В Ушачском районе прошел 1-й этап чемпионата Беларуси по ралли ралли-спринту, спортивно-массовое мероприятие по ралли 3-й категории

Cпорт

Як думаеце, з якой максімальнай хуткасцю можна праехаць па пакрытай наледдзю ды снежнай кашай гравійцы між Замошшам і Рагуцкімі? Для звычайных вадзіцеляў, напэўна, нават 80 кіламетраў у гадзіну пакажуцца экстрымам… А вось у час заездаў першага этапу чэмпіянату краіны па ралі-спрынце ў аўтамабілях лідараў стрэлка спідометра на спецучастках падбіралася да 180-200!

Да такіх лічбаў разганяўся, у прыватнасці, Mitsubishi Сяргея Вязовіча. Мінулым летам на ралі падчас “Ехtrеme-Прарыву” яго жонка Марыя ўпершыню паспрабавала сябе ў якасці штурмана: дэбют быў удалым, і з гэтага часу экіпаж стаў сямейным. А яшчэ на нашым фестывалі кіраўнік каманды “МАЗ-СПОРТаўта” правёў своеасаблівую трэніроўку перад стартам міжнароднага ралі-рэйда “Шаўковы шлях-2023”, які стаў для беларусаў трыумфальным. Да перамогі ў гэтым марафоне экіпаж Вязовіча ішоў 13 год – неаднаразова быў у прызах, але заўсёды саступаў “золата” сапернікам з “КамАЗа”. З адметным дасягненнем каманду павіншаваў Аляксандр Лукашэнка, а ў пачатку лютага Сяргей быў удастоены дзяржаўнай узнагароды – медаля “За працоўныя заслугі”.

Прыводжу ўсе гэтыя факты, каб падкрэсліць, зоркі якога маштабу прыязджаюць на ўшацкія ралі. Дарэчы, складвалася гонка для Вязовічаў няпроста, але тэхнічныя непаладкі не перашкодзілі фінішаваць з лепшым вынікам. Чаго не скажаш пра сямейны экіпаж Кірыла і Вольгі Ермаковічаў, Subaru якіх загарэлася на трасе – верагодна, з-за працякання масла з патрубкаў. Абышлося без сур’ёзных наступстваў, аднак з гонкі давялося зняцца. А вось ВАЗ-2108 Міхаіла і Васіля Драздовых ушацкія трасы вытрымаў: экіпаж, які менш года таму перайшоў у “баявыя” з ралі 3-й катэгорыі, стаў лепшым у класе аўто з аб’ёмам рухавіка да 1600 кубічных сантыметраў.

У працяг “сямейнай” тэмы хочацца расказаць і пра яшчэ адных дэбютантаў. Упершыню ўдзел у ралі-спрынце ўзяў наш зямляк Максім Новікаў. У экіпажы каманды “МАЗ-СПОРТаўта” ён з’яўляецца штурманам, а тут вырашыў паспрабаваць сябе ў якасці пілота. У крэсла ж памочніка па навігацыі села яго жонка Наталля. Прынамсі, непасрэдна ў заездах на хуткасць яны не выступалі. Перад стартам гоншчыкаў трасу выпрабоўвае так званая машына бяспекі з “нулявым” нумарам – гэту місію і даручылі навічкам. “Мы павінны былі праехаць па маршруце з максімальна дазволенай правіламі хуткасцю, паглядзець, наколькі ўсё бяспечна. Ля адной з вёсак, напрыклад, убачылі фатографаў, якія стаялі занадта блізка, аб чым паведамілі валанцёрам. Траса ў гэты дзень была вельмі складанай і непрадказальнай: пайшоў дождж, пад коламі “вадалёд” (так трапна ахрысцілі ўмовы аўтааматары), ад шын “баявых” экіпажаў утвараліся глыбокія каляіны. Асабіста мы праехалі пад 180 кіламетраў – шчыра кажучы, моцна стаміліся, але было радасна ад свайго дачынення да дзейства, у якім раней былі толькі гледачамі. Магчыма, у будучым паспрабуем заявіцца на аматарскае ралі”, – падзяліўся з намі ўражаннямі Максім.

Мы ж, карыстаючыся выпадкам, павіншавалі ўраджэнца Ушач з выдатным мінулагоднім сезонам і, канечне, пажадалі поспехаў у сёлетнім. Беларуская каманда ўжо пачала падрыхтоўку да галоўнага старту года – марафону “Шаўковы шлях”, які пройдзе сёлета па дарогах Расіі, Манголіі і Кітая. Ну а ўшачане летам зноў убачаць ралістаў на 4-м фестывалі “Ехtrеme-Прарыў”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *