Ганаровай граматай абласнога ўпраўлення адукацыі ўзнялася выхавацель ясляў-сада №2 г.п.Ушачы Алена Венядзіктаўна Грышчанка

– І ўсё ж, напэўна, галоўным крытэрыем дзейнасці ўстаноў адукацыі з’яўляецца ўзровень атрыманых вучнямі ведаў. Якія вынікі паказалі сёлетнія ўшацкія выпускнікі падчас ўступнай кампаніі?

– Вельмі дастойныя! З 87 выпускнікоў 11-х класаў 44 навучэнца (51 працэнт) сталі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі, 21 выпускнік атрымлівае зараз сярэднюю спецыяльную адукацыю, 17 – працягваюць вучобу ва ўстановах прафесійна-тэхнічнага навучання.

– Разумею, як няпроста вылучыць лепшых работнікаў сістэмы адукацыі раёна. Але можа ўсё ж паспрабуеце?

– Гэта сапраўды складаная задача, бо літаральна ўсе педагогі заслугоўваюць самай высокай ацэнкі. Мы ганарымся тым, што 80 працэнтаў нашых настаўнікаў маюць вышэйшую адукацыю, а таксама вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. На ўрачыстым пасяджэнні з нагоды Дня настаўніка, якое прайшло ўчора, прагучала шмат цёплых слоў як у адрас ветэранаў педагагічнай працы, так і тых, хто сёння дастойна працягвае іх справу ў 19 навучальных установах раёна. Дзейнасць многіх адзначана сёлета на розных узроўнях. Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджана настаўнік рускай мовы і літаратуры Ушацкай школы Людміла Васільеўна Трафімава. Шэрагу педагогаў былі ўручаны граматы і аб’яўлены Падзякі раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта. Ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама атрымалі настаўнік нямецкай мовы Ільюшынскай СШ Ларыса Уладзіміраўна Шарыпа, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі спорту і турызму Ганна Францаўна Струй, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ушацкай СШ Ірына Уладзіміраўна Леснічэнка, выхавацель ясляў-сада №2 г.п.Ушачы Алена Рыгораўна Лёля, дырэктар Глыбачанскай школы Віктар Пятровіч Котаў, педагог-арганізатар Ушацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Іван Станіслававіч Відзевіч. Граматы аддзела былі ўручаны і іншым педагогам падчас святочных мерапрыемстваў, якія прайшлі ва ўсіх школах раёна. Адзначыў лепшых педагогаў Ушаччыны абкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, узнагародзіўшы Ганаровай граматай старшыню пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Плінскай школы Алену Уладзіміраўну Філіпчык і Лістом Падзякі – старшыню пярвічкі Вяркудскай Алену Міхайлаўну Лунёнак. А старшыня пярвічнай арганізацыі Глыбачанскай школы Святлана Васільеўна Зайцава атрымала Ганаровую грамату райкама галіновага прафсаюза.

Напярэдадні Дня настаўніка хачу шчыра павіншаваць усіх сваіх калег, якія прысвяцілі сябе няпростай, але такой важнай справе выхавання дзяцей. Жадаю вам нязгаснай энергіі і пастаяннага творчага пошуку, няхай работа прыносіць задавальненне, а вучні і іх бацькі заўсёды будуць удзячнымі.

Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *