«Какой он сильный, слабый пол». Как Людмила Змитроченко воспитала четверых детей и стала душой деревни Матырино

Общество

Наша сустрэча з Людмілай Змітрачэнка была спантаннай: ехалі па галоўнай вуліцы Матырына, прыглядаліся да прыгожых падворкаў, а ля будынка мясцовага клуба-бібліятэкі ўбачылі жанчыну, якая старанна наводзіла парадак на кветніках. “Можа, Вы нам падкажаце адрасы самых дагледжаных матырынскіх сядзіб?”, – прыпыніліся мы ля яе. “Канечне! Я ж не толькі бібліятэкар, а і старэйшына вёскі, так што вы якраз па адрасе, – усміхнулася тая. – Вось на гэтай вуліцы гаспадары нядаўна бацькоўскі дом адрамантавалі, і далей злева будзе выдатны падворак, а яшчэ на суседнім завулку і ў тым баку…” Ну, вось, прыехалі. Як тут вызначышся, калі наша дарадчыца ледзь не палову вёскі пералічыла?.. Зрэшты, ёсць ідэя! “А на Вашай сядзібе, напэўна, таксама прыгожа?”, – робім хітры ход. “Стараюся, канечне, каб сярод іншых горшай не выглядаць”, – адказвае Людміла Пятроўна. Так і вырашылася пытанне: занатавалі мы адрасы вяскоўцаў у блакноце, а для пачатку накіраваліся на падворак Змітрачэнкаў.

Свежапраполатыя клумбы, акуратныя дрэўцы, штучныя буслікі гуляюць сярод руж, утульны двор з альтанкай – і водар кветак на ўсё наваколле… А ў пакоях прасторнага дома такі бездакорны парадак, быццам гаспадыня загадзя ведала, што будзе прымаць журналістаў. “Гэта – звычка. Не цярплю, калі нешта непрыбрана. Ды і дзеці мае так выхаваны”, – тлумачыць жанчына.

Дарэчы, у 2010-м карэспандэнты “раёнкі” прыязджалі на гэту сядзібу, каб расказаць пра будні мнагадзетнай сям’і. Яе галава Канстанцін Іванавіч працаваў электрыкам у сельгаспрадпрыемстве, ад якога і атрымалі камфортнае жыллё. Старэйшаму сыну Андрэю тады было 17, дзяўчынкі вучыліся ў малодшых класах, а 4-гадовы Дзімка напаўняў дом вясёлым гоманам. Умелыя і руплівыя вяскоўцы і ў хаце, і на падворку ўсё да толку давялі, шмат жывёлы трымалі: каня, дзвюх кароў. Зачынілі садзік, дзе працавала Людміла, і яна цалкам прысвяціла сябе дому і дзецям.

А літаральна праз год здарылася трагедыя – не стала Канстанціна Іванавіча. Сказаць, што было цяжка – нічога не сказаць. Жанчына бралася за любую падпрацоўку – на ферме, у паштовым аддзяленні, шчыравала з падсобнай гаспадаркай. У гэты час сапраўдным мужчынам праявіў сябе Андрэй: перавёўся на завочнае аддзяленне ляснога каледжа і пайшоў працаваць вальшчыкам у Плінскае лясніцтва, потым уладкаваўся ў райгаз.

Між тым і Даша з Насцяй падрасталі – абедзьве добра вучыліся, былі актывісткамі. Дар’я пасля заканчэння Полацкага дзяржуніверсітэта стала рэдактарам сацсетак наваполацкага тэлеканала “Звязда” – шчыра захоплена сваёй работай і ўжо мае прафесійныя дасягненні: асабліва ўдалым атрымаўся яе аўтарскі праект, прысвечаны Вялікай Айчыннай. Анастасія ж абрала спецыяльнасць выхавальніка: працуе ў віцебскай дашкольнай установе з дзеткамі, што маюць асаблівасці развіцця. Дзяўчаты актыўна развіваюць сваю кар’еру, але пры першай магчымасці спяшаюцца ў роднае Матырына: пабачыцца з блізкімі, дапамагчы матулі.

А напрыканцы сёлетняй вясны ўся дружная сям’я адправілася ў Барысаў – падтрымаць Дзіму ў хвалюючы момант прынясення ваеннай прысягі. Нават не верыцца, што малыш з колішняга газетнага фота ператварыўся ў статнага 21-гадовага юнака. Дарэчы, да арміі ён паспеў атрымаць прафесію: па накіраванні Ушацкага лясгаса адвучыўся ў каледжы, пачаў кар’еру ў лесапункце і мае намер зноў вярнуцца ў гэты калектыў. Ну а пакуль будзе набываць ваенныя навыкі.

  • Калі 12 год таму з’явілася вакансія бібліятэкара, Людміла Пятроўна з захапленнем пачала асвойваць новую справу. Прызнаецца, што работа ёй па душы. Ну а прапанову ўзяць на сябе функцыі старэйшыны расцаніла як сведчанне высокага даверу людзей. “Люблю нашу прыгожую вёску і дружных матырынцаў, якіх не трэба ўгаворваць выйсці на суботнік, каб навесці парадак. Пра гаспадарлівасць маіх землякоў сведчыць, напрыклад, і той факт, што летась мы заказвалі камбайн для абмалоту ажно 20 участкаў. Толькі за апошні час некалькі гараджан аднавілі бацькоўскія сядзібы. Перспектыва ў Матырына дакладна ёсць!” – разважае гераіня аповеду.
Андрэй, Анастасія, Дзмітрый, Людміла і Дар’я Змітрачэнкі.

“Ад узнёсласці цырымоніі проста займала дух, – дзеліцца ўражаннямі Людміла Пятроўна. – Дзве з паловай тысячы навабранцаў выстраіліся на вялізным пляцы вучэбнага цэнтра ў Печах, прычым пятая рота, у якую залічылі сына, размясцілася якраз насупраць Прэзідэнта, так што кіраўніка дзяржавы мы бачылі ў лічаных метрах. Дзіма потым расказваў, што хлопцы вельмі хваляваліся – думалі: хоць бы ўласнае прозвішча не забыцца, але ўсё прайшло выдатна! А потым мы некалькі гадзін правялі разам з нашым салдатам: пасядзелі ў кафе, пагулялі, перадалі дамашнія гасцінцы”.

Да слова, як і ва ўсіх, у Змітрачэнкаў ёсць любімыя сямейныя стравы. Калі прыязджаюць дачушкі, гаспадыня абавязкова гатуе блінцы з рознай начынкай. Ну а калі збіраюцца ўсе разам, на стале будуць клёцкі – куды ж без іх на Ушаччыне, а тым больш у Матырыне!

…У дзень нашага візіту ў вялікім доме было ціха, але адчувалася, што гэта часова, бо ў пакоях дарослых дзяцей усё выглядала так, быццам яны толькі што былі тут і разбегліся па сваіх справах. Ды і ў настроі іх матулі не адчувалася самоты і настальгіі. Наадварот, на твары жанчыны свяцілася ціхае шчасце і гонар за тое, што, адолеўшы ўсе нягоды, яна дастойна выканала сваю галоўную місію.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *