На Ушаччине ведётся активная работа по борьбе с борщевиком

Общество Экология

Актыўныя работы па барацьбе з баршчэўнікам распачаліся ў раёне ў апошніх чыслах красавіка. Больш ранняму старту перашкодзіла дажджлівае надвор’е: як вядома, весці хімапрацоўку ў такіх умовах неэфектыўна.

Выканаўцам работ з’яўляецца Віцебскае абласное ўпраўленне МНС. Тэндар, які першапачаткова выйграла іншая арганізацыя, быў праведзены з парушэннямі, а ў паўторным пераможцам сталі нашы леташнія партнёры, якія, дарэчы, сябе добра зарэкамендавалі. Як і ў мінулым годзе, на Ушаччыне будуць працаваць 10 брыгад, сфарміраваных з выратавальнікаў розных райаддзелаў Віцебшчыны. Ужо распачаліся работы на тэрыторыях Глыбачанскага, Вяркудскага, Сарочынскага, Вялікадолецкага сельсаветаў, увогуле ж брыгады пройдуць па ўсіх забруджаных участках. Дагавор заключаны на знішчэнне агрэсіўнай расліны на 1211 гектарах, пад увагу трапяць і апрацаваныя ў мінулыя гады плошчы, якія знаходзяцца на кантролі. Як звычайна, за якасцю выканання будзе сачыць спецыяльная камісія.

На ўчарашні дзень у раёне было апрацавана гербіцыдам 160 забруджаных гектараў.

Прыступілі да справы і арганізацыі, на землях якіх расце баршчэўнік. Нагадаем, што яны выконваюць работы за ўласны кошт. Актыўна знішчаюць расліну энергетыкі, лясгасаўцы – апошнія распачалі апрацоўку з тэрыторый Глыбачанскага, Касарскога і Вялікадолецкага лясніцтваў.

Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя накіравала землекарыстальнікам 74 інфармацыйныя лісты і прадпісанні аб неабходнасці весці работу па абмежаванні распаўсюджання небяспечнага пустазелля. Варта таксама нагадаць, што ўступілі ў сілу змяненні ў законе па ахове навакольнага асяроддзя, паводле якіх грамадзяне абавязаны весці барацьбу з баршчэўнікам на сваіх забруджаных участках. Для тых, хто не будзе нічога прадпрымаць на гэты конт, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Міхаіл ШУК,
начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў
і аховы навакольнага асяроддзя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *