Калі вы бываеце ў Мінску, то, напэўна, заўважылі на праспекце Незалежнасці прыгожы будынак з надпісам “Першы нацыянальны гандлёвы дом”. Сталічныя ўлады ўвасобілі тут выдатную ідэю: сабраць пад адным дахам тавары лепшых айчынных брэндаў.
Аб’ект працуе трэці год, таму яшчэ не такі папулярны, як, скажам, размешчаны па-суседстве гандлёвы цэнтр “Дана Мол”. Затое тут няма натоўпаў і мітусні: можна спакойна прайсціся па павільёнах, разгледзець тавар і набыць яго напрамую ад вытворцаў. Прадстаўлена ж на трох паверхах літаральна ўсё: ад “Пінскдрэва” і “Віцебскіх дываноў” да “Ганны” і “Камунаркі”.
Але адзін з павільёнаў хочацца вылучыць асобна – гэта “Лясны домік”, дзе прапануюць розныя сувеніры і вырабы з дрэва. Ушачанам, напэўна, будзе цікава даведацца, што сярод тавараў тут ёсць і работы нашай зямлячкі – удзельніцы народнай студыі “Адраджэнне” Вольгі Мурашовай. Яе карціны на драўляных спілах ахвотна набываюць пакупнікі.
“Наша супрацоўніцтва з “Лясным домікам” доўжыцца ўжо каля года. У сваіх работах імкнуся перадаць прыгажосць беларускай прыроды, адлюстраваць багацце нашай лясной фауны. Вельмі прыемна, што маю творчасць заўважылі і я атрымала магчымасць прадстаўляць нашы Ушачы на самай вялікай нацыянальнай гандлёвай пляцоўцы, – падзялілася з намі мастачка”.
Апошнім часам “Першы нацыянальны гандлёвы дом” пачалі ўключаць у экскурсійныя маршруты, таму тут нярэдка можна ўбачыць кампаніі замежных турыстаў. Зазірніце і вы ў гэты ўтульны і велічны цэнтр – размешчаны ён ля станцыі метро “Усход”, а працуе штодня з 10.00 да 22.00.
Наталля БАГДАНОВІЧ.


