Новый мусоровоз и евроконтейнеры. Ушачи переходят на современную систему сбора отходов

Общество

Напэўна, многія ўшачане ўжо прыкмецілі на вуліцах райцэнтра новенькі яркі смеццявоз, заўважылі і еўракантэйнеры, якія з’явіліся на некаторых пляцоўках. Раней такія скрыні можна было ўбачыць толькі ў сталіцы і буйных гарадах, зараз жа імі абсталёўваюцца і невялікія населеныя пункты.

У апошнія гады ў Беларусі актыўна ўдасканальваецца сістэма збору і перапрацоўкі смецця, мадэрнізуецца транспартны парк і кантэйнерная гаспадарка прадпрыемстваў ЖКГ. Робіцца гэта ў рамках Нацыянальнай стратэгіі па звароце з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ў рамках падпраграмы “Мэта 99” дзяржаўнай праграмы “Экалогія”.

Умяшчальныя і даўгавечныя
Смеццявоз айчыннай вытворчасці, а таксама кантэйнеры сучаснай канфігурацыі ўшацкае камунальнае прадпрыемства набыло за бюджэтныя сродкі. Нядаўна камунгасаўцы атрымалі першую партыю ацынкаваных і пластыкавых ёмістасцяў і пачалі іх устаноўку.

“Для гэтага нам неабходна правесці рэканструкцыю некаторых пляцовак, у прыватнасці, зрабіць на іх плаўныя з’езды, бо для выгрузкі кожную скрыню (яны абсталяваны чатырма коламі) трэба падкаціць да машыны. Апроч таго, паколькі канструкцыя смеццявоза прадугледжвае заднюю загрузку, яму патрэбна крыху больш прасторы, каб пад’ехаць да пляцоўкі. У сувязі з гэтым нам даводзіцца нават пераносіць некаторыя з іх. Зрэшты, усе прыгаданыя моманты – вырашальныя”, – тлумачыць майстар па добраўпарадкаванні УП ЖКГ Ганна Талалуева.

Канечне, у памочніка, які выязджае ў рэйс разам з вадзіцелем, дадалося абавязкаў, што можна лічыць “мінусам”. Аднак “плюсаў” значна больш. Еўракантэйнеры зроблены з даўгавечных матэрыялаў, іх не трэба будзе пастаянна рамантаваць. Яны ўмяшчальныя (1,1 кубаметра замест 0,75 у ранейшых) – а значыць, там, дзе стаяла тры скрыні, цяпер хопіць дзвюх, ды і вывозіць смецце можна будзе радзей. Відавочна, што ўсё гэта дазволіць зменшыць эксплуатацыйныя расходы камунальнікаў.

Калі ва Ушачах паставяць еўраскрыні, ранейшыя, якія маюць добры стан, “пераедуць” на вясковыя пляцоўкі і заменяць зношаныя.

Новыя кантэйнеры закрываюцца! Напэўна, камусьці гэта і не спадабаецца (цяпер не адправіш да іх з пакетамі малых дзяцей, якім будзе цяжка падняць крышку), але затое смецце не будзе разлятацца па наваколлі і распаўсюджваць непрыемны пах. У ёмістасцях нават прадугледжаны на дне зліўныя адтуліны, каб іх можна было памыць.

Еўраскрыні ўжо ўстаноўлены ля аўтастанцыі, цэнтральнай кацельні, на вуліцах Лабанка, Радыёнава, Авангарднай, Віцебскай – і гэта работа вядзецца далей.

Працягваем сартаваць!
Варта звярнуць увагу на тое, што ў еўракантэйнерах, якія прызначаны для шкляных і пластыкавых бутэлек, маюцца спецыяльныя адтуліны – праз іх і трэба кідаць у ёмістасць адпаведную пустую тару. Не ў пакетах, як многія рабілі гэта раней, а паасобку! Прадугледжана такая канструкцыя спецыяльна, каб у скрыні не выкідвалі іншае смецце.

Дарэчы, за час, пакуль рэалізуецца праект “Мэта-99”, узровень выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў у Беларусі павялічыўся амаль утрая і па выніках мінулага года склаў 48,9%. Па гэтым паказчыку мы апярэджваем усе краіны СНД і шэраг еўрапейскіх дзяржаў.

Па старой звычцы…
Як гэта нярэдка бывае, новаўвядзенні падабаюцца не ўсім – асобныя людзі не хочуць мяняць тое, да чаго прывыклі. Так, некаторыя жыхары Віцебскай выказвалі незадаволенасць, што месцы, дзе яны раней паркавалі машыны, цяпер давялося вызваліць для пад’езду смеццявоза. А ёсць і ўвогуле абуральныя факты: пасля таго, як камунгасаўцы перанеслі ў гэтым мікрараёне адну з пляцовак, асобныя грамадзяне не захацелі “перастройваць маршрут” і працягваюць насіць пакеты са смеццем на тое месца, дзе раней стаялі кантэйнеры. Не спыняе іх нават тое, што літаральна ў кожным двары вісяць камеры відэаназірання, па якіх можна лёгка вызначыць парушальнікаў. Ну, што тут скажаш: відаць, узровень самасвядомасці ў іх не большы, чым у кацянят, якія ўпарта робяць лужы на падлозе, хоць побач стаіць латок.

“На грамадзяніна, які выкідвае смецце не ў кантэйнеры, урны і іншыя месцы часовага захоўвання адходаў, можа быць накладзены штраф да 30 базавых велічынь”, – нагадвае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Шук.
* * *
Бездакорна адладзіць сістэму звароту з адходамі няпроста. Мы хочам, каб не псавалі настрой перапоўненыя кантэйнеры, не насіў вецер па вуліцах смецце. Але ці шмат сярод нас знойдзецца жадаючых прафесіянальна займацца “бруднай справай”? Дык давайце паважаць працу тых, хто ўсё ж на гэта згадзіўся і штодня шчыруе, каб наўкол быў парадак.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *