З жыхарамі аграгарадка Ільюшына на гэтым тыдні сустрэўся член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, наш дэпутат у аблсавеце, начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мялешкін.
Вяскоўцы мелі магчымасць задаць сенатару хвалюючыя пытанні, але найбольшая ўвага падчас сустрэчы была ўдзелена тэме бяспекі, гібелі людзей ад знешніх прычын. Толькі на пажарах сёлета ў краіне загінула ўжо 300 чалавек. Сяргей Мікалаевіч параіў усім устанавіць у сваім жыллі аўтаномны пажарны апавяшчальнік, прывёўшы доказ, што ён патрэбны: днямі ў Лунінецкім раёне прыбор выратаваў сям’ю з шасці чалавек, якія ноччу спалі і не адчувалі, што ў доме адбылося ўзгаранне.
Напярэдадні летняга сезона С.Мялешкін нагадаў і аб правілах паводзін на вадзе, акцэнтаваў увагу на недапушчальнасці купання ў стане алкагольнага ап’янення і пакідання дзяцей без нагляду ля вады. Былі закрануты тэмы здаровага ладу жыцця, інфармацыйнай бяспекі і выхавання дзяцей.