Лауреатов областной премии «Человек года Витебщины-2023» чествовали в областной филармонии: среди них — ушачанка Светлана Шило

Общество

Хоць і ведала загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі Ушацкай бальніцы С.В.Шыла, што дзень будзе цяжкі і трэба добра выспацца – сон не браў. Падобнае ўзрушанне напярэдадні свята “Чалавек года Віцебшчыны-2023” адчувалі літаральна ўсе лаўрэаты гэтай самай прэстыжнай узнагароды Прыдзвіння, як бы спакойна ні выглядалі. Святлана Віктараўна ж дакладна ведала: зрабі ў іх аналіз крыві – картызол, ці гармон стрэсу, будзе зашкальваць у кожнага.

Урачыстасць заўсёды праходзіць на самым высокім узроўні. Аднак нягледзячы на статуснасць мерапрыемства, яно атрымалася вельмі цёплым, быццам павіншаваць сваіх родных сабралася адна вялікая сям’я. Так яно па сутнасці і ёсць. Усе мы – у прамысловасці, аграрным сектары, адукацыі ці гандлі працуем на дабрабыт людзей Прыдзвіння і вельмі цесна пераплецены. А за кожным намінантам, які атрымаў вышэйшую адзнаку па выніках работы ў мінулым годзе, – агульная праца калег і калектыву. Прычым адзнака – самай якаснай пробы.

Атрымаць такое званне прэстыжна не толькі для чалавека, а і для раёна ўвогуле. Бо ад кожнага рэгіёну падаюцца кандыдаты па ўсіх намінацыях, працаўнікі з выдатнымі паказчыкамі індывідуальнай працы і ўсяго калектыву, і не факт, што гэтыя вынікі акажуцца лепшымі ў вобласці. Інтрыга захоўваецца да апошніх дзён. Нават у такіх раёнаў, як Глыбоцкі і Лепельскі, сёлета няма ніводнага лаўрэата. І калі бачыш у спісе сваіх прадстаўнікоў – радуешся, сапраўды, як за родных.

Святам для ўсяго калектыву Ушацкай райбальніцы аказалася прызнанне ўрача клінічнай лабараторнай дыягностыкі С.В.Шыла. Ну а як прыемна было чуць, што наша звычайная, а не профільная медустанова называецца ў ліку наватараў. Дзякуючы ўкараненню новых методык за мінулы год праведзена больш 270 тысяч лабараторных даследаванняў. Многія з іх былі ўведзены ў апошнія два гады, напрыклад, на ферыцін, пракальцітанін, вітамін Д. Лабараторныя аналізы дапамагаюць урачам у назначэнні дазіроўкі прэпаратаў пры самых розных захворваннях. І галоўнае – ад іх на 70-80 працэнтаў залежыць правільная пастаноўка дыягназу. Нездарма ж лабараторыю называюць мозгам ці сэрцам бальніцы.
“Фельчары-лабаранты, як мурашы – у пастаянным руху, ну а Святлана Віктараўна, пры непасрэдным удзеле якой укараняліся і будуць укараняцца новыя тэсты, выдатны арганізатар і чалавек, у падначаленні якога камфортна вучыцца і працаваць, – гаворыць намеснік галоўнага ўрача Ушацкай ЦРБ Наталія Васільеўна Дрозд. – Клініка-дыягнастычная лабараторыя працуе кругласутачна без выхадных: у будныя дні выконвае даследаванні для амбулаторных пацыентаў, а пры паступленні экстранных яны робяцца і ноччу Абсталяванне лабараторыі вельмі хутка “старэе”, таму ўвесь час даводзіцца асвойваць новае”.

У склад дэлегацыі акрамя кіраўніка раёна Сяргея Сяргеевіча Садоўскага, старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталлі Мікалаеўны Марковіч, загадчыка сектара культуры Лідзіі Міхайлаўны Шкаруба ўваходзілі таксама фельчар-лабарант Юлія Лукашэвіч і медыцынская сястра працэдурнага кабінета тэрапеўтычнага аддзялення Вікторыя Калітуха. Кіраўніцтва медустановы дзеля матывацыі вылучыла менавіта моладзь, каб ім захацелася аказацца ў гэтым ліку і працаваць яшчэ лепш. Дзяўчаты, якія ўпершыню на падобным форуме, таксама былі ўзрушаны, а Юлія Лукашэвіч, якая зараз знаходзіцца ў водпуску, зазначыла, што ён запомніцца менавіта дзякуючы гэтаму дню. Ну а Святлана Шыла не адзін раз падкрэсліць, што ў гэтай узнагародзе заслуга не толькі яе невялікага падраздзялення, у штаце якога 9 чалавек, але і кіраўніцтва бальніцы, падтрымцы вобласці і нават рэспублікі, дзякуючы якім закупляліся рэактывы, абсталяванне і стала магчымым укараненне дадатковых аналізаў.

У ліку лаўрэатаў аказаўся яшчэ адзін наш зямляк, былы галоўны ляснічы Ушацкага лясгаса, а зараз кіраўнік Полацкага Канстанцін Баратынскі. З новабудоўлі ад нашага спарткомплексу ехаў на свята муляр Шумілінскай ПМК-70 Леанід Братаў. Сваім лічым старшыню Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і кіраўніка абласной арганізацыі “Белая Русь” Уладзіміра Цярэнцьева. Многія з нас ведаюць дырэктара Полацкага міжраённага анкадыспансера Паўла Баравіка, а дзякуючы тэлебачанню – уладальніка першай прэміі эстраднага конкурсу на “Славянскім базары ў Віцебску” Саміра Ёлчыева.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Міхайлавіч Субоцін аб тым, як праходзіць абранне лаўрэатаў: “У кожнай галіне аграрыі, эканамісты, фінансісты вылучалі з вялікай колькасці намінантаў, пададзеных раёнамі, сваіх лепшых прадстаўнікоў, а потым на глабальнай агульнай камісіі з іх абіралі лепшых з лепшых. Іх прыклад – пуцяводная зорка для моладзі”.

Ну а калі на сцэну запрасілі старшыню Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанку, гордасць была, быццам апладзіруюць выключна ўшацкаму прадстаўніку. А між тым сваім яго лічаць не толькі жыхары нашага, Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў, дзё ён шмат год з’яўляецца дэпутатам, але і Лёзненскага, адкуль родам, ды і ўсяго Прыдзвіння, якім кіраваў 12 год. І таму, калі яму ўручалі знак “За асаблівыя заслугі ў развіцці Віцебскай вобласці” і вешалі стужку “Ганаровага грамадзяніна горада Віцебска”, усе апладзіравалі стоячы. Сам жа Уладзімір Паўлавіч неаднойчы паўтарыў, што гэта агульная заслуга ўсіх працаўнікоў Віцебшчыны, а сённяшняе мерапрыемства ў чарговы раз пацвердзіла, якая багатая яна на таленты.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *