“Я нікога не ведаю… Нас пазнаюць усе”. Паміж гэтымі выказваннямі аднаго і таго ж чалавека – больш чвэрці века. Дваццаць шэсць год у сiстэме жыллёва-камунальнай гаспадаркi працуе кантралёр Ушацкага ўчастка “Полацкводаканала” Таццяна Кісялёва, займаецца ўлікам аплаты за ваду і паспяхова з ім спраўляецца. Яе можна сустрэць у любое надвор’е на дарогах раёна – з сумкай праз плячо і графікам у руках. Мала хто з жыхароў Ушаччыны не ведае гэтую жанчыну, а яна толькі па прозвішчы беспамылкова назаве адрас і нават прыгадае, у якім месцы ўстаноўлены лічыльнік. У кантактах яе тэлефона – не толькі нумары карыстальнікаў вады, але і іх родных, суседзяў – Таццяна Анатольеўна ведае, што абавязкова павінна адшукаць забыўчывых спажыўцоў.
Калі ў камунгасе, у склад якога раней уваходзіў і водаканал, ёй прапанавалі пасаду кантралёра, яна катэгарычна адмаўлялася. Не мясцовая – ні вуліц, ні людзей не ведае, ды і баялася маладая дзяўчына зносін з кліентамі. Было іх, праўда, тады значна меней – жыхары ўсяго трох шматпавярховых дамоў райцэнтра – гэта паступова паўсюдна ўстанаўліваліся прыборы ўліку, водаканал прымаў на баланс зношаныя вясковыя сеткі, заключаў дагаворы з жыхарамі прыватнага сектара і ўсімі карыстальнікамі калонак. Цяпер вёскі, дзе водаправод застаўся за сельгаспрадпрыемствамі ці сяльчане карыстаюцца выключна калодзежамі, можна пералічыць па пальцах, а на ўліку кантралёраў 5 тысяч 262 асабістых рахункаў абанентаў!
Кожнага з іх Таццяна Кісялёва і Марыя Хамёнак наведваюць чатыры разы на год. Штодзень выходзяць на маршруты, каб праверыць, як расходуецца галоўны прыродны рэсурс, знаёмяць абанентаў з тарыфамі, інфармуюць аб зменах. Асабліва шмат клопатаў у летні сезон, калі жыхары прыватных дамоў пачынаюць актыўна выкарыстоўваць ваду для паліву. У гэты час вядуць улік часовых водаправодаў і сочаць за тым, каб не было парушэнняў.
Адключэнні пасля двух месяцаў няўплаты ўсё роўна здараюцца, аднак у кантралёраў Ушацкага ўчастка Полацкага водаканала – адзін з самых лепшых паказчыкаў па пратэрмінаванай запазычанасці.
Іх работа патрабуе не толькі тэхнічнай адукаванасці, але і ўмення размаўляць з людзьмі, ад іх уважлівасці залежыць дакладнасць узаемаразлікаў з кожным жыхаром і фінансавая стабільнасць прадпрыемства. Яны – частка дружнай каманды “Полацкводаканала” – штодня знаходзяцца на “перадавой”: не проста фіксуюць паказчыкі, але і дапамагаюць своечасова выяўляць няспраўнасці ў складанай сістэме водазабеспячэння. Ведаючы іх нумары, жанчынам, як і дыспетчарам, нярэдка першым паведамляюць аб паломках.
У апошні час кантралёры абходзяць абанентаў удзвюх, у камунгасе ж Таццяна працавала адна. Не баялася і зімой, і па аддаленых вёсках. Аднойчы яна не заўважыла шыльду “Асцярожна, злы сабака” і без перасцярогі адчыніла брамку… Некалькі тыдняў правяла тады ў бальніцы. Сабак яна па-ранейшаму не баіцца, толькі цяпер стала больш пільнай. “Удзвюх хадзіць “цяплей”, – такім словам абыгрывае яна падтрымку напарніцы. – Намнога спакайней, страхуем адна адну і абавязкі дзелім. Марыя ў нас мініяцюрная, спакойна па драўляных лесвіцах спускаецца – шмат такіх, напрыклад, у Старым Сяле, дзе прыборы ўліку ў тыпавых дамах устаноўлены ў падвалах. Хапае і проста нязручных месцаў пад умывальнікамі. Так што мы ў пастаяннай фізічнай актыўнасці, не гаворачы пра тое, колькі даводзіцца хадзіць”.
Звычайную кардыянагрузку ў 10 тысяч крокаў жанчыны выконваюць штодня, проста прыйшоўшы да Ушацкага ўчастка водаканала. І абавязкова адпрацоўваюць адзін або некалькі населеных пунктаў. Таццяна Анатольеўна адкрывае на тэлефоне крокамер і паказвае лічбы: 9,6, 10,2, 13,6 кіламетра! І гэта не рэкорды, а проста апошнія тыднёвыя паказчыкі. “Напрыклад, учора мы працяглую вёску Матырына абходзілі. Яшчэ больш адрасатаў – па аграгарадках. Ці з нашымі работнікамі дабіраемся, ці на аўтобусе, а часта і падвозяць, бо ведае кожны”, – кажа Таццяна.
Галоўнае ў іх рабоце – каб ажыццяўлялася аплата і не павялічвалася сума запазычанасці. А на 25 чысло кожнага месяца ў спісе патэнцыяльных даўжнікоў – 400-600 прозвішчаў(!). Тады пачынаецца работа па тэлефоне, якую выконваюць у цесным кантакце з супрацоўнікамі разлікова-касавага цэнтра – дзеляць паміж сабой абанентаў і нагадваюць пра разлік не толькі вады, а за ўсю “камуналку”. Больш паловы з гэтага спіса, канечне, тыя, хто проста забыўся зрабіць аплату. Але ёсць і такія, што не прастаўлялі кубы ў папярэдні месяц і набегла вялікая колькасць. Ці тыя, хто не мае стабільнага заробку. Аднак і ў такіх выпадках не перакладаюць работу на судовых выканаўцаў, змірыўшыся з няўплатай, а знаходзяць выйсце: звязваюцца з суседзямі, роднымі. Наогул, са спажыўцамі за чвэрць веку завязаліся настолькі блізкія адносіны, што апошнім проста сорамна аказацца ў ліку даўжнікоў.
Работа кантралёра, канечне, вельмі спецыфічная, аднак Таццяна Анатольеўна не памяняла б яе ні на якую другую. Хоць у сотні разоў павялічылася колькасць спажыўцоў, яна навучылася так размяркоўваць час, каб усё паспяваць. Адзначае, што працуе ў дружным джэнтльменскім калектыве, дзе абавязкова дапамогуць, што ў “Полацкводаканале” добры сацыяльны пакет і заробкі. Ды і ніколі не шукала яна лёгкага хлеба, нават калі выхоўвала траіх дзяцей, а на Ушаччыне не было родных, здольных падмяніць, пабыць з малымі. Як мнагадзетная мама, яна мела трэці дадатковы выхадны, ды і свой графік магла карэкціраваць. Каб адвесці дачок-двайняшак у музыкалку – пераносіла праверкі на вечары, рана памочнікам стаў старэйшы сын. Да бацькоўскіх абавязкаў яна ставілася так жа адказна, як да рабочых – ніколі не прапусціла ні ранішніка, ні школьнага сходу, радавалася поспехам і дапамагала з хатнімі заданнямі. Выключна выдатныя адзнакі дочкі прыносілі з урокаў працы – швачка па адукацыі, Таццяна Анатольеўна і іх навучыла ўпэўнена валодаць швейнай машынкай.
Зараз усе цяжкасці засталіся ў мінулым. Усе трое атрымалі адукацыю: 29-гадовы Аляксандр пераехаў у сталіцу, а дочкі пакуль з ёй – Маша працуе педагогам у школе мастацтваў, Даша – загадчыкам Сарочынскага фельчарска-акушэрскага пункта. І на 8 Сакавіка яны, як і раней, разам пяклі святочны торт і, канечне, прымалі віншаванні. У Таццяны Анатольеўны іх традыцыйна многа: працуе ж у мужчынскім калектыве.
Вольга Караленка.

