Сустрэчу з ільюшынскім механізатарам Антонам Коўшалем (на здымку) мы планавалі даўно: шмат добрых слоў у адрас хлопца чулі падчас сёлетняй пасяўной ад кіраўніцтва і работнікаў гаспадаркі. Менавіта яму перадаў сваю сеялку ветэран “Ільюшынскага” Анатоль Усовік, які на працягу многіх сезонаў быў галоўнай “баявой адзінкай” на гэтым адказным працэсе, але вырашыў завяршыць сваю слаўную аграрную кар’еру. І Антон аказаўся дастойным пераемнікам!
Праўда, адлюстраваць яго на здымку менавіта з пасяўным агрэгатам нам не ўдалося – крыху спазніліся: прыбыў з капрамонту замацаваны за маладым аграрыем “Кіравец”, і ў сераду Антон выехаў на палеткі з культыватарам. Пасля дажджоў поле ў нізіне за аграгарадком, якое сёлета адведзена пад кукурузу, было гразкім, колы магутнай тэхнікі перыядычна заглыбляліся – і хлопцу даводзілася дэманстраваць вадзіцельскі спрыт, якога, зрэшты, яму не займаць.
“Канечне, пачатак сезона аказаўся хвалюючым: меў некаторы вопыт работы на невялікай сеялцы, а вось 6-метровую зачапіў упершыню. Асвоіць яе дапамог сябар і калега Дзмітрый Бурак, ды і Анатоль Віктаравіч Усовік заўсёды быў гатовы падказаць па тэлефоне любую інфармацыю пра сваю любімую тэхніку”, – з удзячнасцю зазначае Антон. Расказвае таксама, што работнікі майстэрні годна падрыхтавалі да сезона МТЗ-3022 – і тэхніка з 16-гадовым стажам не падвяла.
Дарэчы, гэты трактар з сеялкай мы ўбачылі на суседнім полі: у кабіне Антона змяніў не менш дастойны работнік – Максім Целепень. Здаецца, зусім нядаўна мы фатаграфавалі механізатара сярод глыбачанскіх краявідаў – роднай гаспадарцы ён прысвяціў 17 год, зараз жа шчыруе ў ДРБУ-105, а ў “Ільюшынскі” прыбыў у якасці шэфа. “Аграрны сектар не адпускае! – усміхаецца Максім. – Ды я і не супраць: работа ж добра вядомая. Да слова, тут працуе на МАЗе і мой зямляк Васіль Качан: з аграгарадка нас дастаўляюць разам з работнікамі “Сафійскіх дароў”, дзе ў штаце нямала глыбачанцаў”.

Выпрабавалі ільюшынцы ў справе і атрыманы сёлета ў якасці дзяржаўнай дапамогі шыроказахопны пасяўны агрэгат: на ім Аляксандр Майсеенка запрацоўваў рапсавыя палеткі. А на кукурузным полі мы ўбачылі сеялку дакладнага высеву, якая папоўніла арсенал гаспадаркі летась. Нязменны перадавік Анатоль Спірыдзёнак без праблем разабраўся з новай тэхнікай, выпускаюць якую лідскія машынабудаўнікі. Прызначана яна для сяўбы кукурузы, гароху, сланечніку, іншых культур, дыяметр насення якіх больш 2,5 міліметра, а таксама агародніны. “Паколькі ўсё жыццё прысвяціў механізатарскай справе, ужо маю права на атрыманне пенсіі па ўзросце, аднак вырашыў пакуль застацца і дапамагчы роднай гаспадарцы”, – падзяліўся з намі ветэран працы і ахвотна прадэманстраваў магчымасці новай сеялкі. Яна досыць лёгкая, каб агрэгаціравацца з МТЗ-1221, і зручная для дробнаконтурных палёў, на дысплэі адлюстроўваецца інфармацыя пра работу кожнага з васьмі высяваючых апаратаў, што дазваляе кантраляваць якасць сяўбы, не выходзячы з трактара. У кабіне ў Анатоля Дзмітрыевіча, да слова, заўжды вельмі ўтульна: парадак, акуратнасць – характэрныя рысы яго натуры, як і выключная руплівасць.
Добрых слоў заслугоўваюць і іншыя работнікі гаспадаркі, якія ўносяць сваю лепту ў стартавы адрэзак, што задае тон усяму сезону.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

