«Свет загорится!» — как электрики Ушаччины справляются с любыми форс‑мажорами

Общество

Некалькі год таму 1 студзеня ў шматпавярхоўках ПМК-66 раптоўна знікла святло. Пад пагрозу трапіла ўсімі любімае свята – і збянтэжаныя жыхары высыпалі з кватэр для высвятлення прычын форс-мажору. Як аказалася, у адным з дамоў згарэў рубільнік, і каб замяніць абсталяванне, брыгадзе электрыкаў ЖКГ, якая адразу прыбыла на месца, давялося адключыць увесь мікрараён. “Ну вось, цяпер “Песню года” не паглядзім!” “Гэта – дробязі, а калі без халадзільніка аліўе сапсуецца?” – бедавалі грамадзяне. Але змрочныя прагнозы не збыліся: камунгасаўцы максімальна хутка замянілі стары прыбор на новы аўтамат – і выратавалі святочны вечар!

“Праблемы з электрычнасцю ў дамах і на вуліцах могуць узнікнуць у любы час сутак, а таму і па выхадных, і пасля заканчэння працоўнага дня мы па чарзе нясём дзяжурства на мабільным тэлефоне, – расказвае электраманцёр Аляксандр Гераеўскі. – Пару тыдняў таму, напрыклад, а дзявятай гадзіне вечара ад інспектара ДАІ паступіў сігнал, што на Ленінскай ля моста не гараць ліхтары. Адправіўся туды, памяняў няспраўны выключальнік – і вуліца зноў стала светлай”.

Зрэшты, пазаштатныя сітуацыі, з якіх мы пачалі аповед пра будні спецыялістаў электраслужбы УП ЖКГ, узнікаюць не так часта, а каб іх было яшчэ менш, работнікі ладзяць планавыя абходы жылфонду, аглядаюць электрашчыты і шафы, мяняюць зношанае абсталяванне. Выконваюць і заяўкі жыльцоў, якія паступаюць дыспетчарам. Пра майстэрства таго ж Аляксандра Міхайлавіча нам расказваў днямі адзін з жыхароў вуліцы Віцебскай, які быў уражаны якасцю яго работы. Зрэшты, гэта нядзіўна, бо А.Гераеўскі на прадпрыемстве – больш 20 год. Азы прафесіі ўшачанін набыў яшчэ ў школьным вучэбна-вытворчым камбінаце, а калі пасля некалькіх год працы на наваполацкім “Паліміры” вырашыў вярнуцца на малую радзіму – яму на вочы трапілася аб’ява ў “Патрыёце” пра вакансію электрыка ў камунгасе. Тагачасны дырэктар УП ЖКГ Мікалай Прохаравіч Несцярэнка ў людзях добра разбіраўся і ахвотна ўключыў яго ў штат.

Немалы стаж работы і ў электраманцёра Дзмітрыя Спірыдзёнка, які ўладкаваўся на прадпрыемства 12 год таму пасля заканчэння электратэхнічнага ліцэя. Прызнаецца, што таксама меў гарадскія перспектывы – але выбраў родную Ушаччыну. Ён не толькі выконвае агульныя абавязкі, а і спецыялізуецца на электраабсталяванні кацельняў, якіх у гаспадарцы камунгаса 10. Удзельнічаюць электрыкі і ў капрамонце дамоў – мяняюць праводку ў месцах агульнага карыстання. Таму і не засталі мы на базе Аляксея Кашко, які ў гэты дзень шчыраваў на пяціпавярхоўцы па Дзяржынскага.

Ну а за тое, каб працоўныя будні праходзілі плённа і зладжана, у наяўнасці былі патрэбныя дэталі і прыборы, выконваліся ўсе задачы і патрабаванні, адказвае інжынер-энергетык Аляксандр Булаўка. У гэту прафесію ён трапіў не адразу: спрабаваў сябе ў дрэваапрацоўцы, а 8 год таму скончыў каледж і атрымаў прапанову заняць цяперашнюю пасаду. “Пачынаць было няпроста, не ставала вопыту, але хлопцы падтрымлівалі, падказвалі. Вельмі важна, калі ў калектыве ёсць давер і ўзаемаразуменне. Менавіта гэта, а таксама ўласцівыя маім калегам кампетэнтнасць і адказнасць, лічу найважнейшымі фактарамі нашай паспяховай работы”, – падкрэслівае Аляксандр Фёдаравіч.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *