Какой коллектив Ушаччины самый спортивный, выяснили на спартакиаде среди трудовых коллективов района

Cпорт

Зборная энергетыкаў і электрасувязістаў.

Раённая спартакіяда працоўных калектываў, што ладзілася ў суботу на спарткомплексе, традыцыйна стала масавай і эмацыянальнай. Свае сілы ў дзевяці відах спорту дэманстравалі прадстаўнікі сямі каманд з дзесяці прадпрыемстваў і арганізацый Ушаччыны. Забягаючы наперад, скажам, што ў агульным заліку на пераможным п’едэстале аказалася адразу пяць калектываў.

Займальна праходзіла эстафета па плаванні. “У нас сёння самая ўзроставая каманда: Вераніцы Аляксеевай, з якой выступаю – за 40, я ж неўзабаве 70-годдзе адзначу, – прызнаўся перад стартам Аляксандр Мішэнін са зборнай каманды раёна электрасетак і ўчастка электрасувязі. – Але ж сапернікі дарэмна спісваюць нас з рахункаў: зараз пакажам клас!”. Дарэчы, так усё і выйшла: дыстанцыю ў 75 метраў гэтыя плыўцы пераадолелі за 1,15 хвіліны, заваяваўшы “бронзу”. Усяго на секунду апярэдзілі іх, стаўшы другімі, камунгасаўцы Арцём Баяронак і Аксана Дрозд. Першынствавалі ж прадстаўнікі райбальніцы Рыгор Жаваранак і Вераніка Цвяцінская.

У лёгкаатлетычнай эстафеце гэтак жа не было роўных медыкам. Пасля таго як Р.Жаваранак, Аляксандр Сапега і Святлана Захарава фінішавалі з вынікам у 48 секунд, многія адчаіліся. Справіцца менш чым за 50 секунд здолелі толькі лясгасаўцы, якія зрабілі стаўку на маладосць: на старт выйшлі Аляксей Селявёнак і самыя юныя ўдзельнікі спартакіяды – Іван Круцёнак і Паліна Шараева (у іх “срэбра”). Трэці ж вынік паказалі камунгасаўцы. “Мы таксама разлічвалі на п’едэстал, а з-за недахопу мужчын меркавалі выставіць дзвюх прадстаўніц прыгожай паловы, – расказаў Аляксей Грыневіч з філіяла аблспажыўтаварыства. – Аднак ведаючы іх добрую фізпадрыхтоўку, сапернікі запратэставалі, маўляў, патрабаванні іншыя – я быў вымушаны пераадольваць адразу два кругі. Крыўдна, канечне: да медаля не хапіла ўсяго 0,43 секунды”.

На эстафеце – камунгасаўцы.

Не прынёс нечаканасцяў шашачны турнір, дзе на п’едэстал узняліся Ігар Шышко з лясгаса, Віталь Клімашэўскі, які прадстаўляў зборную райвыканкама і цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, а таксама Сяргей Васілеўскі з участка электрасувязі. “У мужа на гэты дзень былі сур’ёзныя планы. Аднак калі даведаўся пра спартакіяду, усё перанёс: не хацеў прапусціць любімае мерапрыемства. Дарэчы, заваяваў адразу дзве вышэйшыя ўзнагароды”, – падзялілася з намі Таццяна Шышко, якая выступала за райбальніцу. Дарэчы, другі “залаты” вынік Ігара Пятровіча – у дартсе: ён набраў ажно 448 ачкоў. Для параўнання: ва ўладальнікаў “срэбра” і “бронзы” – 265 і 259 адпаведна.

Самым трапным стралком аказаўся Дзмітрый Зелянко з РЭС. “Адзін стрэл усё ж “змазаў”, – засмучаўся ўладальнік 49 балаў з 50 магчымых. – Для мяне як для паляўнічага гэта важна”. Другое месца заваяваў Дзмітрый Дрозд з райвыканкама, трэцяе – Сяргей Пацэйка з аб’яднанай каманды РАНС і ТЦСАН.

Інтрыга з’явілася ў жаночай гімнастыцы: сярод удзельніц на гэты раз не было даўняй рэкардсменкі Ірыны Цітовай з Ушацкай школы. Усе да апошняга не ведалі выніку: у разлік бралася не толькі колькасць адцісканняў, але і ўзрост спартсменак. Так, напрыклад, пры найбольшым паказчыку выкананых практыкаванняў (31) самая маладая П.Шараева з лясгаса стала толькі трэцяй. А пры роўным выніку ў 30 адцісканняў узроставы каэфіцыент дапамог размеркаваць на п’едэстале В.Аляксееву з РЭС і Ганну Талалуеву з УП ЖКГ – у іх “золата” і “срэбра” адпаведна. Такая ж упартая барацьба ішла і ў мужчын: трэцім стаў Павел Імаеў з лясгаса, які падцягнуўся 16 разоў, другім – Ілья Падгол з РЭС (24), ну а першым – выратавальнік Віктар Волах (28).

В.Баркоўскі.

Гарачыя баталіі разгарнуліся ў відовішчным падняцці гіры. “Гэтыя адназначна паўсотні адолеюць!” – казалі балельшчыкі, калі на памост выходзілі фаварыты ў вагавой катэгорыі звыш 80 кг Алег Сыс, які прадстаўляў райвыканкам, і Сяргей Собаль з РАНС. Зрэшты, прадказанні апраўдаліся: за вызначаны час снарад узняўся над галовамі асілкаў 53 і 55 разоў адпаведна. Аднак з улікам узросту першаму дасталася “золата”, другому – “срэбра”. Кампанію ж ім на пераможным п’едэстале склаў Ігар Пятніца са зборнай РЭС і УЭС. У вазе да 80 кг у прызавую тройку трапілі прадстаўнікі зборных каманд: Аляксей Базылеў (Цэнтр), Віталь Баркоўскі (РАНС), Міхаіл Лісіца (РЭС).

Упартай была барацьба ў джэнга, дзе на трэцім месцы аказаўся прадстаўнік спажыўкааперацыі А.Грыневіч, на другім – Вадзім Казак з РЭС, на першым – Алена Карабань з райбальніцы. Доўга выяўлялі мацнейшых і тэнісісты – лепшыя вынікі прадэманстравалі каманды РАНС і ТЦСАН у складзе Крысціны Дайлідзёнак і Віктара Волаха, спажыўкааперацыі – Таццяны Хрыпель і Пятра Масцяева, УП ЖКГ – Кацярыны Глебка і Віктара Пранніка.

На п’едэстале – лёгкаатлеты лясгаса і ЦРБ.

Такім чынам, абсалютна ўсе зборныя атрымалі прызавыя месцы ў розных відах. Што датычыцца агульнага заліку, то ўпэўненую перамогу святкавалі лясгасаўцы. Другое месца – у выратавальнікаў і тэрытарыяльнага цэнтра, трэцяе – у зборнай раёна электрасетак і ўчастка электрасувязі.

Памятны падарунак ад аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама атрымаў самы юны ўдзельнік спартакіяды – прадстаўнік лясгаса Іван Круцёнак. А прызам “За волю да перамогі” раённае аддзяленне партыі “Белая Русь” адзначыла каманду райбальніцы, якая аказалася ў кроку ад п’едэстала.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *