У святочным календары ўшацкіх паштавікоў побач з міжнароднымі і рэспубліканскімі святамі ёсць яшчэ і рэгіянальнае: 1 красавіка сваё 30-годдзе адзначае Віцебскі філіял РУП “Белпошта”. З гэтай нагоды мы вырашылі расказаць пра дзейнасць нашых партнёраў па абслугоўванні вясковага насельніцтва Ушацкага раёна.

Каб пабачыць кухню паштавікоў знутры, зазірнуць ва Ушацкае аддзяленне трэба з раніцы, што мы і робім у самы загружаны дзень – пятніцу. З Полацкага ўчастка прыйшлі машыны з ужо пасартаванай карэспандэнцыяй, пасылкамі, пісьмамі, паштоўкамі. Гэтую работу напярэдадні познім вечарам выканалі полацкія калегі, і аператарам мотадастаўкі варта толькі перанесці пачакі па сваіх машынах, як таксама размеркаваць прадукты харчавання. У кабінет спецыяліста па паштовай дзейнасці Алёны Колесавай заходзіць то адзін, то другі аператар, забіраюць “накладныя”. У выхадныя вяскоўцы змогуць паласавацца свежымі фруктамі і агароднінай з дастаўкай да самага дома, як і набыць іншыя неабходныя прадукты. Ужо больш дзесяці год з прыходам паштальёна чалавек атрымае выпісанае выданне, аплаціць паслугі, адправіць пераводы… і “затарыць” халадзільнік. “Белпошта” не толькі не скараціла сваіх паслуг, а і замяніла для вяскоўцаў закрытыя аддзяленні банка, а ў перыяд абмежаванага асартыменту ў аўтакрамах выручала і кааператараў. Колькі падзяк чулі ад жыхароў і сацыяльных работнікаў паштавікі за выдатную магчымасць набыць на сяле ўсё неабходнае.
Увесь спектр паслуг на вёсках Ушацкага раёна аказвае 6 брыгад мотадастаўкі, з іх адна – міжраённая, 8 аддзяленняў сувязі і 7 паштальёнаў.
Усе машыны раніцай з грузам накіроўвае па раёне А.Колесава. Мотадастаўка на Ушаччыне існуе з 2019 года – і менавіта на яе прыпадае асноўная нагрузка па абслугоўванні насельніцтва. У зоне адказнасці брыгад – у сярэднім па 35-40 вёсак, а за дзень паштовая машына праязджае больш 200 кіламетраў.

– Мы дастаўляем у месяц 1600 экзэмпляраў газет і часопісаў, 300 пасылак, да 200 пісем, аплачваем тысячы паслуг, – расказвае А.Колесава. – У нашай справе мала дасканала ведаць усе прадукты “Белпошты”, трэба ўмець паднесці іх, а значыць – кантактаваць з людзьмі. Працуюць адказна літаральна ўсе дзяўчаты, аднак пэўныя адрозненні па зонах усё ж існуюць. Напрыклад, на ўчастку Ушачы–Вялікія Дольцы ў Наталлі Аўдошка на гэты час няма ніводнага адкрытага аддзялення, таму і паказчыкі вышэйшыя: каля 4 тысяч рублёў атрымлівае за падпіску і 20 – ад продажу тавару. Часу на аперацыі ў супрацоўнікаў мала, і многае залежыць ад іх самаарганізацыі, ведання людзей. Сярод вясковых паштальёнаў хачу вылучыць сям’ю Пятра і Людмілы Літвін з Дубраўкі, Святлану Шалак з Матырына, Аліну Ступко з Жар, якія працяглы час працуюць на адным месцы.
Адна з апошніх навінак “Белпошты” – маркетплейс POSTMARKET.BY. На гэтай інтэрнэт-пляцоўцы можна заказаць любы тавар – і яго даставяць вам прама на дом.
Як роднага чалавека на раёне сустракаюць кожнага паштовага работніка, іх ведаюць па імя, як і яны вельмі многіх сваіх кліентаў. Дасканала вывучылі густы людзей, так што не пытаючыся, выпісваюць любімыя выданні, ведаюць, які хлеб ці цукеркі заказаць. Спіс паслуг “Белпошты” пастаянна пашыраецца, таму можна з упэўненасцю сказаць, што і на працягу наступных дзесяцігоддзяў яе супрацоўнікі будуць чаканымі гасцямі і карыснымі памочнікамі ў кожным куточку краіны.
Вольга Караленка.
