Выхадны, водпуск… не мае значэння. Тэлефанаваць раней чым у 9 гадзін Любові Віктараўне Мацыль не трэба. Не таму, што любіць песціцца ў ложку. Падымаецца яна ў 5 гадзін, каб накіравацца на лодцы на рыбалку. “Варта толькі адзін раз закінуць вуду ў час клёву – і забыцца пра гэтае хобі ў вас не атрымаецца ніколі. Гэта задавальненне, якое разумее толькі рыбак. Наогул, асноўны рухавік нашых памкненняў – жаданне, унутраная цяга. Толькі словам “хочацца” магу патлумачыць і свой шматгадовы занятак з дрэвам”, – прызнаецца наша зямлячка.
Ён і быў асноўнай падставай для сустрэчы з музычным кіраўніком дзіцячага сада №3 г.п.Ушачы, якая мае кватэру ў аграгарадку Арэхаўна, але больш часу, ва ўсялякім разе ўлетку, праводзіць у роднай вёсцы Рог 2. Рыбачаць сёння многія жанчыны, а вось ствараюць драўляныя шэдэўры – адзінкі, ну а куфары – больш ніхто. Для Любові Віктараўны ж яны наадварот – любімыя рэчы. У адным захоўваюцца прадукты, у другім – бялізна, у трэцім… яны стаяць у розных пакоях і гэтым тлумачыцца іх прызначэнне. Аднак нідзе я не сустрэла аднолькавага: з круглай драўлянай ручкай, даўгі, падобны на сучасны камод, з металічнымі дугамі, налічнікамі і іншым аздабленнем. “Я магу зрабіць дзве аднолькавыя рэчы толькі для сіметрыі, як гэтыя падстаўкі для кветак, аднак трэцюю – ніколі. Мне нецікава, абавязкова прыдумваю нешта новае”, – тлумачыць жанчына і паказвае нядаўна зробленыя кашпо.
У іх дачы, куды ні кінь вока – усё з дрэва, з аблашчанага яе рукамі ясеню, бярозы, сасны, дуба. Апошні – яе любімы матэрыял з-за тэкстуры, хоць і вельмі складаны ў рабоце па шчыльнасці. Стол у доме – з пазамі і металічнай аддзелкай у ім – проста каб зачапілася вока, у летняй кухні-альтанцы – яшчэ больш прасторны, для кампаніі і таксама без цвікоў. Майстрыха спачатку мацавала дэталі даўгімі шпунтамі, а зараз хавае пад імі самарэзы.
Лаўкі, табурэты, рамы для люстэрак, вешалкі – у лазні таксама ўсё з густам і практычна. Скрыня, упрыгожаная драўляным лістом, служыць для складвання бялізны і сядзеннем. У рамку люстэрка ўмацаваны зрэзы ядлоўцу, якія пры награванні выдзяляюць гаючы водар. Для гэтых жа мэт яна рабіла і пано, якія выдатна ўпісаліся ў зале.
Цяслярнічаў у сям’і бацька Віктар Арсенавіч Первянёнак: рабіў аглоблі, сані, лодкі, апошняму навучыў і зяця. У Аляксандра Аляксандравіча Мацыля – свая вялізная сталярня, а ў Любові Віктараўны – свая. І калі крыху і меней па памерах, затое намнога большая па аздабленні. Чаго тут толькі няма! Дзясяткі лобзікаў, станкоў, нажовак, рубанкаў. Шліфуе дрэва гераіня аповеду зараз сучаснымі інструментамі, а старадаўні інвентар збірае для папаўнення ўласнага музея. Наогул у яе іх два. У доме – магнітолы, прасы, фотаапараты і іншая рэтра-тэхніка, у сталярцы – бацькавы рэчы, а таксама з усёй ваколіцы – ведаючы яе захапленне, на падворак нясуць розную старыну. Доўга думала, для чаго адна з такіх штуковін, потым здагадалася, што гэта аналаг лінейкі, якім на дрэве рабілі адзнакі.
Работы Любові Віктараўны, прычым манументальныя, бачылі ўсе жыхары гарпасёлка, а асабліва бацькі і выхаванцы дзіцячага сада №3. Вялізны карабель-альтанку, што стаяў на тэрыторыі, таксама рабіла яна. Хапае і мініяцюрных рэчаў – пацерак, бірулек, якія шліфуе рукамі зімовымі вечарамі. У цёплы перыяд на гэта зусім няма часу, паколькі ў ідэальным стане ўтрымліваюць дзве сядзібы, аднак максімалістка па натуры не ўсім задаволена. Хоць з’явіліся мы знянацку, на агародзе, у кветніках і на двух паверхах дачы быў поўны парадак. А гаспадыня яшчэ і рыхтавала на зіму венікі. Некалькі ліпавых, карысных пры прастудзе, і шмат бярозавых і дубовых, якія раздае знаёмым аматарам парылкі. Дабаўляе палын і мяту, аднак апошнюю раіць не класці ўнутр, паколькі можа загніць і сапсаваць водар. Дарэчы, каб навучыцца рабіць аптымальныя па памеры і акуратныя, пышныя, як букеты, можна паглядзець наш ролік у Цік-Току, або зайсці на старонку Любові Віктараўны ў Інстаграме. Так, яна яшчэ і блогерша, а таксама летапісец. Правяла і пазнаёміла нас з усімі жыхарамі вёскі, якіх здымала для працягу сваёй стужкі, якую распачала 10 год таму.
Што змянілася? Папрыгажэў родны Рог 2, паколькі існуе паняцце талакі. Не толькі на сваіх падворках парадак наводзяць, але і ў наваколлі. Хаця гэта ўжо іншая гісторыя, і пра жыхароў вёскі мы раскажам асобна. Ну а ў Любові Віктараўны наперадзе шмат задум. Трэба зазначыць, што хоць і займаюцца з мужам агульнай справай, а таму і звяртаюцца за парадамі адзін да аднаго, кола іх інтарэсаў не перасякаецца. Аляксандр заняты выключна лодкамі, ну і зразумела, будаўнічымі работамі. Рукі Любові Віктараўны ствараюць тонкія драўляныя шэдэўры. Усё ўмее рабіць і сын, ну а дачка пераняла яшчэ адно матчына захапленне – музыкай, толькі пайшла далей і скончыла акадэмію. Любоў Віктараўна ў свой час паступіла ў школу мастацтваў, толькі дабірацца ў Глыбачку з Рогу было вельмі нязручна. Таму іграць на баяне вучылася ў педагагічным каледжы.
Вось такія таленавітыя цікавыя людзі жывуць побач з намі, а шматграннай тэкстуры іх інтарэсаў можна толькі пазайздросціць. І яшчэ аднаму – выключнай працавітасці, паколькі каб ажыццявіць свае захапленні, Любоў Віктараўна ўразае сон, не можа дазволіць сабе адпачынак на канапе, а сумяшчае іх з агародам, домам і, канечне, асноўнай работай.
Парада ад Л.Мацыль, як вязаць венікі: “Раблю іх цэльнымі. Галінкі дзялю на тры часткі: даўгія – на асноўную даўжыню веніка, сярэднія ўкладаю з двух бакоў, каб ушчыльніць, гэтак жа, трэцім ярусам – маленькія. Шпагат выкарыстоўваю выключна льняны, раблю два вузлы і абразаю камель прыкладна на 10-12 сантыметраў, даўгая можа параніць руку”.
Вольга Караленка.




