Итоги XXII районной научно-практической конференции среди школьников «В науку первые шаги»

Образование и молодежь

XXII раённая навукова-практычная канферэнцыя “У навуку першыя крокі” традыцыйна стала не толькі аглядам вынікаў даследчай работы школьнікаў Ушаччыны, а і стартам для ўдзелу ў адпаведных рэспубліканскіх і абласных конкурсах. У ёй сёлета паспрабавалі свае сілы 32 вучні 2-11 класаў з усіх школ раёна.

Прыемна, што школьнікі кожнай установы трапілі ў лік пераможцаў. Традыцыйна самую вялікую колькасць дыпломаў (10) прынеслі сваёй школе юныя навукоўцы з гарпасёлка, тры ўзнагароды – у глыбачанцаў. Самым запатрабаваным напрамкам аказаўся прыродазнаўча-матэматычны. Свае работы па фізіцы і біялогіі прадставілі 15 школьнікаў, 6 з якіх – вучні 10 класа інжынернага профілю Ушацкай СШ (настаўнік – В.М.Герцык).

У намінацыі “Пачатковыя класы” дыпломамі I ступені адзначаны Ксенія Дрозд і Дар’я Вашыла (3 “В” Ушацкай СШ, настаўнік – Д.Д.Калбасава), якія даследавалі паходжанне герба Ушацкага раёна, а іх аднакласніца Ганна Сакалова прасачыла шлях стварэння хлеба – ад зярнятка да каравая. Дыпломы ІІ ступені атрымалі Яна Пацэйка (4 “Б” Ушацкай школы, В.В.Ларчанка), якая расказала пра свайго прадзеда, Аляксей Церашкавец (2 клас Глыбачанскай СШ, Т.І.Церашкавец), работа якога датычылася дамашніх жывёл. Дыпломы ІІІ ступені – у Алесі Філімонавай і Яны Дарашкевіч (4 клас Вялікадолецкай СШ, Г.В.Пугач), Багдана Ігнатовіча і Марка Карымава (4 клас Арэхаўскай школы, Г.С.Сазонава).

У намінацыі “Прыродазнаўча-матэматычныя дысцыпліны, тэхналогія” дыпломы I ступені атрымалі Валерыя Урбан (Ільюшынская СШ, Г.М.Аўсіевіч), Арына Апёнак і Ірына Коршун (Ушацкая СШ, В.М.Герцык), II ступені – Сафія Ісаева (Арэхаўская школа, Т.У.Ліленка) і Дзяніс Лаюшка (Ушацкая школа, В.М.Герцык), ІІІ ступені – Васіліса Арцюх, Вікторыя Байцова, Кіра Бугай, Дар’я Жахоўская (Ушацкая СШ, А.М.Жук), Міхаіл Зелянік і Аляксандр Калясінскі (гэтая ж установа, В.М.Герцык).

У намінацыі “Сацыяльна-гуманітарны напрамак” дыпломам I ступені па грамадазнаўстве і III – па геаграфіі адзначаны работы Яраславы Ліпаўкі і Дар’і Маковіч (Ушацкая СШ, М.У.Міхайлава, М.У.Малаткавец), II ступені – Кіры Акулёнак і Кіры Чуваховай (Глыбачанская школа, Д.У.Герцык).

У намінацыі “Краязнаўства” дыплом I ступені атрымала Уладзіслава Урбан (Ільюшынская СШ, В.І.Грак.), II – Ганна Башун (Глыбачанская школа, Л.В.Каліноўская), III – Дар’я Клачок (Ушацкая СШ, Т.У.Крахотка).

Узровень даследчых праектаў аказаўся даволі высокім, а іх выканаўцы праявілі эрудыцыю, уменне адбіраць ключавыя моманты ў вялікім патоку інфармацыі, аналізаваць і абагульняць іх. Парадавалі таксама ўзровень афармлення і ўпэўненая абарона праектаў.

Тамара РУСАК, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *