С начала года в Ушачском районе введено в эксплуатацию 2810 кв.м жилья

Общество

Развіццё немагчыма без будаўніцтва жылля. Сёлета Ушацкаму раёну даведзена заданне па ўводзе ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў у 4500 квадратных метраў. Выканаць яго плануецца за кошт будаўніцтва індывідуальнага жылля. Як яно ідзе на тэрыторыі сельсаветаў, абмяркоўвалася на апошнім пасяджэнні райвыканкама.

Заданні для сельсаветаў складаліся зыходзячы з іх магчымасцей. Так, найбольшыя плошчы ў Вяркудскім і Сарочынскім – па 1050 квадратаў, Жарскім і Ушацкім – па 560. За студзень-ліпень індывідуальнымі забудоўшчыкамі ўведзена ў эксплуатацыю 20 новых жылых дамоў і 80 – пасля праведзенай рэканструкцыі. Агульная плошча ўведзенага жылля адпавядае 2810 квадратных метраў, што складае 63% да гадавога задання. Пакуль адстаюць у гэтай справе Вялікадолецкі, Вяркудскі і Кубліцкі сельвыканкамы, аднак усімі праводзіцца тлумачальная работа з патэнцыяльнымі забудоўшчыкамі, у якіх дамы гатовы да прыёмкі ў эксплуатацыю – выкананы асноўныя будаўніча-мантажныя работы – сцены, столь, падлога, а таксама інжынернае забеспячэнне (ацяпленне, электразабеспячэнне, водазабеспячэнне і водаадвядзенне па неабходнасці). Выкананне ўнутранай і вонкавай аддзелкі для ўводу ў эксплуатацыю не абавязкова.

  • Нагадаем, што для будаўніцтва дома і ўводу яго ў эксплуатацыю даецца 3 гады (тэрмін адлічваецца з моманту дзяржрэгістрацыі зямельнага ўчастка). За гэты перыяд неабходна заліць падмурак, узвесці сцены і дах. Калі не ўкладваецеся ў гэты тэрмін, то яго дазваляецца падоўжыць на 2 гады (скарыстацца такім правам можна адзін раз). Калі і гэтага часу вам не хапае, то будынак можна закансерваваць – гэта значыць фактычна падоўжыць тэрмін яшчэ на 3 гады. Важна ўкладвацца ў тэрмін, у адваротным выпадку выканкам мае права прыняць рашэнне аб канфіскацыі зямельнага ўчастка.

Вялікая частка ўведзеных у строй “квадратаў” – вынік рэканструкцыі дамоў, калі жыхары раёна пашыралі ца паляпшалі свае плошчы. Тут варта адзначыць, што прыбудовы кшталту веранды, мансарды і іншага павінны быць узаконены і адлюстраваны ў тэхпашпарце на дом. У адваротным выпадку такое будаўніцтва лічыцца “самаволкай”, за якую можна атрымаць штраф ці займець праблемы ў далейшым пры ажыццяўленні натарыяльных дзеянняў. Да 2028 года згодна Указа Прэзідэнта №253 дзейнічае спрошчаны парадак прыёмкі ў эксплуатацыю аднакватэрных жылых дамоў (распаўсюджваецца на аб’екты, якія размяшчаюцца на зямельных участках, прадастаўленых для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў і права на якія ўзніклі ў грамадзян да 1 верасня 2022 г.). Станоўча адзначана работа па ўвядзенні ў эксплуатацыю такіх аб’ектаў ва Ушацкім сельсавеце. “Прыбудовы да дома з блокаў ці дрэва вельмі прыкметныя, таму калі падчас аб’ездаў па вёсках іх бачым, то размаўляем з гаспадарамі, звяраем з тэхпашпартам, тлумачым, што трэба зрабіць, куды звяртацца”, – падзяліўся вопытам выконваючы абавязкі старшыні Ушацкага сельвыканкама Сяргей Генадзьевіч Глінскі. А вось у Вялікадолецкім сельсавеце наадварот, ніводнага такога аб’екта ў эксплуатацыю сёлета не ўведзена, таму аддзелам архітэктуры і будаўніцтва запланаваны рэйды па выяўленні самавольнай будоўлі.

Старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч, які прымаў удзел у пасяджэнні і абмеркаванні тэмы, у цэлым здавальняюча ацаніў работу па ўводзе жылля ва Ушацкім раёне.

  • У гарпасёлку за 7 месяцаў уведзена ў эксплуатацыю 539 квадратных метраў жылля, гэта 108 працэнтаў да гадавога задання.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *