
Канферэнцыя раённага аддзялення партыі “Белая Русь” прайшла на мінулым тыдні ва Ушачах.
Аб зробленым расказала кіраўнік аб’яднання Таццяна Глінская. Яна нагадала, што ля вытокаў раённага аддзялення стаяла ўсяго 40 чалавек. Сёння ж у яго радах 144 актыўных, неабыякавых да лёсу Радзімы ўшачан.
Пра годныя справы партыйцаў мы неаднаразова расказвалі чытачам. Сярод іх, напрыклад, удзел у дабрачынных акцыях, суботніках, добраўпарадкаванні аб’ектаў АПК. Традыцыйнымі сталі сустрэчы з непаўналетнімі вязнямі фашызму, школьнікамі ў рамках урокаў мужнасці. Сумесна з раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь” аддзяленне партыі выдзяляла сродкі на выраб і ўстаноўку помніка, агароджы на воінскім пахаванні невядомых партызан у Старым Сяле Ушацкага сельсавета (дарэчы, таксама разам плануюць спансіраваць і рэканструкцыю помніка ў Жарах). Падчас уборачнай ушаноўвалі механізатараў, удзельнічалі ў падрыхтоўцы да летняй аздараўленчай кампаніі, набывалі форму для ваенна-патрыятычнага клуба Ушацкай СШ, матэрыяльна падтрымлівалі многія дзіцячыя мерапрыемствы. Сваю грамадзянскую пазіцыю не раз выказвалі праз удзел у мітынгах і аўтапрабегах, форумах і дыялогавых пляцоўках…
Т.Глінская падзякавала актывістам, а таксама лідарам іншых грамадскіх аб’яднанняў Ушаччыны, з якімі плённа супрацоўнічаюць. На канферэнцыі быў абраны савет раённага аддзялення партыі (намеснікам старшыні стаў Пётр Алексяёнак, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама), дэлегаты на абласную канферэнцыю і з’езд партыі. Завяршылася ж сустрэча ўрачыстым момантам: шэрагу работнікаў ТЦСАН уручылі партыйныя білеты.
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Ушацкага райсавета Наталля Марковіч павіншавала землякоў і адзначыла, што партыйнасць накладае вялікую адказнасць перад раёнам, краінай, грамадствам. Яна пажадала аддзяленню ўпэўненага развіцця і яшчэ большай колькасці актывістаў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
