У нядзелю па ўсёй краіне адзначалася жалобная дата – 83 гады Хатынскай трагедыі. Аднак не толькі да мемарыяльнага комплексу Хатынь 22 сакавіка ўскладаліся кветкі – яны ляглі да абеліскаў такім жа ахвярам карных аперацый фашыстаў па ўсёй Беларусі. У нашай краіне часткова ці поўнасцю разам з жыхарамі спалена 12868 населеных пунктаў, на Віцебшчыне іх больш 3000, а на Ушаччыне – 194. На жалобны мітынг у вёсцы Белае сабраліся прадстаўнікі ўсіх арганізацый раёна, грамадскіх аб’яднанняў, члены ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” і, канечне, сённяшнія жыхары гэтай адноўленай пасля Вялікай Айчыннай вёскі.
У Белым карнікі спалілі 36 мірных жыхароў, самай малодшай, Любе Курбака, было толькі два годзікі.
Яны прыйшлі да помніка, які стаіць у садзе побач з жылымі будынкамі – на тым самым месцы, дзе да вайны была хата Аляксея Мануха. У ёй 25 лістапада 1942 года карнікі сабралі жыхароў вёскі – дзяцей, жанчын і старыкоў – усіх тых, хто не мог пайсці ў партызаны. Фашысты аб’явілі “сход”, на які зганялі жыхароў, якія і не здагадваліся аб іх жудасных намерах. Людзей сабралася больш, чым магла ўмясціць хата, і ў прасторную пачалі адбіраць родных партызан. Апошняй у ракавы дом ішла цяжарная жанчына. Немец, ці пашкадаваўшы яе, ці з-за эканоміі месца, сказаў: “Вэк”. Дзякуючы шчасліваму выпадку, на свет з’явілася Ганна Юр’еўна Мынчынская, якая расказвала аб гэтым у 2017 годзе, падчас устаноўкі сучаснага абеліска з прозвішчамі закатаваных. На ім ёсць імя Вольгі Бондал – цёткі Фёдара Васільевіча Мягеля, які прысутнічаў на мітынгу ў нядзелю. Магло быць і прозвішча яго бацькі, аднак падлетак схаваўся ў падпеччы, а потым “па дыме” збег у бок Вялічкаўцаў. Дарэчы, і гэтую вёску, як і блізкія да Белага Шасцярні, Губінку, спасціг той жа лёс. Дзякуючы відавочцам і сталі вядомы жудасныя падрабязнасці таго сходу. Пачынаўся ён з допыту аб месцазнаходжанні партызан, які перайшоў у катаванне. Кузьме Клемянцёнку засыпалі ў рот распаленыя вуглі, адрэзалі язык, падпалілі бараду Захару Мануху. Аб гэтым, а таксама аб іншых шматпакутных вёсках Ушаччыны, расказвалі падчас мітынгу старшыні райвыканкама Сяргей Сцяпанавіч Шамовіч і раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская.

У музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка знаходзіцца пералік усіх спаленых на Ушаччыне вёсак.
Гісторыю чорнага дня Белага добра ведае старшыня раённага аддзялення партыі “Белая Русь” Таццяна Анатольеўна Глінская, у гэтай вёсцы жыве яе маці. Не раз расказвала сваім вучням аб трагедыі жыхарка Мосара Таццяна Уладзіміраўна Ліленка, якая была на мітынгу з сям’ёй. З дачкой прыехала на мерапрыемстве супрацоўнік ветстанцыі Аксана Гаўрылаўна Гардзіёнак… Ля абеліска на сонцы “гарэлі” сотні чырвоных гваздзікоў – каб не сціралася гістарычная праўда аб далёкай і адначасова блізкай Вялікай Айчыннай вайне.
Вольга Караленка.

