На всю жизнь товарами не запасёшься…

Общество

“Аб гандлёвым абслугоўванні наcельніцтва за 4 месяцы 2011 і далейшых перспектывах”. Што і казаць, гэта пытанне ў сённяшняй сітуацыі мае асаблівую актуальнасць і было вынесена на пасяджэнне райвыканкама невыпадкова. Намеснік старшыні райвыканкама В.В.Дзямешка не проста агучыла лічбы, што склаліся за справаздачны перыяд, а зрабіла аналіз сітуацыі на гандлёвым рынку раёна. Перад усімі суб’ектамі гандлю, а акрамя старшыні праўлення райспажыўтаварыства на пасяджэнні прысутнічалі і ўласнікі прыватных магазінаў, перш за ўсё пастаўлена задача захоўваць асартымент, рэжым работы, кантраляваць гандлёвыя надбаўкі, а таксама ўсе астатнія патрабаванні гандлю.

Ці бедныя мы?

Сёння крыху дзіўна гучыць, што рознічны тавараабарот за 4 месяцы выкананы адносна мінулагодняга перыяду толькі на 113,8 працэнта пры заданні 115,5. Як адзначыла В.Дзямешка, недастатковы асартымент, якасць абслугоўвання робяць сваю справу, хоць грошы, як паказалі падзеі апошніх тыдняў, у насельніцтва ёсць.
У маі назіраўся ажыятажны попыт. Не павышаны, напрыклад, сезонны на цукар, воцат, соль, а менавіта ажыятажны. Рэалізацыя цукру павялічылася ў 4 разы, і асобныя магазіны за 2 дні выконвалі трохмесячную норму. Калі 10 тон солі раней прадавалі паўгода, то зараз гэты аб’ём перакачаваў у сховішчы людзей за 3-4 дні. Тавар проста аказаўся сродкам укладання грошай, наколькі выгадным, ніхто асабліва не думаў. Падганяла: “Заўтра будзе даражэй”. Два тыдні таму з паліц прамысловых магазінаў знікалі апошнія электратавары, прадаўцы збіваліся з ног, выносячы са складоў цукар, соль, парашок. І трэба адзначыць, што не ўшачане былі ініцыятарамі неразбіральнага “хапуна”. Паніка ішла з гарадоў, а іх жыхары, прыехаўшы на выхадныя, “правяралі”, што ў нас засталося па “старых цэнах”.
Наша райспажыўтаварыства, трэба сказаць, аказалася на вышыні. Нават у мінулыя выхадныя, калі свае і чужыя скуплялі крупы, цукар на запас, паліцы не засталіся пустымі ні на гадзіну. За соллю да нас прыязджалі нават з Лепеля, цыгарэтамі запасаліся глыбачане, амаль бесперапынна быў цукар, хаця яго не выносілі пачкамі, а вывозілі ўпакоўкамі. Пакупнікоў між тым зразумець можна – новыя цэны ўражваюць…, але не пужаюць!!! У гэтым пераконваюць лічбы. Толькі за май было прададзена тавараў на 5 мільярдаў 555 мільёнаў, калі за адпаведны перыяд мінулага года – больш трох. На аднаго жыхара, а ўлічваюцца нават немаўляты, толькі райспажыўтаварыствам прададзена на 360 тысяч рублёў, што ў паўтара разы больш за звычайны месяц.
З панчох, шклянак, дэпазітаў грошы перакачавалі ў тавар. Патрэбны-непатрэбны, асабліва не высвятлялася. І затаварваецца кожны не на дзень-два, а на колькі хапіла наяўных. Мэбля, халадзільнікі, тэлевізары… усё, што стаяла месяцамі, перамясцілася ў кватэры, дамы, гаражы… Літаральна за 2 дні ў прыватны мэблевы магазін выгрузілі некалькі фур, прычым з таварам, падаражаўшым у два разы на корпусную мэблю і паўтара на мяккую. Толькі з’явіліся пральныя машыны ў магазіне “Дамавёнак” па кошце большым на паўмільёна за штуку, як і яны аказаліся “распісанымі”. Завезлі ва ўнівермаг халадзільнікі па цэнах на асобныя мадэлі даражэй на 50 працэнтаў, і шчаслівымі лічаць сябе іх уладальнікі. Ці прагадалі?

