Ушачский лесхоз провёл зарыбление озера Тартак

Общество

Ушацкі лясгас правёў на мінулым тыдні зарыбленне возера Тартак. Нагадаем, што два гады таму прадпрыемства ўзяло гэты вадаём у арэнду, і адной з умоў адпаведнага дагавору з’яўляецца папаўненне возера рыбнымі рэсурсамі.

Праводзіцца яно згодна з планам, складзеным на аснове рыбаводна-біялагічнага абрунтавання, распрацаванага навукоўцамі. І ў гэты раз лясгасаўцы ў прысутнасці супрацоўнікаў прыродаахоўных інспекцый выпусцілі ў вадаём 54 тысячы лічынак шчупака.

– Пры спрыяльных умовах да сёлетняй восені гэтая малеча прыкметна падрасце – рыбінкі дасягнуць даўжыні 20-25 сантыметраў і вагі 150-200 грамаў, а праз тры-чатыры гады стануць дарослымі асобінамі – і толькі тады будуць лічыцца законным трафеем, – распавядае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Шук.

– Паколькі гэта каштоўны від рыбы, для яго ўстаноўлена мера вылаву ў 40 сантыметраў, а таму нагадваем, што пры выпадковай здабычы шчупака, які не дасягнуў такога параметру, яго варта адразу вярнуць назад у вадаём. За парушэнне гэтага правіла прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, – развівае тэму супрацоўнік Полацкай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Аляксандр Зіновік.

Рыбапасадачны матэрыял прыбыў на Тартак з сялянска-фермерскай гаспадаркі “Нежлева”, што на Полаччыне. Зарыбленне лясгас праводзіць за кошт сродкаў, атрыманых ад продажу пуцёвак на платнае аматарскае рыбалоўства.

– Апроч шчупака ў нашым возеры водзіцца акунь, лешч, карась, сом – і яно карыстаецца папулярнасцю ў аматараў актыўнага адпачынку, – расказвае ляснічы Вялікадолецкага лясніцтва Васіль Паршонак. – Мы, у сваю чаргу, ствараем належныя ўмовы для гасцей: як бачыце, тут абсталяваны некалькі пірсаў і месцаў адпачынку, узведзены альтанкі, маюцца вогнішчы з дрывамі. Аплаціць пуцёўку можна не толькі ў нашым лясніцтве ці Ушацкім лясгасе, а і праз АРІП (QR-код маецца на сайце прадпрыемства, інфармацыйных стэндах ля возера). Кошт на адны суткі для лоўлі з берага складае 10 рублёў, з лодкі і на падводнае паляванне – 15, але куды больш выгадна набываць пуцёўку на месяц або год. Для жыхароў Царкавішча, Заазер’я і Вялікіх Долец, пенсіянераў, ветэранаў баявых дзеянняў і дзецей да 16 год прадугледжана 50-працэнтная скідка. Да слова, месцы ў альтанках на некаторыя летнія дні ўжо забраніраваны, так што калі маеце планы змястоўна адпачыць у нашым маляўнічым куточку – паклапаціцеся пра гэта загадзя!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *