Малыя часта прастуджаюцца – і бацькі вымушаны афармляць бальнічныя лісты па доглядзе за імі. Па якіх правілах яны выдаюцца і аплачваюцца, мы пацікавіліся ў выконваючага абавязкі намесніка галоўнага ўрача Ушацкай ЦРБ Паліны Генадзьеўны ПУГАЧ:
– Атрымаць лісток непрацаздольнасці з аплатай могуць толькі тыя грамадзяне, якія аплачваюць у ФСАН абавязковыя страхавыя ўзносы. Пры гэтым урачу перад аглядам трэба прад’явіць пашпарт ці іншы дакумент, які пацвярджае асобу. Завочна атрымаць бальнічны не атрымаецца! Не могуць зрабіць гэта ні бабуля на маці, ні маці на тату – гэта ж датычыцца і падаўжэння. Напрыклад, калі бальнічны быў адкрыты на бацьку, значыць, ён сам павінен з’яўляцца на прыём. Калі ж апошняе не адбываецца своечасова, урач абавязаны адзначыць гэта – такія дні прыраўноўваюцца да прагулаў і не аплачваюцца.
– На які тэрмін могуць выдаць такі бальнічны?
– Максімум на 14 дзён. Калі ж сітуацыя за гэты час не палепшылася, выпісваюць даведку, якая вызваляе ад працы, але аплаце не падлягае. Такі медыцынскі дакумент можа атрымаць не толькі той, хто першапачаткова ажыццяўляў догляд за малым, але і іншыя блізкія.
– Пры першым візіце да ўрача рэальна атрымаць лісток адразу на два тыдні?
– Не, яго тэрмін не павінен перавышаць дзесяці дзён. Звычайна ж запрашаюць часцей: кожныя тры-пяць – каб кантраляваць стан пацыента. Пры гэтым магчыма “перадаць” догляд за дзіцем, напрыклад, ад маці да таты. У такой сітуацыі бальнічны ліст адкрываецца на першую асобу, а другі – як працяг першага.
– Калі дзіцяці больш 14 гадоў, бальнічны бацькам не выдадуць?
– Такое рашэнне можа быць прынята толькі медыка-кансультацыйнай камісіяй на тэрмін да 7 дзён.
– А што ў выпадку, калі непаўналетні праходзіць лячэнне стацыянарна?
– Калі гаворка ідзе пра малога да пяці гадоў ці інваліда да 18-ці, лісток непрацаздольнасці выдаецца на ўвесь перыяд знаходжання з ім ва ўстанове. Калі ж узрост дзіцяці ад пяці да 14-ці – на перыяд, на працягу якога па заключэнні доктара хворы меў патрэбу ў дадатковым доглядзе.
– Як быць, калі жанчына знаходзіцца ў дэкрэтным, а дзіця (незалежна ад узросту) захварэла?
– Калі яна выйшла на 0,5 стаўкі на працу, то бальнічны можа аформіць выключна сама. Калі ж знаходзіцца на вучэбнай сесіі, іншай асобе выдадуць толькі даведку аб часовай непрацаздольнасці.
– А калі ў дэкрэтніцы хварэе адразу некалькі дзяцей?
– Бальнічны ліст не выдаецца нікому – толькі даведка аб часовай непрацаздольнасці, калі яна патрэбна. І яшчэ адна сітуацыя: маці з малодшым паехала ў іншы горад, а тут нечакана захварэў старэйшы. Бацьку ў такім разе выдадуць даведку.
– А калі праблемы са здароўем узніклі ў яе самой?
– Ліст непрацаздольнасці па доглядзе нават за здаровым дзіцем да трох гадоў выдадуць іншай асобе: мужу, бабулі, дзеду. Аплачвацца ён будзе па іх месцы працы ў стапрацэнтным памеры. Тое ж будзе і ў выпадку, калі жанчына трапіла ў бальніцу са старэйшым дзіцем, а дома застаўся малыш да трох гадоў. І яшчэ: маці з двухгодкай – у бальніцы, а старэйшае дзіця захварэла… Бацька можа атрымаць ліст непрацаздольнасці ў педыятра, але ў дзень выпіскі жанчыны са стацыянара яго адразу закрыюць, нават калі старэйшы яшчэ не паправіўся.
Гутарыла Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