Хто рэгулюе цану

Заўважыла, што ў “Кулінарыі” знікаў традыцыйны салат “Несвіжскі” са сталовых буракоў з селядцом. Немудрагелісты такі салацік, мінімум кампанентаў, ды і тыя – самыя што ні ёсць традыцыйныя і танныя… да нядаўняга часу. Буракі (польскага паходжання) на мінулым тыдні завезлі па 13 тысяч за кілаграм! Ну а селядзец у нашых рэчках наогул не водзіцца (“Санта-Брэмар”, па інфармацыі газеты “Народнае слова”, падняў цэны на 70 працэнтаў).
У тым, што выраслі цэны на імпартны тавар – нічога дзіўнага няма. Але ці толькі ад курсу залежыць кошт. Чаму аднолькавы тавар можна заўважыць з вялікім разыходжаннем у цане, чаму падаражэлі паслугі і айчынны тавар. Прэзідэнт краіны, высвятляючы склаўшаеся становішча, загадаў кантралюючым органам самым жорсткім чынам прасякаць неабгрунтаваны рост цэн. Урадам у канцы мая замацаваны спіс самых неабходных прадуктаў (пашыраны, у параўнанні з папярэднім), кошт на якія рэгулюецца дзяржавай і не будзе расці.
Як абстаяць справы ў нас. Вера Валер’еўна, прааналізаваўшы становішча, адзначыла, што ў нашым раёне цэны не вышэй, чым у астатніх, а на многія пазіцыі нават ніжэй. Наша райспажыўтаварыства не нажывалася ў нестабільны час, не рабіла пераацэнак, мы і сёння можам заўважыць побач тавар са старога завозу і новага, дарэчы, таксама было і ў магазіне “Славянушка”, “Дамавёнак”, іншых прыватных. Пры вызначэнні гандлёвай надбаўкі райспажыўтаварыства і сёння апіраецца на пастанову Міністэрства эканомікі “Аб гандлёвых надбаўках да цэн на сацыяльна значныя тавары”. Як паведаміў старшыня праўлення Ушацкага райспажыўтаварыства У.М.Круглік, па іх сістэме гандлёвыя надбаўка не падымаліся, за выключэннем невялікай групы прамысловых тавараў, нават калі былі зняты ўсе абмежаванні. Хоць і не ўваходзяць у пералік сацыяльна значных кансервы, вэнджаныя каўбасы і іншае, надбаўка на іх такая ж, як на мяса, свежую рыбу. На 10-20 працэнтаў зніжана гандлёвая надбаўка на парашкі, будзе зроблена ўцэнка летняга абутку, усяго 6 працэнтаў яна складае на яблыкі, 3 – на капусту. 

Купляем беларускае

Цяпер гэты заклік як ніколі актуальны, паколькі на айчынныя тавары кошт хоць і расце, але не скача, як на замежныя. Па гэтай прычыне гандлёвыя арганізацыі імкнуцца завозіць беларускі тавар. Так, у тым жа магазіне “Славянушка”, дзе быў вялізны выбар цукерак і пячэння украінскай, расійскай вытворчасці, зараз асартымент складаецца пераважна з прадукцыі беларускіх фабрык.
Вельмі складана зараз захоўваць асартымент і райспажыўтаварыству, вага якога, дарэчы, 73 працэнты ў агульным аб’ёме рэалізацыі, паколькі большую частку тавару атрымлівалі праз аптовыя базы, дзе свая сістэма размеркавання. На пэўныя тавары проста чарга, як напрыклад, на Баранавіцкія мыючыя сродкі, ну а на некаторыя групы заяўкі проста не прымалі. Гэта датычыцца будаўнічых матэрыялаў, тытунёвых вырабаў. Аднак, сітуацыя вельмі хутка мяняецца. Ужо пералічаны грошы на цэмент і шыфер, кошт на якія, прычым, падняўся нязначна. Пра запас жа цэмент набываць не варта – можа сапсавацца, таксама як і многія іншыя рэчы. Яшчэ адзін прыклад “практычнасці”: давялося ў годзе 2009 падвозіць спадарожніцу, якая ў размове паскардзілася, як надакучыла карыстацца “Лотасам”, набытым у пачатку дзевяностых. І з роднымі падзялілася, і нормы перавышае, столькі новага з’явілася, купіць хочацца, а даводзіцца карыстацца “зэканомленым”. Прамысловасць не можа адразу забяспечыць кожнага на два дзесяткі год. І ці трэба гэта?
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *