Для 39 юных ушачан канец сёлетняй вясны запомніцца тым, што яны ў апошні раз выйшлі на знаёмую сцэну школы мастацтваў у якасці яе навучэнцаў. А бацькі, што запоўнілі залу ў час развітальнай імпрэзы, з гонарам ацэньвалі тое, чаму за гэты час навучыліся іх дзеці.
Традыцыйна самы вялікі выпуск быў у аддзяленні народных інструментаў, якое сёлета скончылі 10 вучняў. А нязменныя актывісткі Аня Бехава, Злата Клімашэўская, Насця Карпёнак атрымалі не толькі пасведчанні аб заканчэнні школы, а і граматы за выдатную вучобу.
Гэткім жа чынам была адзначана прадстаўніца аддзялення камп’ютарнай графікі Варвара Сінякова. Дзевяць яго выпускнікоў з цікавасцю асвойвалі лічбавую прастору пад кіраўніцтвам маладой настаўніцы Кацярыны Леднік, а атрыманыя навыкі дакладна будуць карыснымі ў далейшым жыцці.
А колькі прыемных хвілін прынеслі землякам падчас раённых канцэртаў юныя танцоры! Нязменны педагог аддзялення Наталля Корнева навучыла іх арганічна пераўвасабляцца ў самыя розныя вобразы – ад шчымлівых ваенных пастановак да віртуозных народных скокаў. “Лёгкасць і сінхроннасць нашых рухаў – гэта плён шматгадзінных рэпетыцый, сінякоў і мазалёў на нагах. Але танец – гэта цудоўная магія, і мы вельмі рады, што навучыліся дарыць яе людзям!”, – прызналіся нам Насця Бялко, Віка Глінская, Аліса Пінчук, Ксюша Дукмасава, Нэлі Абозава, Вераніка Владзіёнак, Аня Дрозд і Арына Пугач. Дарэчы, усе васьмёра выпускніц атрымалі граматы і падзякі за актыўны ўдзел у творчым жыцці школы.
Сцяжынку да кожнага сэрца могуць знайсці чароўныя гукі фартэпіяна – і гэтым майстэрствам пад кіраўніцтвам педагогаў Святланы Валовай, Галіны Какашынскай і Людмілы Сляцкай авалодвалі Паліна Дрозд, Даша Курбатава і Улада Смаляк. Завяршыўся працэс навучання на харавым аддзяленні для Ані Коршун і Ксюшы Калясінскай – аднак дзяўчаты не збіраюцца развітвацца з любімым калектывам і настаўніцай Жаннай Савіцкай. І канечне, будуць сумаваць па сваім утульным светлым класе і педагогу Айгуль Смык Віка Праннік, Улада Седзіна і іншыя выпускніцы-мастачкі.
Свае пачуцці і эмоцыі ад развітальнага моманту, удзячнасць настаўнікам, якія цярпліва, крок за крокам вялі іх у музычную краіну, бацькам, якія верылі і падтрымлівалі – выпускнікі выказалі ў прыгожых нумарах. А “музыкалка”, якая на працягу некалькіх год была важнай часткай іх жыцця, канечне, назаўсёды застанецца ў сэрцы.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымках: выпускнікі і педагогі харэаграфічнага і фартэпіяннага аддзяленняў.


