Летась па краіне пачалася больш актыўная рэклама рапсавага алею і нават правядзенне адпаведных месячнікаў, калі тавар займаў выйгрышнае месца на паліцах, “апранаўся” ў яркія наклейкі, а сродкі масавай інфармацыі расказвалі пра вартасці айчыннага прадукту харчавання. Рабіў гэта і “Патрыёт”, вось і сёлета мы не прамінулі ўвагай распачаты 10 сакавіка праект “Коллеги по Омеге” і ў чарговы раз пераканаліся, што менавіта папулярызацыі тавару і не хапае.
Аргументаваны выбар
“Не спрабавалі”. “Купляем сланечнікавы з дабаўленнем аліўкавага”. “Не падабаецца прысмак”. “Не мяняем прывычак”, – такімі былі адмоўныя і пры гэтым нічым не абгрунтаваныя адказы. А вось прыхільнікі рапсавага алею прыводзілі аргументы.
Таццяна Бараніч (на здымку) карыстаецца выключна ім ужо два гады – пасля таго як прачытала пра наяўнасць карысных для сэрца Амега-3, 6 і 9. І салаты запраўляе, і смажыць, і ў выпечку далучае. Алей з іншых раслін з’яўляецца на кухні толькі па няведанні аб яе прыхільнасцях некага з блізкіх.
“Канечне, купляю. Блінцы на ім смажу, рыбу, бульбу, люблю за тое, што “не страляе”. Шкада толькі, што ў наш селішчанскі магазін яго прывозяць мала, таму хутка разбіраюць і даводзіцца ва Ушачы за ім прыязджаць”,– сказала Соф’я Хамёнак. Нават не ведаючы тэмпературы дымлення гэтага алею, жанчына на практыцы пераканалася, што яна высокая. “І ў аўталаўцы ён рэдка бывае”, – дабавіла жыхарка Цялічына.
“Мая бабуля Галіна Шалыга пасля таго як прачытала пра яго карысныя вартасці, пастаянна набывае, сцвярджае, што ён ёй лепш падыходзіць, і нам рэкламуе”, – паведаміла Галіна Краснова. А вось пекар хлеба Людміла Дунец дабаўляе ў цеста нават нерафінаваны: “Я перапрабавала многія гатункі. Рапсавы алей люблю за прыемны прысмак, за тое, што вырасла сыравіна на нашых палях, а таму, як вядома, лепш падыходзіць для харчавання беларусаў. А разрэкламавала мне яго мама, якая пачала актыўна набываць яшчэ год таму”. Ну а Вера Цвяцінская прывяла самы распаўсюджаны аргумент: “Розніцы з рафінаваным сланечнікавым не бачу ніякай, а кошт таннейшы, таму і бяру”.
Рэклама дае плён
“Ці пачалі больш купляць рапсавага алею?”. На наша пытанне прадаўцы магазіна “Еўраопт” адказалі так: “Быў перыяд – пасля рэпартажу з Прэзідэнтам, калі куплялі вельмі ахвотна. Зараз – як звычайна”. Аб’ектыўную ж ацэнку дала дырэктар магазіна Аксана Саднікава. Высветлілася, што ў 2024 годзе было прададзена 746 бутэлек, а ў 2025-м – 1600. Лічбы пераканалі ў больш чым двухразовым запыце. У столькі ж павялічыўся асартымент айчыннага алею ў “Санце” – раней былі гатункі толькі Мінскага маргарынавага завода. У “Капеечцы” на паліцах пастаянна добры выбар з 6-8 найменняў, прычым, сярод іх і прадукцыя з дабаўленнем праванскіх траў, і халоднага адціскання. За месяц тут рэалізуецца каля 200 бутэлек, паведаміла загадчык магазіна па Ленінскай, 30 Галіна Маковіч.
Аднак як і па краіне ў цэлым яго аб’ём у продажы складае пакуль толькі каля 10-15 працэнтаў. І справа менавіта ў рэкламе: захаванай у памяці, бо ў СССР выпускаўся і стаяў на паліцах толькі сланечнікавы, ці моднай на ўсё замежнае, а між тым дарагі ў нас аліўкавы вырабляецца ў Еўропе з самай таннай мясцовай сыравіны. Па кошце ж рапсавы дзешавей у пяць разоў, ды і па вартасцях пераўзыходзіць яго. У прыватнасці, па ўтрыманні вітаміну Е (20 грамаў мае сутачную патрэбу), поліненасычаных кіслот, якія падтрымліваюць сардэчна-сасудзістую сістэму: умацоўваюць сценкі сасудаў, выводзяць дрэнны халестэрын. Вы і самі можаце прачытаць пра ўсе карысныя вартасці рапсавага алею, як і пераканацца ў тым, што ў сланечнікавым наогул няма каштоўных для сэрца Амега-кіслот.
Грошы для сялян
Купім насенне рапсу па высокім кошце. Такія аб’явы і зараз дае ААТ “Аграпрадукт” – толькі адзін з перапрацоўшчыкаў маслянічных культур, прычым, самы малады, які вырас у глыбінцы Брэсцкай вобласці.
Наведваючы летась Камянецкі раён, Прэзідэнт назваў рапс грашыма для сялян, бо ў гэтай культуры спалучана ўсё, што патрэбна вытворцу: яна меней патрабавальная ў доглядзе, ніякіх праблем са збытам і – за добры кошт.
Пацвярджае гэта і вопыт нашых гаспадарак: здаўшы летась 788 тон, яны атрымалі 24 тысячы чыстага прыбытку пры рэнтабельнасці 2,9 працэнта. І гэта пры далёка не ўзорных паказчыках: ураджайнасці 8,9 цэнтнера з гектара і спісанні добрай часткі азімага рапсу. Самую вялікую аддачу, атрымаўшы на круг усяго 6,6 цэнтнера і рэалізаваўшы 207 тон, убачыў “Ільюшынскі” – 10 тысяч і рэнтабельнасць – 4,6. Зразумела, што гэтыя лічбы не могуць паўплываць на эканамічную стабільнасць, аднак указваюць бяспройгрышны варыянт у выбары культур. Гэта значыць, што зарабляць на крыжакветных нашы сельгаспрадпрыемствы маглі б круглы год. Рэчаіснасць жа такая, што Віцебскі маслаэкстракцыйны завод, які на працягу многіх гадоў прымае сыравіну, выручае іх і дае грошы ў кошт будучых паставак.
Па Беларусі працуе некалькі дзясяткаў заводаў па перапрацоўцы насення крыжакветных – вытворчасць гэта безадходная і шматпрофільная. У залежнасці ад якасці сыравіны бутыліруецца харчовы алей, выпускаецца і кармавы, з якога ў сваю чаргу вырабляюць маргарын, маянэз, а таксама тэхнічнае масла, біяпаліва. Ды і па сутнасці адходы вытворчасці (жмых) таксама карыстаюцца попытам – гэта вельмі карысны бялковы корм. Калі ў камбікорме ўтрымліваецца да 18 працэнтаў пратэіну, то ў рапсавым шроце – да 42. І летась з рэзервовага фонду раённага бюджэту нават выдзяляліся сродкі на яго набыццё.
Вольга Караленка.

