Адзіны від работ, які вядзецца зараз на палетках сельгаспрадпрыемстваў – гэта падсеў траў.
Прычым, выключна спецыфічнай тэхнікай на шынах-абалонках. Толькі лёгкіх “Расы” і “Дзвіны”, якія маюцца ў арсенале нашых гаспадарак, не баяцца зялёныя парасткі зерневых, ну а для саміх самаходных агрэгатаў сёлетняя вясна – сапраўднае выпрабаванне. У гэтым мы пераканаліся на палетках “Сафійскіх дароў”, пабачыўшы за працай і пагутарыўшы з механізатарам Алегам Арлоўскім (на здымку).
Першая “хіба” проста кідалася ў вочы. “Раса” мела такі “нефотагенічны” выгляд, што паставіла пад пагрозу здымак. Аднак, як ёсць – без упрыгожванняў. Застацца бялюткай кабіне самаходкі не ўдалося б ніяк. Кранаючыся з месца, высокія колы прабуксоўвалі і падымалі за сабой шлейф гразі, па ўзгорках машына бегла шпарка, а ў нізінах з вымачкамі і на разваротах зноў сцішала ход. Палі развітваюцца з зімой вельмі нераўнамерна: дзе суцэльная каша, дзе шапка збітага снегу, а дзе зверху вада, а пад ёй лёд. Таму і даводзіцца механізатару штодня мяняць месца дыслакацыі, выбіраючы больш сухія ўчасткі. Ды і на палі Алег Паўлавіч імкнецца прыбыць зранку, калі “па марозіку” больш устойліва ідзе агрэгат. Сваім часам, як звычайна, ахвяруе: трэба было мяняць рэмень, а для гэтага разабраць кардан – прыйшоў раней, каб без замінак быць на полі.
Па раёне згодна з планам трэба падсеяць травамі 2300 гектараў зерневых: 850 – “Сафійскім дарам”, 750 – “Вялікадолецкаму” і 700 – “ Ільюшынскаму”. Да работ прыступілі ўсе гаспадаркі, а на 12 сакавіка яны выкананы на 7,5 працэнта плошчаў.
Хоць распачаў работы яшчэ 3 сакавіка, знаходзіцца пакуль у адной і той жа мясцовасці: Славені, Ляхі, Слабада, Мажэйчына. Там не проста ўзгоркі, а вельмі крутыя, з блізкімі балотамі. І жаданая выпрацоўка атрымлівалася хіба толькі некалькі дзён, калі без экстрыму і паломак завяршаў змену. Падсеў траў здаўна вядзецца менавіта на снезе, які растае і апускае на зямлю лёгкае насенне, аднак сёлетні покрыў яўна не быў разлічаны, каб па ім ездзілі. Вялікі, зверху з ледзяной коркай, для гумавых гладкіх шын ён ператвараўся ў каток, і “Раса” месцамі не ехала, а кацілася па схілах.
Вынаходніцтвы прыдумвалі на месцы – для лепшай счэпкі пачалі намотваць на шыны шпагат, толькі дапамагала гэта ўсяго на некалькі гадзін – ён лёгка пераціраўся снежнай коркай. А пад высокімі шапкамі таіліся схаваныя “міны”: у адным месцы бабры нацягалі горку галін, якія лёгка прабілі гуму. Ды і тэхніка ўжо выпрацавала свой рэсурс і пастаянна патрабуе да сябе ўвагі ў выглядзе новых запчастак.
Адзіная ў раёне “Раса” (у арсенале “Вялікадолецкага” і “Ільюшынскага аналаг віцебскіх вытворцаў –“Дзвіна”) мае не толькі штангі для ўнясення вадкіх угнаенняў ці хімікатаў, аднак і бункер з механізмам для рассеву. Апошні рэгулюецца ў залежнасці ад таго, што ўносіцца. Для падсеву зараз выкарыстоўваецца канюшына і цімафееўка, на гектар трэба 15-20 мільёнаў семак. Канечне, ніхто іх не лічыць, гэта прыкладна 6-8 кілаграмаў. Паколькі закрываць іх не трэба, то загружаная ў бункер сумесь разыходзіцца хутка – і Алег Паўлавіч засыпае прывезеныя дадаткова мяшкі, ён жа і дастаўляе “Расу” на лафеце на месца прызначэння. Універсальная машына, што знаходзіць на палетках прымяненне на працягу ўсяго сезона, сама рухацца на вялікія адлегласці не можа. Такім чынам механізатар у дзень знаходзіцца за баранкай адразу дзвюх адзінак тэхнікі.
Што датычыцца траў, то гэта кармавая база і адзін з асноўных напрамкаў аграрыяў у раслінаводстве. Таму акрамя канюшыны і цімафееўкі, якія будуць закладацца таксама і з яравымі зерневымі, кожная з гаспадарак пасее ў чыстым відзе люцэрну. Летась гэтая культура добра паказала сябе ў КУСГП “Вялікадолецкае”. Сродкі на насенне апошняй будуць выдзелены з абласнога бюджэту, а вось травы для падсеву – уласныя і ў дастатковай колькасці.
Намеснік начальніка райсельгасхарча па раслінаводстве Станіслаў Лісічонак:
“Ні ўзворванне, ні падкормка азімых, якія летась у такі час вяліся, пакуль немагчымы. Сіноптыкі зафіксавалі па вобласці самы высокі з зімы пласт снегу менавіта па Полацкім і Ушацкім раёнах, так што чакаем, калі растае снег, праводзім рэвізію ўчасткаў. Той жа тэхнікай, якая вядзе падсеў, можна было б ажыццяўляць і падкормку азімых, аднак палі пакуль “паласатыя” – зеляніна чаргуецца са снегам, ды і пры мінусавых тэмпературах, па мокрай лістоце і ў сонечныя дні гэта немэтазгодна. Таму рыхтуем тэхніку. На 100 працэнтаў ад наяўных трактароў выйсці аднак не атрымаецца, паколькі па двух з іх ён складаны і вядзецца ў спецыялізаваных прадпрыемствах”.
Вольга Караленка.

