Прыгожы букет дапоўніць любое свята, ды і без усялякай нагоды парадуе. У гэтым на Ушаччыне ўпэўнены многія – мабыць, таму гандлёвая кропка “ТочкаЦветочка”, размешчаная ў будынку КБА, у любую пару карыстаецца стабільным попытам. Мілыя кампазіцыі з хрызантэм і гіпсафіл, мудрагелістыя спалучэнні гербер і эустом з захапленнем стварае для землякоў Юлія Казачонак.
Яркімі ружамі і духмянымі цюльпанамі ўшачанка захапілася яшчэ ў дзяцінстве, калі разам з маці ўвесь вольны час праводзіла ў палісадніку. У дарослым жыцці на дачы ў Наваселлі сама занялася кветкаводствам, ну а некалькі гадоў таму вырашыла зрабіць сваё хобі прафесіяй.
Што цікава, па спецыяльнасці Юлія – юрыст. Адвучылася ў Смаленску, вярнулася на радзіму і пэўны час працавала на агароднінасушыльным заводзе, кадравіком у ТЦСАН, сакратаром у адным з аддзелаў райвыканкама. Але ж душа патрабавала больш творчага, душэўнага. У той час у райцэнтры быў магазін кветак “Ivona” – і ўшачанка каля двух гадоў займалася ў ім продажам букетаў, з захапленнем назіраючы, як іх стварае ўладальніца кропкі, наша зямлячка Таццяна Кандрацкая. А неяк падумала: чаму б і мне не паспрабаваць?! Перагледзела не адзін дзясятак тэматычных сайтаў, інтэрнэт-старонак – і ў лютым 2022-га аформіла прадпрымальніцтва.
На назапашаныя сям’ёй сродкі Ю.Казачонак арэндавала памяшканне, зрабіла рамонт, набыла спецыяльную вітрыну. Хутка знайшла і пастаўшчыка – свежыя расліны дагэтуль прывозяць у “ТочкуЦветочка” з Мінска.
– Недасыпаць, бегаць з вёдрамі на другі паверх КБА за вадой, ствараць прыгожае без перапынку на ежу і адпачынак, зачышчаць, падразаць кожную кветачку… Справа гэта няпростая, як падаецца многім, – прызнаецца фларыст. – А святы – увогуле выпрабаванне, прычым, не толькі фізічнае, але і псіхалагічнае – рознае ж здараецца. Так, напрыклад, сёлета на 8 Сакавіка нечакана многа аказалася жадаючых набыць букеты. Ужо ў другой палове дня прылаўкі ўсіх ушацкіх гандляроў апусцелі – у ход пайшлі нават чырвоныя гваздзікі. Ну а каб развеяць стэрэатып, што гэта жалобныя кветкі, давялося пачараваць над іх афармленнем.
Правільна сабраць і арыгінальна “апрануць” букет – таксама “задача з зорачкай”: патрабуецца не толькі веданне тэхнік, але і творчы падыход. Аднак Ю.Казачонак з усім удала спраўляецца. Пацвярджэнне таму – яе перамога ў міжрэгіянальным конкурсе “Кветкавы батл”, які праходзіў у 2023-м у Докшыцах у рамках фестывалю траў “Жыватворная сіла”.
Гэтыя майскія дні для Ю.Казачонак таксама насычаныя: наперадзе – апошнія званкі, выпускныя балі… Заказы паступаюць пастаянна: адным патрэбны букет на пэўную суму, другім – з любімых ім ці настаўнікам кветак.
Сама ж Юлія аддае перавагу лілеям, папулярнымі ў пакупнікоў называе хрызантэмы і ружы, а простымі ў рабоце – гваздзікі.
Каб больш даступна рэкламаваць тавар, Юлія вядзе адпаведныя старонкі ў сацыяльных сетках, арганізуе дастаўку букетаў па адрасах. На тэлефоне з пакупнікамі яна нават у свой адзіны выхадны – нядзелю, але на гэта не скардзіцца. Для ўшачанкі фларыстыка – не толькі работа, але і магчымасць дарыць людзям радасныя ўсмешкі. Ад гэтага і сама становіцца шчаслівай.
Ю.Казачонак: “Як уладальніцы кветкавага магазіна мне перасталі дарыць букеты. Ні на што не намякаю, але гэта няправільна (смяецца) – кветак многа не бывае! Была б мая воля, усё навакал імі б засадзіла”.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

