
Традыцыйны вясенні кірмаш прайшоў ва Ушачах на пачатку красавіка – і хоць суботняя раніца аказалася халаднаватай і ветранай, ні гандляроў, ні пакупнікоў гэта не засмуціла: літаральна кожны, хто зазірнуў на пляцоўку паміж рынкам і аўтастанцыяй, набыў які-небудзь тавар.
Месца для правядзення мерапрыемства абралі зручнае і звыклае: мнагалюдна тут бывае літаральна ў кожны базарны дзень, бо вытворцы зараз аператыўна задавольваюць попыт пакупнікоў. Аднак ёсць і нямала прыхільнікаў спрадвечнай традыцыі, якія любяць прайсціся па радах, разгледзець зерне і агародніну, распытаць пра іх вартасці, патаргавацца – і атрымаць асалоду ад асаблівай атмасферы кірмашу.
Сельгаспрадпрыемствы, якія зараз сканцэнтраваны на пасяўной, удзел у ім не прымалі, але іх дастойна замянілі фермеры і ўладальнікі падсобных гаспадарак, якія прыбылі і з Брэстчыны, і з многіх раёнаў Прыдзвіння. Большасць прыехала па запрашэнні арганізатараў – аддзела эканомікі райвыканкама, некаторыя даведаліся пра падзею з аб’яў у сацсетках.
Самым жа папулярным таварам на кірмашы стала бульба – ураджай летась быў не надта багаты, і засекі да вясны апусцелі. Якіх толькі гатункаў ні прапаноўвалі ўшачанам! Адзін з брэсцкіх гандляроў, напрыклад, прывёз машыну “Каралевы Ганны” – і спачатку такі аднастайны асартымент адпуджваў пакупнікоў, аднак кошт па рублі за кілаграм стаў важкім аргументам – і людзі панеслі “каралеўскія” мяхі ў машыны. А вось яго зямляк раіў усім паспытаць ранні нямецкі гатунак “Паролі” – асабліва смачнымі з яго атрымліваюцца дранікі, прычым, нацёртая бульба захоўвае жоўценькі колер.

Руплівая сям’я з Міёршчыны, якая апрацоўвае 2 гектары зямлі, зрабіла стаўку на шырокі асартымент і ахвотна расказвала ўсім жадаючым пра тое, чым адметны кожны з прывезеных васьмі гатункаў. “Каралева Ганна”, як і належыць “царскай асобе”, патрабуе ўвагі: яна можа як парадаваць суперураджаем, так і расчараваць. А вось “Ласунак” – найбольш стабільны і просты ў доглядзе. Ну а мой любімы гатунак – “Вектар”: ён такі разварысты, што пюрэ можна зрабіць без таўкача: проста некалькі разоў страсянуць каструлю”, – падзялілася з намі бульбавод са стажам Таццяна. А вось ушацкая сям’я Карабанёў вырашыла купіць на пасадку па адным мяшку “Брыза”, “Скарба”, “Галы” і “Маніфесту” – хоць адзін сорт дакладна не падвядзе, а калі ўся ўрадзіць, дык будуць дэгуставаць, які больш смачны.
Запатрабаваным аказалася і зерне, якое прывезлі прыватнікі з Чашніцкага раёна. Вядро аўса і кормасумесі можна было набыць за 20 рублёў, пшанічку і ячмень на пасадку – за 30.
Цікавіліся пакупнікі і прадукцыяй Ушацкага лясгаса. Асаблівым попытам прадказальна карыстаўся бярозавы сок, які рэалізоўваўся ў пяцілітровых ёмістасцях па 3.32 рублі. “Работнікі Касарскога і Вялікадолецкага лясніцтваў спецыяльна для кірмашу нарыхтавалі па 270 літраў бярозавіка, глыбачанцы расфасавалі ў зручную тару свой смачны мёд, сарочынцы змайстравалі мётлы, якія вясной спатрэбяцца для навядзення парадку”, – рэкламавала тавар загадчык гаспадаркі лясгаса Таццяна Ладзік. “Паспытаем і ваш мёд, і сок, і тушонку з дзічыны! – зрабіў тым часам “аптовы” заказ ушачанін Рыгор Шарамет. – Трэба ж падтрымліваць сваіх вытворцаў, тым больш што прадукцыя ў іх натуральная і смачная”.
Не ўстрымалася ад пакупак і я, хоць зусім іх не планавала: і яблычкаў салодкіх дамоў прынесла, і слоік мядку, і выпечку ад ушацкіх кааператараў. “На кірмашы і бык цельны” – з гумарам характарызавалі нашы продкі антураж падзеі. Бычкамі ў гэты раз тут не гандлявалі, але з атмасферай усё было на ўзроўні.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
