Всё начинается с семьи!

Главное Общество

Усё пачынаецца з сям’і! У ёй прывіваюцца любоў да радзімы, клопат аб бліжніх, адносіны да працы і зямлі. Так называецца і наша рубрыка, у якой мы расказваем пра ўшачан, традыцыі якіх вартыя пераймання. А такіх сярод нас шмат – па даных апошняга перапісу ў раёне пражывала 3679 сямей. Больш паловы з іх ужо выпусцілі ў свет сваіх дзяцей, а 1016 – яшчэ выхоўваюць, прычым, 106 на сёння маюць статус мнагадзетных.

Хоць усе шчаслівыя сем’і падобныя адна на адну, кожная тым не менш моцная сваімі традыцыямі. У Віталя Ягорава і Вікторыі Футчык яна ў тым, каб выхадныя праводзіць разам на сваёй дачы ў аграгарадку Глыбачка. Гэты маляўнічы куток віцябчане выбралі невыпадкова. Віка лічыць сябе мясцовай – тут вельмі часта гасціла ў цёткі Людмілы Міхайлаўны Багрэц, а ў Загаваліне жыла яе бабуля Зінаіда Аляксандраўна Рабцун. Любоў да сваё малой радзімы яна перадала і мужу, які, дарэчы, таксама мае прывязку да раёна – намеснікам старшыні райвыканкама працуе яго бацька Генадзь Міхайлавіч Ягораў. У мінулыя выхадныя ў сям’і было мнагалюдна – усе сабраліся на 19-годдзе Багдана. І ён, і маленькі Максім у свой час абавязкова перанясуць гэтыя цёплыя сямейныя ўспаміны на ўласных дзяцей.

Гэтае свята адзначаецца ў Беларусі з 1998 года. Традыцыйна праходзіць шмат дабрачынных акцый і проста цікавых мерапрыемстваў, у якіх таты, мамы і дзеці разам займаюцца спортам, разгадваюць рэбусы, спяваюць і малююць. Як дома, як і ў выхадныя, як і павінна быць. Міжнародны дзень сям’і і быў заснаваны, каб умацаваць ролю гэтай ячэйкі грамадства, каштоўнасці якой у свеце апошнім часам пахіснуліся, а дэмаграфічная сітуацыя ў развітых краінах выклікае трывогу.

У нашай рэспубліцы вельмі многае робіцца для таго, каб сем’і былі поўнымі і шчаслівымі. Сямейны капітал і бясплатнае жыллё, трохгадовы дэкрэтны адпачынак і дапамогі па доглядзе, дадатковы выхадны дзень і бясплатнае харчаванне ў школах. І прыемна, што ў краіне ўжо 9,2 працэнта сямей маюць трое і больш дзяцей.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *